Зміцер Бандарэнка напісаў прашэнне аб памілаванні
225- 4.02.2012, 12:36
1 лютага палітвязень, якому адмоўлена ва УДВ, нягледзячы на жахлівы стан здароўя, напісаў прашэнне.
Аб гэтым Зміцер Бандарэнка паведаміў сваёй жонцы падчас тэлефанавання з калоніі 4 лютага.
Нагадаем, што з 30 студзеня ў Магілёўскай калоніі ўступілі ў дзеянне новыя правілы для Зміцера Бандарэнкі. Злёгку яго падлячыўшы, адміністрацыя калоніі вырашыла ўзмацніць жорсткасць умоваў утрымання палітвязня, які перанёс складаную нейрахірургічнай аперацыю на хрыбетніку. Яму былі забароненыя мыліцы; не дазволены артапедычны абутак, які перадавала жонка; было забаронена ўдзень ляжаць; ён павінен быў хадзіць у страі; прадпісваліся таксама «лёгкія» віды прац, што можа вельмі шырока трактавацца.
Для Бандарэнкі, які ледзь рухаецца з мыліцай і якому складана нават сядзець, новыя ўмовы былі проста забойныя. На другі дзень пасля напісання прашэння, 2 лютага, яму вярнулі мыліцы, артапедычны абутак і дазволілі не хадзіць у страі з хворым хрыбетнікам.
«Я на самой справе вельмі радая, бо кожную раніцу я ўяўляла, як Зміцера стаіць на марозе, як спрабуе паспець у страі без палкі, у гэтых жудасных чаравіках за здаровымі мужчынамі. На маіх вачах ён два разы падаў дома, і я ўяўляла, як ён падае ў страі або з прыступак на вуліцы... Таму што ён мне казаў, што некалькі разоў вось так ледзь не ўпаў. Здароўе ў Зміцера пагоршылася, і ён мяркуе, што мабыць прыйдзецца прайсці яшчэ праз адну аперацыю... Цяпер у мяне крыху адлягло ад сэрца. Хоць я не ведаю, ці будзе толк ад гэтага - ці змагу я ў бліжэйшы час пабачыць свайго мужа на волі, таму што па законе ён ужо павінен быць на волі па УДВ», - сказала ў інтэрв'ю charter97.org жонка палітвязня Вольга Бандарэнка.