27 лiстапада 2024, Серада, 11:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Каваленка спыніў галадоўку

16
Сяргей Каваленка спыніў галадоўку

Віцебскі актывіст КХП - БНФ Сяргей Каваленка, які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі № 19, спыніў галадоўку.

Пра гэта паведаміла БелаПАН ягоная жонка.

Па словах Алены Каваленкіа 24 мая Сяргея наведаў адвакат. «Адвакат сказаў, што галадоўку Сяргей спыніў, будзе змагацца іншымі метадамі. Зараз ён знаходзіцца ў карантыне, яму выдалі спецвопратку. Медыцынскае абследаванне не праводзілася. Адвакат сказаў, што пачуваецца Сяргей больш-менш», - распавяла жонка апазіцыянера.

Яна таксама паведаміла, што адвакат рыхтуе наглядную скаргу ў Віцебскі абласны суд на прысуд Каваленку.

Сяргей Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года па абвінавачванні ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе аб пакаранні, якое было вынесенае Каваленку ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска. У лютым гэтага года Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля затрымання Каваленка абвясціў галадоўку пратэсту, якая доўжылася з невялікімі перапынкамі каля двух месяцаў. У пачатку красавіка апазіцыянера пачалі прымусова карміць.

10 красавіка Віцебскі абласны суд пры разглядзе касацыйнай скаргі Каваленкі прыняў рашэнне накіраваць яго на комплексную псіхіятрычную экспертызу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках (пад Менскам).

13 красавіка, ужо ў Навінках, апазіцыянер галадоўку спыніў. Экспертыза доўжылася амаль месяц і прызнала Сяргея Каваленкі псіхічна здаровым, пасля чаго яго адправілі назад, у віцебскі следчы ізалятар № 2. 8 мая ў Віцебску асуджаны аднавіў галадоўку пратэсту. 18 мая Віцебскі абласны суд адмовіўся задаволіць касацыйную скаргу Сяргея Каваленка на прысуд. Па неафіцыйнай інфармацыі, у магілёўскую калонію апазіцыянер быў этапаваны 19 мая.

Варта адзначыць, што 30 мая ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска павінныя судзіць і Алену Каваленка. Яна абвінавачваецца ў дробным хуліганстве. Віна жанчыны складаецца ў тым, што 18 мая, у дзень разгляду касацыйнай скаргі мужа, яна разам з ягоным стрыечным братам і актывісткай грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» напісала на асфальце перад будынкам абласнога суду «Свабоду Сяргею Каваленку!». Усе трое былі затрыманыя і дастаўленыя ў суд, аднак паседжанне было перанесенае ў сувязі з рашэннем суддзі дапытаць супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі абвінавачаных.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках