27 лiстапада 2024, Серада, 14:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КДБ запалохаў родных і сяброў Кацярыны Скурат

27
КДБ запалохаў родных і сяброў Кацярыны Скурат

Спецслужбы не даюць спакою 16-гадовай жыхарке Івянца, якая магла адна з першых зрабіць здымкі медзведзянятаў, скінутых шведамі.

У пятніцу, 20 ліпеня, з'явіліся чуткі аб затрыманні 16-гадовай выпускніцы івянецкай школы для расследавання шведскага дэсанта. Сёння высветлілася, што супрацоўнікі КДБ толькі дапыталі яе ў прысутнасці бацькоў. Дзяўчына расплакалася падчас допыту, а кадэбісты, запалохаўшы дзяўчыну і яе бацькоў, сышлі, паведамляе «Белсат».

У кожнага сваяка - свая версія

Пра лёс Кацярыны Скурат не было нічога вядома на працягу некалькіх апошніх дзён. Яе мабільны быў выключаны, акаўнт vkontakte - выдалены, хатні тэлефон маўчаў. Сяброўкі з Івянца, якія кантактавалі з ёй штодня, баяліся даваць якія-небудзь каментары.

Дзядуля дзяўчыны таксама адмовіўся ад каментароў, сказаўшы: «Вы ж самі ўсё разумееце». Бабуля заяўляла, што Кацярына з'ехала адпачываць. Цётка выпускніцы спрабавала даказаць, што Кацярына рыхтуецца да ўступнага іспыту ў Інстытут журналістыкі і застаецца дома. Жанчына пераконвала, што інфармацыя аб затрыманні Кацярыны - злосная плётка, распаўсюджаная зайздроснікамі. Цётка сказала, што Каця - вельмі здольная дзяўчына, пераможца абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове. Адсюль, растлумачыла яна, спроба ачарніць Кацярыну.

Настаўнікі Кацярыну хваляць

Сяброўкі толькі расказалі, што Кацярына - адкрытая і жыццярадасная дзяўчына. Яна вельмі любіць размаўляць з людзьмі - адсюль выбар журналістыкі ў якасці будучай прафесіі. Каця паводзіла сябе заўсёды ўраўнаважана, адзначаюць аднакласніцы, і тое, што яна выдаліла сваю старонку з сацыяльнай сеткі, на яе не падобна.

Хваляць Кацярыну таксама настаўнікі Івянецкай сярэдняй школы, сцвярджаючы, што такіх здольных вучняў не было за ўсю гісторыю школы. З усіх 800 вучняў менавіта яна праславіла Валожынскі раён на прадметных алімпіядах, пра яе шмат разоў пісала не толькі мясцовая раённая газета, але і іншыя газеты.

Нагадаем, раней за публікацыю здымкаў мядзведзяў затрымалі 20-гадовага фатографа Антона Сурапіна. Яго абвінавачваюць у дапамаганні незаконнаму пераходу мяжы. У тым жа падазраюць Сяргея Башарымава, які толькі збіраўся здаць шведам кватэру. Ім пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Сяброўку Башарымава Ірыну Лагойка суткі пратрымалі ў «амерыканцы».

4 ліпеня шведскае рэкламнае агенцтва Studio Total паведаміла на сваім сайце аб тым, што правяло акцыю ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Шведы на лёгкаматорным самалёце праляцелі ад літоўскай мяжы да Менска і бесперашкодна вярнуліся. Над ускраінай беларускай сталіцы, а таксама над мястэчкам Івянец Валожынскага раёна Менскай вобласці шведскія лётчыкі скінулі 876 плюшавых мішак з прывязанымі да іх улёткамі ў абарону свабоды прэсы ў Беларусі.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках