27 лiстапада 2024, Серада, 9:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Статкевіча не пусцяць з турмы ў «палатку»

14
Статкевіча не пусцяць з турмы ў «палатку»

Мікалай Лазавік не бачыць падстаў для рэгістрацыі ініцыятыўных груп Статкевіча і Міхалевіча.

Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік не бачыць законных падстаў для рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатамі ў «дэпутаты» апазіцыйных палітыкаў Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча. Аб гэтым ён заявіў БелаПАН.

Паводле слоў Лазавіка, выбарчая кампанія выявіла асаблівасць: «некаторыя грамадзяне падаюць заявы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы не з мэтай яе рэгістрацыі, а для правядзення піяр-акцыі».

Сакратар Цэнтрвыбаркама ўпэўнены, што і самі Статкевіч з Міхалевічам, і іх прадстаўнікі разумеюць, што гэтыя два апазіцыйных палітыка не могуць быць зарэгістраваныя кандыдатамі ў «дэпутаты».

Лазавік растлумачыў, што ў заканадаўстве прапісаны патрабаванні да кандыдата ў дэпутаты: ён павінен быць грамадзянінам Беларусі не маладзейшы за 21 год, які пастаянна пражывае на тэрыторыі Беларусі, а таксама не мае судзімасці. «Такім чынам, Статкевіч не праходзіць па судзімасці, а Міхалевіч - па крытэрыі пражывання ў краіне», - сказаў ён.

З пункту гледжання саміх палітыкаў Лазавік назваў іх тактыку правільнай. «Пра палітыкаў павінны гаварыць, любая інфармацыя пра іх ідзе ім на карысць. Мы да гэтага ставімся спакойна. Я нават не лічу, што гэта правакацыйнае дзеянне, гэта піяр-акцыя, якая павінна садзейнічаць павелічэнню іх вядомасці», - адзначыў ён.

Нагадаем, дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча ў акруговыя камісіі падалі ўдзельнікі грамадзянскай ініцыятывы «Свабоду Мікалаю Статкевічу і іншым палітвязням!».

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла, што дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп Статкевіча пададзеныя ў большасць акруговых камісій Беларусі, у тым ліку ва ўсіх абласных цэнтрах і Менску. Спісы ініцыятыўных груп Міхалевіча пададзеныя ва ўсіх акругах Менска.

Паводле слоў Адамовіч, яна не спадзяецца, што ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты Статкевіча і Міхалевіча будуць зарэгістраваныя. «Ужо цяпер у акруговых камісіях іх члены нервова ірвуць дакументы, ці ледзь не галосяць. Але я спадзяюся, што ў некаторых месцах групы ўсё ж будуць зарэгістраваныя і мы выкарыстоўваем іх патэнцыял для інфармавання людзей аб палітвязнях», - сказала яна.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках