Брытанскі МЗС не давярае беларускаму суду
10- 19.03.2012, 9:58
Міністр па справах Еўропы Вялікабрытаніі Дэвід Лідынгтан асудзіў расстрэл прысуджаных да смяротнага пакарання за тэракт у менскім метро Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава.
Ён адзначыў сумневы, звязаныя з дадзеным судовым працэсам, паведамляе «Радыё Свабода».
«Я глыбока занепакоены рашэннем Беларусі пакараць смерцю Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Злучанае Каралеўства рашуча асуджае тэрарызм і аплаквае смерці і калецтва, нанесеныя выбухам у менскім метро 11 красавіка 2011года. Тым не менш, незалежныя справаздачы выклікалі сур'ёзныя і пераканаўчыя пытанні адносна ўзроўню доказаў і справядлівасці суда, які прызнаў гэтых двух людзей вінаватымі ў выбуху», - канстатаваў ён.
Прадстаўнік Вялікабрытаніі таксама дадаў, што Лондан прынцыпова выступае супраць смяротнага пакарання, паколькі яно робіць немагчымым выпраўленне магчымых памылак судовай сістэмы. Лідынгтан заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне.