26 лiстапада 2024, aўторак, 21:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскія праваабаронцы патрабуюць вызвалення палітвязняў

Польскія праваабаронцы патрабуюць вызвалення палітвязняў

Фонд развіцця дэмакратычных ініцыятыў звяртае ўвагу на пагаршэнне становішча палітычных зняволеных у Беларусі.

У заяве фонду канстатуецца, што ў месцах пазбаўлення волі знаходзяцца беларускія палітвязні Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Ігар Аліневіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Арцём Пракапенка, Павел Севярынец, Мікалай Дзядок, Антон Сурапін, Сяргей Башарымаў, Аляксандр Францкевіч, Сяргей Каваленка, Мікалай Статкевіч, Павел Сырамалотаў і Яўген Васьковіч. Пры гэтым, як адзначаецца ў дакуменце, «у папраўчых калоніях і іншых месцах зняволення ўмовы ўтрымання зневажаюць чалавечую годнасць».

Аўтары заявы адзначаюць, што праваабаронца Алесь Бяляцкі быў абвінавачаны ў парушэнні турэмнага рэжыму, а таксама пазбаўлены права атрымліваць харчовыя перадачы. Зміцеру Дашкевічу пагражае яшчэ адзін год турэмнага зняволення. Адміністрацыя калоніі, у якой знаходзіцца Сяргей Каваленка, пастаянна абвінавачвае яго ў парушэннях,якія нібыта маюць месца быць. Мікалая Статкевіча, былога кандыдата ў прэзідэнты, у калоніі спрабуюць прымусіць падпісаць прашэнне аб памілаванні, піша БелаПАН.

Асаблівая ўвага ў заяве звяртаецца на рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў, якія працуюць у Беларусі. У дачыненні да 20-гадовага Антона Сурапіна вылучана абвінавачванне ў тым, што ён дапамог у незаконным перасячэнні мяжы шведскаму самалёту, які скінуў у Беларусі цацачных медзведзянятаў з цыдулкамі, якія заклікаюць да свабоды слова. Яму пагражае ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

Таксама нагадваецца, што журналіста і актывіста нефармальнага Саюза палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута абвінавацілі ў абразе гонару Аляксандра Лукашэнкі. Пазней Пачобут быў выкліканы ў Следчы камітэт Гродзенскай вобласці, дзе яму паказалі экспертызу фільма «Асуджаны быць палякам». На падставе гэтай экспертызы абвінавачванні яму могуць быць зменены на больш жорсткія.

«У сувязі з пагаршэннем сітуацыі з палітвязнямі ў Беларусі рэдакцыя партала palitviazni.info і Фонд развіцця дэмакратычных ініцыятыў заклікае кіраўніцтва Беларусі прытрымлівацца дэмакратычных прынцыпаў, паважаць правы чалавека, а таксама забяспечыць вяршэнства закона», - гаворыцца ў заяве.

Яго аўтары патрабуюць ад беларускіх улад неадкладнага вызвалення і зняцця абвінавачванняў з усіх палітвязняў у Беларусі. «Мы настойваем на тым, каб урад Беларусі аднавіў у палітычных правах усіх зняволеных па палітычных справах», - гаворыцца ў дакуменце.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках