27 лiстапада 2024, Серада, 18:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Швед-«бамбардзіроўшчык»: Перасяклі мяжу ў раёне выступу

171
Швед-«бамбардзіроўшчык»: Перасяклі мяжу ў раёне выступу

Арганізатар дзёрзкага лёту адказаў на пытанні журналістаў.

Шведы спачатку хацелі захаваць інкогніта, але неверагодная рэакцыя шведскіх і беларускіх СМІ вымусіла іх расчыніцца. «Наша Ніва» напісала на мэйл, указаны на сайце шведскай ініцыятывы, якая ўзяла на сябе адказнасць за смяротна рызыкоўную акцыю, і нам адразу адказалі. П'ер Кромвель (Per Cromwell) расказаў, што акцыю планавалі год, пілот атрымаў правы лётчыка толькі тры тыдні назад. Што мяжу перасеклі ў «раёне нейкага выступу на карце», што сам ён дзяжурыў у Івянцы на машыне і выляцеў у Стакгольм першым рэйсам. Што ў выпадку збіцця машыны планавалася схавацца ў шведскай амбасадзе. Што з самалётам кантактавалі з аэрапорта Менск-1 па-руску, і шведы нічога не зразумелі, але ў выніку пабаяліся ляцець над рэзідэнцыяй Лукашэнкі, як было задумана спачатку.

Першым пытаннем было: ну і як яна, наша сінявокая Беларусь з вышыні птушынага лёту? Уражвае?

- Яны [сябры П'ера, якія былі ў самалёце] былі настолькі засяроджаны на тым, каб даляцець да Менска, што не ўглядаліся. Але калі мы два месяцы таму прыязджалі ў Менск, каб падрыхтавацца да лёту над мясцовасцю - то так. У вас фантастычна прыгожая краіна.

- Так вы так доўга і старанна рыхтаваліся?

- Год! Амаль год!

- А дзе медзведзянят узялі?

- Праз інтэрнэт купілі і прычапілі на іх запіскі.

- Дарэчы, як завецца гэта мадэль?

- Самалёта?

- Медзведзяняці.

- Гм ... медзведзяня, проста мішка.

- Скажыце, а мяжу заўважылі, калі ляцелі? Неяк рэагавалі беларускія і літоўскія сістэмы паветранага кантролю, войска на тое, што вы перасякалі мяжу ў два бакі?

- Ніяк! І гэта нас уразіла. Калі мы планавалі, то разглядалі як асноўны сцэнар, што нас перахопяць, але ніхто нас не заўважыў. Цікава, што і мяжа Літвы, а гэта значыць і Еўразвяза, таксама непрыкрытая.

- А дзе дакладна самалёт перасек мяжу?

- Я не ведаю, як завецца тая мясцовасць. Там такі... вялікі выступ на карце, тэрыторыя Літвы ўразаецца ў Беларусь. [Маецца на ўвазе Дзевянішскі выступ, дзе тэрыторыя Літвы клінам уразаецца ў Беларусь. - НН] Бо гэта самы просты шлях з аэрапорта да Менска. А потым там першае мястэчка. Не ведаю, як правільна яно прамаўляецца: Івянец?

- Івянец.

- Вось, Івянец. Паводле дамоўленасці, я дзяжурыў у Івянцы на машыне. Гэта бліжэй да мяжы. План быў такі: калі б іх заўважылі, то яны б працягвалі лёт. А калі прымусяць сядаць, то я павінен быў іх падабраць і рухацца ў бок Менска, каб паспрабаваць дабрацца да шведскай амбасады.

- Амбасада ведала пра вашу задуму?

- Што вы! Вядома, не. Мы нікому не казалі пра гэта. Мы нават паміж сабой імкнуліся не размаўляць непасрэдна ў Беларусі, бо баяліся, што спецслужбы перахопяць нашы размовы... Дык вось, Івянец ідэальна падыходзіў для мяне, каб чакаць [Івянец, калі зірнуць на карту Беларусі, сапраўды ляжыць амаль роўна на лініі Дзевянішкі - Менск - НН]. Гэта потым ужо мы ўбачылі, што, аказваецца, там блізка знаходзяцца часткі супрацьпаветранай абароны.

- Спачатку «Афтонбладзет» - у артыкуле адразу пасля вашага лёту - напісала, што вы скінулі медзведзяня на рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі. Але на відэа там не рэзідэнцыя, а паўднёвей Менска.

- Так-так. Напісалі, таму што мы планавалі, што дасягнём цэнтра, рэзідэнцыі, і далі такую інфармацыю журналістам. Там у цэнтры наш чалавек дзяжурыў з фотаапаратам.

- Швед ці беларус?

- Швед. Мы свядома нікога з беларусаў не прыцягвалі да сваёй акцыі, бо разумелі, што за гэта чалавеку можа пагражаць.

Дык вось, на падлёце да Менска пілота стаў выклікаць аэрапорт, які ў цэнтры горада [аэрапорт Менск-1 - НН]. І яны пабаяліся ляцець на рэзідэнцыю.

- Што сказаў аэрапорт пілоту?

- У тым і штука, што пілот не зразумеў, што яму казалі. Аэрапорт размаўляў па-расейску, а пілот расейскай не разумее. Вырашылі не рызыкаваць. Скінулі парашутам на жылыя кварталы і паляцелі назад.

- Адразу ў Швецыю?

- Не, па дарозе прызямліліся ў Літве для дазапраўкі.

- У тых жа Пачунах (Pociunai)?

- У тых самых Пачунах. І спакойна даляцелі назад, і зноў ніхто іх не перахапляў. І зараз яны думаюць, што трэба было ляцець і на рэзідэнцыю, што нічога не было б.

- Яны вярнуліся ў Літву, а вы?

- А я ў Менск, у аэрапорт, і першым рэйсам - на Стакгольм.

- І вы хочаце сказаць, што вы самі прыдумалі такі план, што вас не рыхтавалі ніякія спецслужбы? У нас тут ужо некаторыя ствараюць тэорыі, што вас паслаў Пуцін, каб атрымаць аргумент у гандлі з Лукашэнкам.

- (Не смяецца.) Ніхто нас не пасылаў. Ніякая дзяржава, ніякі ўрад не ведаў пра нашу задуму. Наадварот, мы страшна баяліся, каб нейкая спецслужба не перахапіла нашы размовы і не сарвала наш план.

Гэта было грамадзянскае дзеянне, каб падтрымаць апазіцыю ў Беларусі. Ведайце: гэта не была проста бравада. Гэта была прадуманая акцыя падтрымкі апазіцыі ў Беларусі, падтрымкі свабоды слова.

Мы рыхтаваліся, мы прадумвалі. Бліжэй да даты лёту мы даведаліся, што 3 ліпеня - гэта свята, парад, і падумалі: на наступны дзень будзе пахмелле, вялікія шанцы праскочыць. Усё адно наш План А быў у тым, што нас перахопяць і будуць садзіць. Але ніводнага знішчальніка за час пералёту не заўважылі.

- А калі б не садзілі, а збілі? Пра гісторыю з паветраным шарам ведаеце? Адпіс напісалі хлопцы?

- (Збіты з толку.) Не, адпісы не пісалі. Але мандраж быў. Яшчэ і які.

- А дзе вы ўзялі самалёт, калі не сакрэт?

- Купілі спецыяльна паўтара месяца таму. За 20 тысяч еўра прыкладна. А зараз мы яго зноў прададзім, напэўна.

- Ужо былі прапановы? Машына ж апынулася надзейная.

- Так (смяецца). Можа нам зараз атрымаецца прадаць яе ўтрая даражэй. Але калі будзе цікавасць у нейкага музея вось мы і за 1 еўра аддамо. Усё ж гэта зараз перадусім знак барацьбы за свабоду слова. Дый пашкодзілі мы яго.

- Пашкодзілі?

- Мы два дні яго перараблялі: у шкле зрабілі фортачку, каб можна было адкрываць і скідаць медзведзяня.

- Да нас якраз звярнуўся чытач, расказаў, што пайшоў шукаць і знайшоў медзведзяня на даху сваёй шматпавярховай хаты ў Сухарава. Што б вы хацелі перадаць гэтаму чалавеку?

- Гэтаму чалавеку і ўсім беларусам, хачу перадаць: вы не адны. Ведайце, што пра беларусаў не забыліся. Няхай сусветныя СМІ больш пішуць аб галівудскіх зорках, а не пра тых, хто сядзіць у турмах, ведайце: на Захадзе людзі памятаюць пра беларусаў.

***

Пёр Кромвель - заснавальнік рэкламнага агенцтва «Тотал», якое робіць сабе імя на вось такіх прынцыповых акцыях.

Напісаць каментар 171

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках