27 лiстапада 2024, Серада, 3:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандра Крутога перавядуць з турмы ў псіхлякарню

19
Аляксандра Крутога перавядуць з турмы ў псіхлякарню

Аляксандр Круты будзе адпраўлены ў псіхіятрычную лякарню пасля ўступлення ў сілу пастановы Маскоўскага суда Менска, прынятай 20 сакавіка.

Пра гэта БелаПАН сказаў старэйшы памочнік пракурора Менска Сяргей Балашоў.

Згодна з пастановай суда, Аляксандр Круты, бацька пацярпелай падчас тэракту ў менскім метро Інэсы Крутой, прызнаны асобай, што здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае часткай 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства), у стане непрытомнасці і вызвалены ад крымінальнай адказнасці.

Суд пастанавіў прымяніць да Крутога меру бяспекі і лячэння ў выглядзе прымусовага лячэння ў псіхіятрычнай лякарні са звычайным наглядам. Пакуль жа мера стрымання ў дачыненні да яго засталася ранейшай - утрыманне пад вартай.

Нагадаем, вечарам 20 сакавіка суддзя суда Маскоўскага раёна Менска Яўген Хаткевіч пацвердзіў рашэнне гэтага ж суда, але іншага суддзі, прынятае 6 снежня мінулага года, аб неабходнасці прымянення мер бяспекі і лячэння да Аляксандра Крутога.

Судовае разбіральніцтва праводзілася без Крутога і, як і ў першы раз, у закрытым рэжыме. Суддзя Яўген Хаткевіч задаволіў хадайніцтва аб гэтым дзяржабвінаваўца Ваньковіча і пацярпелай - галоўнай лекаркі паліклінікі № 32 Валянціны Чупрык. Пацярпелая заявіла, што закрыць працэс неабходна ў мэтах прадухілення выдавання звестак, якія ўшчамляюць ейную годнасць.

Як ужо паведамлялася, справа была зноў накіраваная ў раённы суд Менскім гарадскім судом пасля разгляду 10 лютага касацыйнай скаргі на прысуд, вынесены 6 снежня судом Маскоўскага раёна. Менгарсуд адмовіў у вызваленні Крутога з-пад варты, і ён працягвае знаходзіцца ў СІЗА № 1 МУС.

20 верасня 2011 года Круты актыўна выступаў на працэсе па тэракце, быў затрыманы міліцыяй у Менску. 22 верасня Аляксандр Федарцоў, які старшыняваў у судзе, часткова зачытаў пастанову аб ягоным затрыманні. У ім сказана, што Круты «17 жніўня, знаходзячыся ў кабінеце адной з медыцынскіх устаноў Менска, наўмысна здзейсніў хуліганскія дзеянні з асаблівым цынізмам і грэбаваннем да нормаў маралі». Гэта выявілася ў тым, што ён выліў змесціва двух слоікаў - вадкасць з пахам мачы - на галоўнага лекара. Па накіраванні пракурора Круты быў адпраўлены ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Экспертыза прызнала яго бессвядомым.

6 снежня суд Маскоўскага раёна пастанавіў ужыць да Аляксандра Крутога прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Пасля РНПЦ ён знаходзіўся ў жодзінскай турме, потым быў пераведзены ў СІЗА № 1.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках