27 лiстапада 2024, Серада, 7:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алігарх ва ўладзе

24
Алігарх ва ўладзе

Аляксандр Шакуцін не адзін раз здабываў прыбытак ад сваёй блізкасці да ўлады.

З 2008 года ён уваходзіць у «савет рэспублікі», з'яўляючыся намеснікам камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Быць сенатарам - няпыльная і прыбытковая праца. Да дэвальвацыі заробак складаў каля 1000 даляраў ЗША. Але бізнесмэнаў там мала, можна назваць хіба што яшчэ генеральнага дырэктара віцебскага абутковага прадпрыемства «Марко» Мікалая Мартынава, піша «Наша Ніва».

Прозвішча Аляксандра Шакуціна можна знайсці і сярод сябраў прэзідыума «Белай Русі». Спіс афіцыёзных дасягненняў вянчаюць два медалі ў гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Афіцыйная біяграфія

У афіцыйнай біяграфіі сенатара пазначана, што ён нарадзіўся ў 1959 на Аршаншчыне ў вёсцы Вялікае Бабіна. Пачаўшы з працы трактарыстам у мясцовым калгасе, паехаў у сталіцу рэспублікі вучыцца на доктара. Тут, у Менскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце (цяперашні Медуніверсітэт), Шакуцін заадно праявіў і актыўную грамадскую пазіцыю — стаў намеснікам сакратара інстытуцкага камсамола, а таксама камандзірам студэнцкіх будаўнічых штабоў менскага абкама камсамола. Магчыма, менавіта пра тыя часы Шакуцін узгадваў у інтэрв’ю «Белгазеце», абураючыся магчымым увядзеннем санкцый: «Яшчэ ў Савецкім Саюзе я змагаўся з падобнымі абмежавальнымі мерамі. А сёння ЕЗ паводзіць сябе гэтак жа, як Палітбюро тады. У Еўропе хапае сваіх праблем, але яны хочуць, каб і ў нас было дрэнна».

Медыцынская кар’ера Шакуціна ішла ўгару — яго прызначылі загадчыкам хірургічным аддзяленнем у 10-й гарадской лякарні Менска, а пасля дырэктарам медыцынскага цэнтра МТЗ. Абвяшчэнне незалежнасці краіны ў 1991 азначала для Шакуціна, як і для многіх іншых прадпрымальных беларусаў, пачатак новага жыцця.

Час багацець

Зрэшты, заплыў да вялікіх грошай быў павольным. Спачатку хірург узначаліў навукова-вытворчае «ПрамМедІнвест» (цяпер «ПМІ-Груп»), неўзабаве ператворанае ў акцыянернае таварыства. Пастаўкі медыцынскай тэхнікі змяніліся на больш прыбытковы імпарт тэхнікі на прадпрыемствы краіны.

Шакуцін і цяпер застаецца ў кіраўніцтве кампаніі, дзейнасць якой у многім звязаная з продажамі за мяжу прадукцыі «Амкадора» — галоўнай крыніцы багацця сенатара. «Амкадор», акцыянерам якога з’яўляецца Шакуцін, заслугоўвае асобнага расповеду.

Завод дарожнай і будаўнічай тэхнікі быў створаны яшчэ ў 1920-х, аднак у гісторыю Беларусі ён трапіў як першае буйное прадпрыемства Беларусі, у якім прайшло акцыянаванне. Яго яшчэ ў 1991 ажыццявіў прэзідэнт канцэрна Васіль Шлындзікаў, які быў заўзятым прыхільнікам рынкавай эканомікі. Пакуль астатнія заводы ледзь трымаліся на плаву, ягонае прадпрыемства імкліва нарошчвала магутнасці. Шлындзікаў пакінуў сваю пасаду ў 1996. Дэпутат Вярхоўнага Савета і намеснік старшыні АГП, ён вырашыў прысвяціць сябе палітыцы.

А на «Амкадор» прыйшлі замежныя інвестыцыйныя кампаніі. Цяпер кантрольны пакет (каля 60%) акцый холдынга належаць ганароваму консулу Непала ў Беларусі Упендра Махата. Апроч таго, ён кантралюе некалькі бізнес-цэнтраў у Менску. Непалец жыве ў Маскве, таму «кіраванне на месцах» ажыццяўляе Аляксандр Шакуцін як уладальнік другога па велічыні пакета акцый.

Каштоўныя паперы засталіся і ў многіх работнікаў «Амкадора» пачатку 1990-х. Агульная колькасць акцыянераў перавышае 3 тысячы чалавек, аднак ніхто з іх у апошнія гады не атрымлівае ні рубля дывідэндаў. Пры гэтым чысты прыбытак «Амкадора» за 2010 склаў $11,2 мільёна, а за тры кварталы 2011 — яшчэ $31,2 мільёна.

Прадпрыемства з’яўляецца адным з самых паспяховых у краіне, таму Аляксандр Лукашэнка і абраў яго для таго, каб стварыць вакол «Амкадора» холдынг. Падобная практыка прымяняецца і ў іншых галінах эканомікі. Напрыклад, прыбытковы «Савушкаў прадукт» Аляксандра Машэнскага мае аб’яднаць вакол сябе многія беларускія малаказаводы. Гэтыя выпадкі вылучаюцца тым, што магчымасць стварэння холдынга даецца прыватніку. Для гэтага дзяржава прадае яму за бясцэнак (фактычна аддае) некалькі іншых прадпрыемстваў. Так здарылася і з «Амкадорам».

Напрыклад, у сярэдзіне 2011 Аляксандр Лукашэнка сваім указам дазволіў прадаць канцэрну тры заводы: дзяржынскі «Аграмаш», лагойскі «Эпас» і Менскі прыборабудаўнічы завод (зараз «Амкадор-Белвар») за сімвалічныя $1,5 мільёна.

Зрэшты, не кожнае прадпрыемства прыходзіць да Шакуціна і Махата само. «Амкадор» праводзіць экспансію і за мяжу. У 2009 годзе канцэрн выкупіў завод «Энергазапчастка» ў расейскім Бранску і Пабяржскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання пад Вільняй. Выхад на рынак Еўразвяза не павінен уводзіць у зман. «Амкадор» пастаўляе сваю прадукцыю ў дзясяткі краінаў свету. 50% сыходзіць у Расею, яшчэ 35% тэхнікі асядае ў Беларусі, але сярод астатніх пакупнікоў краінаў Еўропы мала, там перадусім Венесуэла, Індыя і Непал.

«Еўрабачанне-2012»

З імем Шакуціна звязаная і скандальная гісторыя з перамогай Алены Ланской у адборы на «Еўрабачанне-2012». Выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу, які і прывёў да поспеху спявачкі, абярнулася нечаканай паразай і вывалачкай, якую атрымалі ад Аляксандра Лукашэнкі ўсе арганізатары конкурсу, апроч Шакуціна. На публіку трапілі цікавыя падрабязнасці. Напрыклад, палову ад выдаткаў «Еўрафэста» аплачваў «Амкадор» — цікава, ці давалі на гэта згоду акцыянеры, якія сядзяць без дывідэндаў?

Чаму ж Шакуцін так лабіраваў перамогу Ланской? Алена — адна з трох выканаўцаў, што працуюць у ягоным прадзюсарскім цэнтры «Спамаш», разам з Іванам Буслаем і Дарыяй. Але самая паспяховая сярод калегаў — летась перамагла на «Славянскім базары». Прадзюсарскі цэнтр быў створаны яшчэ сем гадоў таму ў памяць дачкі Шакуціна, якая загінула ў аўтакатастрофе.

У назве схаваная расейскамоўная фраза — «СПАсение МАши Шакутиной». Гэты быў першы прыватны прадзюсарскі цэнтр у краіне. Выдаткі на культуру, нават папсовую — рэдкая рэч сярод беларускіх мільянераў. Імкнучыся адпавядаць густам начальства, звычайна яны з большым імпэтам спансаруюць спартовыя каманды.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках