27 лiстапада 2024, Серада, 7:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БАЖ: Маштаб рэпрэсій супраць асобных журналістаў і рэдакцый быў беспрэцэдэнтным

1
БАЖ: Маштаб рэпрэсій супраць асобных журналістаў і рэдакцый быў беспрэцэдэнтным

Прэзідэнцкая кампанія 2010 года карэнным чынам адбілася на становішчы незалежных СМІ.

VIII з'езд Беларускай асацыяцыі журналістаў праходзіць 18 мая ў Менску. Напярэдадні яго адкрыцця ўдзельнікам мерапрыемства былі разасланыя правакацыйныя лісты з паклёпам на адрас кіраўніцтва БАЖ. Пра гэта паведаміла старшыня арганізацыі Жанна Літвіна, выступаючы на адкрыцці форуму.

«За 2 дні да з'езду большасць з вас пачалі атрымліваць «падарункі» на электронную пошту - у выглядзе ганебнай, паклёпніцкай рассылкі, якая мела на мэце ў чарговы раз дыскрэдытаваць кіраўніцтва БАЖ.

Я не выключаю, што менавіта тая адкрытасць, з якой мы напярэдадні з'езду збіралі і размяшчалі на сайце самыя крытычныя заўвагі ў адрас кіраўніцтва БАЖ, і справакавала з'яўленне гэтай рассылкі - гэта было ўспрынята як знак таго, што арганізацыю можна падарваць знутры», - сказала Жанна Літвіна.

«У гэтым я бачу своеасаблівую логіку: паўтара гады таму хваля дыскрэдытацыі «прайшлася» па палітычных апанентах улады. Наступны ўдар прынялі праваабарончыя арганізацыі (ахвярай гэтага наступу стаў Алесь Бяляцкі, які да гэтага часу знаходзіцца з кратамі). Магчыма, прыйшоў час для «цунамі», якое можа накрыць БАЖ разам з усёй незалежнай журналістыкай... Сябры, думайце! Якой заўтра будзе арганізацыя, залежыць сёння ад вас...», - адзначыла старшыня БАЖ.

Як адзначаецца ў справаздачы з'езда, галоўнай палітычнай падзеяй, якая карэнным чынам адбілася на становішчы незалежных СМІ, Беларуская асацыяцыя журналістаў называе прэзідэнцкую выбарчую кампанію 2010 года. Яна стала беспрэцэдэнтнай па маштабах рэпрэсій у дачыненні да асобных журналістаў і цэлых рэдакцыйных калектываў, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Тады супраць сямі журналістаў і сябраў БАЖ былі пачатыя крымінальныя справы. Некаторыя з іх - Сяргей Вазняк, Аляксандр Фядута, Ірына Халіп - да гэтага часу знаходзяцца пад наглядам. Сябра Рады БАЖ Павел Севярынец адбывае пакаранне ў спецпасяленні ў вёсцы Куплін. А рэдактарка «Хартыі 97» Наталля Радзіна вымушаная была пакінуць краіну.

Падчас і пасля выбараў журналісты сутыкнуліся са збіццём, ператрусамі, пагрозамі распачацця крымінальных спраў. Карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej» Анджэя Пачобута абвінавацілі ў паклёпе на прэзідэнта за крытычныя матэрыялы, апублікаваныя ў выданні і Інтэрнэце. Гродзенскі журналіст быў прысуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады і вызвалены ў зале суда.

У 2012 годзе шэсць сябраў БАЖ, у тым ліку, Літвіна, былі ўключаныя ў спіс асобаў, якім забаронены выезд за межы Беларусі.

Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заснаванае ў 1995 годзе. З 1997 года БАЖ з'яўляецца асацыяваным сябрам Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ). У 2003 годзе Сусветная асацыяцыя газет (WAN) узнагародзіла БАЖ Залатым пяром Свабоды (Golden Pen of Freedom prize). У снежні 2004 года Еўрапейскі парламент удастоіў БАЖ прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі». У 2011 годзе арганізацыя атрымала ўзнагароду Свабоды Атлантычнай Рады. БАЖ аб'ядноўвае 1030 чалавек.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках