27 лiстапада 2024, Серада, 17:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марэк Буцька: Еўропа не павінная саступаць

7
Марэк Буцька: Еўропа не павінная саступаць

Еўразвяз павінен на кожнае абвастрэнне рэпрэсій у Беларусі адразу рэагаваць пашырэннем чорнага спісу і санкцый.

Былы першы сакратар Амбасады РП у Менску Марэк Буцька у інтэрв'ю «Еўрарадыё» распавёў аб небяспецы саступак з боку Еўразвяза беларускаму рэжыму.

- Лукашэнка сказаў, што еўрапейцы нарэшце зразумелі важнасць Беларусі для ЕЗ. Ці насамрэч матывацыя вярнуць амбасадараў у Менск была такая, як ён кажа?

- На самой справе карціна такая, што ўпершыню ў гісторыі ЕЗ стаў праводзіць жорсткую палітыку ў дачыненні да Лукашэнкі і гэтая палітыка пачала дзейнічаць. Тое, што Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка выйшлі на волю - гэта перш за ўсё дзякуючы еўрапейскім санкцыям, не толькі таму, што амбасадары салідарна з'ехалі з Менска. Гэта, магчыма, як раз адзін з найбольш слабых элементаў ўплыву Еўропы на Лукашэнку.

Чорныя спісы пашыраюцца, эканамічныя санкцыі, хоць і мяккія, дзейнічаюць. Упершыню мы бачым сапраўдную палітыку ўплыву на рэжым, і яна працуе. Вядома ж, Лукашэнка будзе казаць, што ён вызваліў палітвязняў не пад ціскам, што санкцыі контрпрадукцыйныя. Зараз важна, каб Еўропа і далей ішла гэтай дарогай, каб не лічыла, што поспех дасягнуты і можна рабіць палітыку больш мяккай. Хоць апошняе таксама магчыма. Але ў цэлым сітуацыя выглядае інакш, чым кажа Лукашэнка.

- Вяртанне амбасадараў адбывалася «цішком». Вядома ж, Лукашэнка мог палічыць гэта сваім поспехам. Ці правільна ўсё было зроблена?

- Як і шматлікія эксперты, я лічу, што вяртанне адбылося заўчасна, Лукашэнка прапагандуе гэта як саступку з боку ЕЗ. Але хто мае ад гэтага больш карысці? Гэта ўзнагарода Лукашэнку за вызваленне Саннікава і Бандарэнкі або проста жаданне Еўразвяза вярнуцца? У ЕЗ таксама ёсць бюракратычная інэрцыя і амбасадары не заўсёды задаволеныя, калі няма напружання і нічога не адбываецца. Гэта ўсё пытанне інтэрпрэтацыі.

У Менску амбасадары ці не ў Менску - гэта мае толькі сімвалічнае значэнне. Дыпламаты і амбасадары няшмат могуць зрабіць у Беларусі - я ведаю гэта са свайго досведу. Гэты жэст сімвалічны, а санкцыі ёсць і будуць пашырацца, калі Лукашэнка будзе рабіць крокі назад.

- А чаму б не звязаць вяртанне амбасадараў і вызваленне Саннікава і Бандарэнкі? Навошта трэба было пакідаць інтэрпрэтацыю гэтага кроку выключна беларускаму боку?

- Эліты ЕЗ вырашылі не прапагандаваць вяртання амбасадараў, каб не рабіць выгляду, што ўзнагароджваюць Лукашэнку, што гэта вялікая падзея. Калі б яны афіцыйна пра гэта паведамілі, гэта была б занадта яркая саступка Лукашэнку. Яны вырашылі вярнуцца ціха і не рабіць з гэтага вялікай падзеі.

- Як далей будуць развівацца адносіны ЕЗ і Беларусі?

- Будзе дрэнна, калі Еўропа зноў пачне круціць дыялог з Лукашэнкам у той час, як 13 палітвязняў за кратамі. Зараз усё залежыць ад таго, як Лукашэнка і КДБ інтэрпрэтуюць паводзіны ЕЗ. Калі яны вырашаць, што Еўропа пачынае саступаць, - Лукашэнка вернецца да старой жорсткай палітыкі. Таму важныя далейшыя дзеянні ЕЗ, якому трэба на кожнае абвастрэнне рэпрэсій у Беларусі адразу рэагаваць пашырэннем чорнага спісу і санкцый. Як толькі Лукашэнка адчуе, што ЕЗ адступае, ён пачне наступаць.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках