27 лiстапада 2024, Серада, 7:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свабоду палітвязням і мадэрнізацыя

45
Свабоду палітвязням і мадэрнізацыя

Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі, еўракамісар Штэфан Фюле і былы польскі прэм'ер-міністр Лешак Бальцаровіч заклікалі Беларусь да палітычных і эканамічных рэформ.

Высокапастаўленыя палітыкі прынялі ўдзел у семінары «Прыватызацыя і прыватнае прадпрымальніцтва», які праходзіць у Варшаве 16-17 красавіка. Семінар з'яўляецца часткай новай ініцыятывы Еўрапейскага Звяза для Беларусі «Еўрапейскі дыялог з беларускім грамадствам для мадэрнізацыі». У семінары прынялі ўдзел польскія і беларускія эксперты, палітолагі, эканамісты, аналітыкі.

Як паведамляе карэспандэнт charter97.org, мэтай «Еўрапейскага дыялогу з беларускім грамадствам для мадэрнізацыі» з'яўляецца больш глыбокае разуменне Еўразвязам, беларускай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю карціны будучай дэмакратычнай Беларусі і рэформ, якія неабходныя для яе пабудовы.

Варшаўскія сустрэчы з'яўляюцца складовай часткай эканамічнай платформы «Дыялогу».

Адкрываў семінар кіраўнік польскага Фонду Міжнароднай салідарнасці, былы намеснік міністра замежных спраў Польшчы Кшыштаф Станоўскі заявіў:

«Мы шмат думалі аб тым, як можам дапамагчы ў складаны час грамадзянскай супольнасці Беларусі, калі дэмакратычныя памкненні, спроба ўдзельнічаць у выбарах сканчаюцца жорсткімі збіваннямі і турмой для большасці кандыдатаў.

Мы задаем сабе пытанне: што мы можам зрабіць у той момант, калі з'явіцца шанец на змены. Мы пачынаем нашыя сустрэчы семінарам, прысвечаным прыватызацыі. Беларусь знаходзіцца ў вельмі цяжкім эканамічнай сітуацыі. Польскі досвед карысны Беларусі. Мы думаем пра тое, як практычна зрабіць так, каб сітуацыя ў краіне стала лепей».

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, заявіў:

«Кожны чалавек нараджаецца вольным, надзеленым правамі, правам на жыццё, правам выбіраць кіраўнікоў. Калі ён пазбаўляецца правоў, ён змагаецца за іх. Мы, палякі, выпрабавалі горыч палону і ўважліва слухаем голас беларускай грамадзянскай супольнасці. Разважанні аб стымуляванні прывялі да распрацоўкі гэтага дыялогу. Праграма «Дыялог для мадэрнізацыі» пачатая тры тыдні таму ў Брусэлі. Варшаўскі семінар - першы з гэтага цыклу. Ён накіраваны на распрацоўку шляхоў мадэрнізацыі Беларусі. Праца па рэалізацыю рэформ павінная пачацца па жаданні беларусаў і самімі беларусамі. Мы не хочам вас прымушаць. Але Польшча хоча вам дапамагчы.

Мадэрнізацыя Беларусі неабходная. Краіна знаходзіцца на 44, перадапошнім у Еўропе, месцы ў рэйтынгу эканамічных свабод. Застой рэформ на кожным кроку, высокія кошты, няма перспектыў для моладзі, невялікі прыліў інвестыцый. Дзяржаўны капіталізм прыводзіць да карупцыі, худнеюць кашалькі грамадзянаў. Кіраваная, ручная эканоміка рана ці позна прывядзе да сур'ёзнага крызісу. Рынкавая ж эканоміка спрыяе стварэнню вольнай дзяржавы. Звяртаючыся з ініцыятывай да Беларусі, Польшча хоча быць яе паплечнікам. У нас агульная культура, гісторыя, падобныя мовы. У Беларусі жывуць палякі, у Польшчы жывуць беларусы. Спадчына «Салідарнасці» нас абавязвае. Мы павінныя дзяліцца досведам па мадэрнізацыі і дэмакратызацыі. Мы імкнемся, каб знешняя мяжа ЕЗ стварала менш праблем для беларускіх грамадзян. Польшча дае Беларусі больш за палову ўсіх шэнгенскіх віз. Міністры ЕЗ прынялі рашэнне, якое дасць магчымасць у максімальнай ступені выкарыстаць шэнгенскі візавы кодэкс, каб візы даваліся без праблем, часам бясплатна. Я буду пра гэта гаварыць з прадстаўнікамі консульстваў. Мы прапануем супрацоўніцтва, каб мяжа перастала быць бар'ерам - так званы памежны рух. Дамову падпісалі 2 гады таму, і Польшча выканала ўсе дамоўленасці. Калі б была згода Менска, то даўно б усе жыхары памежных раёнаў вольна рухаліся праз мяжу ЕЗ. Гэта больш за мільён грамадзянаў Беларусі.

Абмен думкамі вельмі важны. Але не можа быць кампрамісу ў фундаментальных рэчах - парушэннях правоў чалавека. Таму мы вырашылі ўжыць санкцыі, абараняючы гэтыя правы. Мы вітаем вызваленне Андрэя Саннікава, мы радыя, што вызвалены Зміцер Бандарэнка. Я хацеў бы падкрэсліць, што мы не спынім змагацца за ўсіх палітвязняў. Польшча і Еўропа - сябры Беларусі. Мы верым у вашыя еўрапейскія памкненні і падзяляем іх».

Камісар Еўразвяза па пашырэнні і палітыцы суседства Штэфан Фюле звярнуў увагу на цяжкасці пераходнага перыяду.

«Польшча прыняла важны ўдзел у распрацоўцы еўрапейскай палітыкі. За апошні год адносіны з Беларуссю пагоршыліся. Сітуацыя з правамі чалавека таксама пагоршылася. Такая сітуацыя не дае нам падставы для аптымізму. Мы былі вымушаныя рэагаваць на пагаршэнне. Мы будзем працягваць меры, у тым ліку санкцыі. Гэтыя меры мы ўзгаднілі з прадстаўнікамі апазіцыі. Зараз важнае вызваленне ў Беларусі ўсіх палітвязняў і іх рэабілітацыя. Страх скаваў краіну і людзей, і перашкаджае ёй развівацца. Важна стварыць станоўчае бачанне будучыні гэтай краіны. Гэта павінна быць заснавана на дыялогу і мадэрнізацыі эканомікі. Нашая дзейнасць дапаможа вызначыць пункты перасячэння, таго, як павінная выглядаць сучасная дэмакратычная Беларусь».

Былы прэм'ер-міністр Польшчы, аўтар польскіх эканамічных рэформаў Лешак Бальцаровіч падвергнуў крытыцы эканамічную сітуацыю ў Беларусі:

«Прыняць удзел у семінары я вырашыў без ваганняў. Мяне вельмі цікавіць сітуацыя ў Беларусі. Я не ў стане казаць, што практычна можа ліквідаваць палітычныя бар'еры. Але я падзялюся сваім бачаннем сітуацыі. Пасля падзення камунізму ў нашай частцы свету ў 1989 годзе, мы думалі, што мы ўсе накіроўваемся да дэмакратыі і капіталізму. Але праз кароткі час нашы шляху пайшлі ў розным напрамку. Беларусь, Таджыкістан, Узбекістан, Азербайджан адносяцца да ліку дыктатур, аналагічных Кітаю і В'етнаму.

Як гэта звязана са зменамі ў эканоміцы? Краіны дэмакратыі перайшлі да капіталізму. Астатнія пайшлі назад, вярнуліся назад. Беларусь, дзе 95 адсоткаў эканомікі знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы, - квазісацыялістычная краіна. Але досвед пацвярджае, што дэмакратыі без капіталізму быць не можа.

Эканамічныя вынікі апошніх гадоў: усе недэмакратычныя краіны, якія не рэфармавалі эканоміку, мелі вельмі дрэнныя эканамічныя паказчыкі. Няма ні адной эфектыўнай сацыялістычнай дзяржавы (у разуменні Маркса). Капіталізм бывае розны. Сацыялізм заўсёды - зло. Беларусь, аднак, лічыць сябе выключэннем. Але калі субсідыі краіны складаюць 60 адсоткаў ВУП, то беларускі цуд - міф», - сказаў Бальцаровіч.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках