27 лiстапада 2024, Серада, 7:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзурында: ЕЗ не павінен адыходзіць ад сваіх патрабаванняў

5
Дзурында: ЕЗ не павінен адыходзіць ад сваіх патрабаванняў

Былы міністр замежных спраў Славакіі Мікулаш Дзурында распавёў, чаму ЕЗ павінен працягнуць палітыку санкцый.

З пасады міністра замежных спраў Славакіі Мікулаш Дзурында сышоў 4 красавік 2012 года, і менавіта пры ім вырашаўся лёс пашырэння санкцый у дачыненні да Беларусі і пачынаўся дыпламатычны крызіс. Чалавек, які ўзначальваў урад сваёй краіны з 1998 па 2006 гады, сышоў у апазіцыю, але без увагі «беларускае пытанне» не пакідае, перадае «Еўрарадыё».

- Як вы самі ахарактарызуеце палітыку, якую вы, як міністр замежных спраў, праводзілі ў дачыненні да Беларусі?

- Прынцыповая. Таму, што я маю вельмі добрае стаўленне да беларускага народа. З Мілінкевічам я знаёмы ўжо 15 гадоў і пазнаёміўся з вялікай колькасцю беларусаў на розных спартовых мерапрыемствах ды іншых сустрэчах. У вас вельмі добрая біятланістка! І тое, што беларусы з’яляюцца еўрапейскай нацыяй – гэта без пытанняў. І Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам «Усходняга партнёрства». Але, з іншага боку – рэжым. Што і з’яўляецца праблемай. Мы, славакі, вас добра разумеем. Я, чалавек Мікалаш Дзурында, вас добра разумею. Бо 34 гады жыў пры вельмі падобным рэжыме. І таму такую прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да Беларусі я дэклараваў у якасці міністра замежных спраў. Бо толькі цвёрдая і жорсткая стратэгія ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі можа прывесці краіну да палітычнай свабоды.

- З пасады міністра вы сышлі 4 красавіка. Ці паспелі яшчэ перад сваім сыходам узяць удзел у пасяджэнні Рады Міністраў краін ЕЗ, што праходзіла 23 сакавіка, і на якім было прынятае рашэнне аб пашырэнні санкцый?

- Не, менавіта на тым пасяджэнні я не прысутнічаў, замест мяне там быў мой намеснік, але я прысутнічаў на ўсіх папярэдніх. І заўсёды катэгарычна настойваў на цвёрдых санкцыях супраць рэжыму. Бо нельга адной рукой пагражаць рэжыму, а другой даваць грошы Міжнароднага валютнага фонду.

- А ці праўда, што ваш калега Младэнаў, міністр замежных спраў Балгарыі, спрабаваў «выкупіць» у беларускага рэжыма палітзняволеных?

- Младэнаў нас праінфармаваў аб сваёй паездцы. І дэбаты, якія пасля гэтага пачаліся... Я б сказаў, што мы яго палітычна пабілі. Ніхто з нас не ўспрыняў усур’ёз таго, што нагаварыў Младэнаву Лукашэнка.

- Вы лічыце, што трэба прытрымлівацца выключна палітыкі санкцый?

- Я за тое, каб ціск на рэжым быў усё большы і большы. Я ведаю, што кожная сітуацыя – розная. І што сітуацыя ў Чэхаславакіі колькі гадоў таму адрозніваецца ад сённяшняй беларускай сітуацыі. Але ў тыя часы я выдатна разумеў, што цвёрдая пазіцыя ЗША і перамога ў «халоднай вайне» нас вызваліць. Зараз у мяне ўражанне, што большасць беларусаў хочуць свабоды. А таму – мы не можам саступіць. Размовы пра тое, што санкцыі шкодзяць простым людзям, і што мы такім чынам аддаём Беларусь у рукі Расеі – не адпавядаюць рэчаіснасці. У той жа час, усё – у руках беларускага народа, ад яго залежыць будучыня. Мы можам шмат, але не ўсё.

- Паміж Беларуссю і Еўразвязам былі і перыяды пацяплення, і перыяды пахаладання. Ці разумеюць еўрапейскія палітыкі паводзіны кіраўніка Беларусі?

- Толькі ў апошнія два гады мы пачалі яго разумець. Але да гэтага мы нічога не маглі разумець і Лукашэнка з намі гуляў як з малымі дзецьмі. І толькі цяпер мы зразумелі, што далей так не пойдзе. Але і цяпер былі даволі смешныя дэбаты, асноўнай тэмай якіх было: дададзім мы ў «чорны спіс» дзве фірмы ці ажно цэлых тры! Для мяне гэта было страшна смешна! Выйгралі тыя, хто прапаноўваў тры. Мне падаецца, што ўпэўненасць у тым, што мы мусім быць цвёрдымі і жорсткімі, ужо прыйшла.

- Вы былі міністрам, калі пачаўся дыпламатычны крызіс. Наколькі гэта быў сур’ёзны для еўрапейскай дыпламатыі крок – адклікаць сваіх амбасадараў?

- Я быў адным з першых, хто даведаўся пра тое, што Лукашэнка загадаў выехаць у свае краіны амбасадарам ЕЗ і Польшчы. Я адразу ж патэлефанаваў свайму і сказаў: «Вяртайся!». І гэта вельмі добра, што па гэтым пытанні ва ўсіх краін ЕЗ было адзінства. У Браціславе мне ўдалося арганізаваць сустрэчу Вышаградскай групы і Усходняга партнёрства. Былі Кэтрын Эштан і Гідэ Вэстэрвэле. Там была агучаная наша сумесная пазіцыя па гэтым пытанні.

- На волю вышлі Саннікаў і Бандарэнка. Праз дзень кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Макей заявіў, што больш нікога з вязняў пад уціскам вызваляць не будуць і нікога не рэабілітуюць. У той жа дзень Кэтрын Эштан зноў катэгарычна заклікала вызваліць усіх палітвязняў. Мы зноў назіраем супрацьстаянне: адны выступаюць з патрабаваннямі, другія – баяцца, што іх «нахіляюць». І што далей – зноў таптанне на месцы ва ўзаемаадносінах?

- Мне было прыемна, што Кэтрын выступіла з такой заявай. Гэта азначае, што ў нас сапраўдны саюз у Еўропе. Мы ясна напісалі: «Усіх вызваліць і рэабілітаваць! Даць гарантыі, што спыняцца рэпрэсіі і правесці свабодныя выбары». Зараз я за сябе кажу: мы не павінны адступаць ні на адзін міліметр, пакуль не будуць выкананыя гэтыя патрабаванні. Ні на міліметр.

- Такім чынам, пакуль астатнія палітвязні будуць сядзець у турме, санкцыі будуць пашырацца?

- Я, у якасці зараз ужо апазіцыйнага палітыка, буду паўсюль пра гэта казаць і гэтага дамагацца. Я не буду даваць ацэнкі свайму наступніку на пасадзе міністра замежных спраў ці новаму прэм’ер-міністру на падставе тых слоў, што яны кажуць тут. А буду слухаць, што яны будуць казаць на пасяджэннях Рады міністраў і Рады Еўропы. І буду іх бязлітасна крытыкаваць, калі яны адступяць ад гэтай пазіцыі.

- Пытанне да вас, як да палітыка: ці не зневажае вас, калі Лукашэнка выказваецца агулам пра усіх еўрапейскіх палітыкаў?

- Палітыка не можа быць уразлівай да словаў. І гэтыя словы – проста словы, яны мяне не кранаюць і не зневажаюць. Мяне зневажае тое, што жаніх Анастасіі Палажанка, якую я добра ведаю, сядзіць за кратамі. Вось гэта мяне зневажае, а астатняе – словы.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках