27 лiстапада 2024, Серада, 17:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Страшная» тайна

45
«Страшная» тайна

Продаж самалёта Туркменбашы баяцца каментаваць не толькі ў «Белавія», але і ў Turkmenistan Airlines.

Перамовы аб набыцці беларускім бокам самалёта Boeing-767-300ER былога прэзідэнта Туркменістана Сапармурата Ніязава вяліся. Гэта пацвярджаюць у Turkmenistan Airlines, паведамляе «Еўрарадыё».

«Гэтае пытанне вельмі было такім... скурпулёзным і на такім узроўні не вырашалася, на маім узроўні. Прадалі ці не прадалі, я не магу на гэта адказаць. Дзіка выбачаюся, але гэта сакрэтныя дакументы авіякампаніі», - сказаў адзін з супрацоўнікаў авіякампаніі.

Іншы супрацоўнік Turkmenistan Airlines дае зразумець, што пытанне продажу магло мець станоўчы вынік.

«Я не магу без дазволу кіраўніцтва такія звесткі выдаваць, разумееце. Можа, гэта сакрэт, а я выдаю вам сакрэт, я не магу так вось сказаць. Але я вам і так ужо шмат сказала».

У міжнародным авіяцыйным рэестры наступны запіс: «Boeing 767-32K 33968 926 EW-001PB Belavia ferried 08 may 12 ASB-SAW, for VIP use ex EZ-A700». У гісторыі самалёта пазначана, што ён перайшоў на баланс «Белавія» ад Turkmenistan Airlines і прызначаны для пералётаў VIP-асоб. Выглядае на тое, што гэта менавіта VIP-Boeing памерлага Туркменбашы Сапармурата Ніязава.

Але намеснік генеральнага дырэктара «Белавіа» Ігар Чаргінец ухіляецца ад адказу на пытанне пра гэты запіс.

«Камерцыйных самалётаў 767 (Boeing-767-300ER) у нас няма. Астатнія пытанні — гэта эксплуатацыя ўрадавых самалётаў. Калі ласка, звяртайцеся ва Упраўленне справамі прэзідэнта — яны адказваюць за ўсе астатнія самалёты ў Беларусі».

Нічога пра новы паветраны транспарт для кіраўніка Беларусі не ведае і прэс-сакратар прэзідэнта Павел Лёгкі.

«Я не валодаю ніякай інфармацыяй наконт таго самалёта, пра які вы кажыце. Я магу канстатаваць толькі той факт, што ў Маскву не так даўно мы лёталі на 737 Boeing».

Як паведамляў сайт charter97.org, «Белавія» і Turkmenistan Airlines заключылі дамовы аб продажы беларускаму боку былога ва ўжыванні самалёта Boeing-767-300ER.

Самалёт з серыйным заводскіх нумарам 33968/926 раней насіў рэгістрацыйныя знакі EZ-A700 і служыў у якасці прадстаўніцкага транспарту прэзідэнта Ніязава. Пасля яго смерці ў снежні 2006 года паветранае судна засталося ва ўрадавым авіяатрадзе Туркменістана, аднак наступны прэзідэнт Гурбангулы Бердымухамедаў на ім не лятаў.

Дамоўленасць аб куплі/продажу самалёта нібыта была дасягнутая ў час візіту Бердымухамедава ў Менск, які адбыўся 27-28 красавіка.

Першы «Боінг» Лукашэнкі, 737-800BBJ у мадыфікацыі Business Jet, мае рэгістрацыйны знак EW-001PA, які адрозніваецца ўсяго на адную літару.

Кошт Boeing-767-300ER на міжнародным рынку складае ад 124 да 160 мільёнаў даляраў у залежнасці ад мадыфікацыі. Аднак «Боінг» Ніязава быў эксклюзіўна выраблены ў VIP-варыянце: у аздабленні салона ўжытая натуральная скура і каштоўныя пароды дрэва, а сантэхніка ў душавой і прыбіральнях выкананая з выкарыстаннем каштоўных металаў і камянёў.

Акрамя таго, самалёт нябожчыка Туркменбашы абсталяваны усімі вядомымі відамі ўрадавай сувязі (у тым ліку спадарожнікавай), сістэмай прадухілення паражэння ракетамі класа «зямля-паветра» і «паветра-паветра», а таксама забяспечаны парашутным абсталяваннем.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках