2 лiстапада 2024, Субота, 1:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь пазбавяць ЧС па хакеі?

287
Беларусь пазбавяць ЧС па хакеі?

Кангрэс IIHF перагледзіць месца правядзення ЧС па хакеі-2014.

Прычынай сталі бесперапынныя патрабаванні праваабаронцаў і сусветнай грамадскасці змяніць месца правядзення першынства.

Пра гэта паведаміў шведскаму выданню Svenska Dagbladet менеджэр Міжнароднай федэрацыі хакея Шымон Шемберг.

Па ягоных словах, абмеркаваць гэтае пытанне на вышэйшым органе IIHF - кангрэсе, які збярэцца ў маі ў Хельсінкі, пастанавіў на сваім паседжэнні Савет федэрацыі. Прычынай сталі бесперапынныя патрабаванні праваабаронцаў і сусветнай грамадскасці змяніць месца правядзення першынства. Пратэсты доўжацца з 2009 года, калі Кангрэс IIHF назваў сталіцай чэмпіянату-2014 Менск, перадае «Радыё Свабода».

Як заявіла ў інтэрв'ю журналістам кіраўніца шведскай секцыі Amnesty International Лізэ Берг, свята не можа праводзіцца там, дзе масава парушаюцца правы чалавека. Па словах прадстаўнікоў Amnesty International, у апошні час сітуацыя з дэмакратычнымі правамі і свабодамі ў Беларусі яшчэ больш пагоршылася. Тым не менш хакейнае кіраўніцтва стаіць на сваім і настойвае, што ў палітычных пытаннях, гэтак жа як у рэлігійных і расавых, федэрацыя захоўвае нейтралітэт.

«Але спорт і палітыка звязаныя паміж сабой у тым сэнсе, што спартовая падзея дапамагае рэжыму рабіць ягоную палітыку, - адзначае Лізэ Берг. - Самае прыкрае, што такога кшталту падзеі спрыяюць ў далейшым яшчэ больш жорсткім рэпрэсіям ў дачыненні да крытыкаў рэжыму. Узгадаем прыклад Пекінскай алімпіяды».

Што тычыцца IIHF, то тут пытанне менскага першынства абмяркоўваецца пакуль выключна ў кантэксце яго арганізацыі. Як піша Svenska Dagbladet, апошняе абмеркаванне адбылося ў мінулы аўторак у Цюрыху. Прэзідэнт федэрацыі Рэнэ Фазэль заявіў, што падрыхтоўка ідзе добра і ні адна дзяржава-сябар федэрацыі не выказалі прэтэнзій. Аднак з прычыны «пікантнасці» беларускай тэмы ўжо назаўтра было пастаноўлена зноў разгледзець пытанне аб месцы правядзення першынства на майскім Кангрэсе, піша Svenska Dagbladet са спасылкай на словы менеджэра Шэмберга.

Газета адзначае, што прымаць рашэнне будуць тыя ж асобы, якія прагаласавалі за Менск у 2009 годзе.

Напісаць каментар 287

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках