Беларуская дыяспара - за байкот ЧС па хакеі
69- 23.02.2012, 10:24
У краіне, дзе катуюць палітвязняў, нельга праводзіць Чэмпіянат Свету.
«Усе мы, хто жыве ў вольным свеце, павінныя сёння ўзяць на сябе адказнасць дамагчыся вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, - звярнулася да беларусаў свету Беларуска-амерыканскае аб'яднанне (БАЗА). - Для гэтага трэба разгарнуць сусветную акцыю, якая стане пагрозай для Лукашэнкі, і трыумфальны для яго Чэмпіянат свету па хакеі можа не адбыцца ў Беларусі ці будзе байкатаваны шматлікімі краінамі».
БАЗА прапанавала прыкладны зварот, які заклікае рассылаць ва ўрады, палітыкам, а таксама ў хакейныя федэрацыі, у моладзевыя арганізацыі, піша «Наша Ніва».
У звароце гаворыцца, што ў Беларусі ў турмах сядзяць палітвязні. Утрымліваецца заклік здзяйсняць любы пасільны ўплыў на ўсе адпаведныя ўстановы, якія, у сваю чаргу, могуць паўплываць на чалавека, які адзін вырашае, каго саджаць і каго выпускаць у Беларусі - Аляксандра Лукашэнкі.
БАЗА просіць ўсе беларускія арганізацыі свету і асобных грамадзянаў паведамляць яму аб праведзенай у гэтым напрамку працы і бярэ на сябе каардынацыю акцыі.
Беларуска-амерыканскае аб'яднанне (БАЗА) - гэта арганізацыя беларусаў Амерыкі, якая мае ўплыў на рашэнні амерыканскага ўрада, што датычацца Беларусі.
Раней да байкоту хакейнага чэмпіянату заклікалі Еўрапарламент і амерыканскі Кангрэс.
Да байкоту заклікалі і аб'яднанні «новай дыяспары», такія, як Free Belarus Now. Зараз да іх далучыліся структуры «старой дыяспары». Гэтыя заклікі не знайшлі пакуль водгуку ў функцыянераў міжнароднай хакейнай федэрацыі. Аднак няма сумневаў, што ў выпадку захавання той кашмарнай сітуацыі з правамі чалавека, якая ёсць у Беларусі зараз, хакейны чэмпіянат ператворыцца ў адзін вялікі скандал.