Сяргей Каваленка застаецца ў турэмным шпіталі
6- 19.03.2012, 13:19
Алена Каваленка, жонка галадоўніка Сяргея Каваленкі, сустрэлася з начальнікам турмы на Валадарскага і з начальнікам медыцынскай часткі.
Яны паведамілі ёй, што стан Сяргея можна ахарактарызаваць як «сярэдняй цяжкасці». Але сказалі, што некаторыя працэсы, якія парушаюць здароўе, ужо пачаліся: Сяргею зараз цяжка рухацца, перадае «Радыё Свабода».
Алене Каваленка паведамілі, што шпіталяваць Сяргея ў грамадзянскую лякарню не будуць, бо ўсю неабходную дапамогу галадоўніку Каваленку яны могуць аказаць і ў межах турмы.
Стала вядома таксама, што Сяргея Каваленку не адправілі на медыцынскае абследаванне ў Навінкі, як планавалася раней. Зараз ён у Рэспубліканскай турэмнай лякарні.
Сёння а 14-й гадзіне адбудзецца сустрэча Сяргея Каваленкі з братам Віталём.
Разам з Аленай Каваленка і Віталём ў Менск прыехаў сямігадовы сын Сяргея Каваленкі Валік.