Менскі АМАП дабраўся да Хельсінкі (Фота, відэа)
36- 18.05.2012, 17:00
Фінскім хакейным заўзятарам нагадалі пра тое, што іх можа чакаць у Менску.
Сёння ў Хельсінкі ў межах кампаніі No to Minsk 2014 фінскія грамадзянскія актывісты правялі шэраг перфомансаў, закліканых падрыхтаваць хакейных заўзятараў, якія прыехалі на Чэмпіянат Свету па хакеі 2012 да наступнага чэмпіянату свету, які, на думку міжнароднай хакейнай федэрацыі, павінен прайсці ў Менску ў 2014 годзе.
Падчас перфомансаў група маладых людзей, якая паказвала хакейных заўзятараў, пляскала ў ладкі, але была скручаная і затрыманая людзьмі ў масках без адметных прыкмет, якія адлюстроўвалі беларускі АМАП. Да канца затрымання дзве дзяўчыны з плакатамі «Welcome to Minsk 2014» раскрывалі мінакам сэнс дзеяння, што адбывалася перад імі.
Мінакі з палёгкай уздыхалі, даведаўшыся што гэта толькі перфоманс, і былі шакаваныя тым, што для Беларусі падобнае відовішча - гэта штодзённасць.