Алена Каваленка: Сумняюся, што Сяргей дажыве да канца суду
22- 22.02.2012, 11:43
Жонка палітвязня Сяргея Каваленкі кажа, што ён будзе трымаць галадоўку, пакуль не страціць прытомнасць.
Учора ў судзе Першамайскага раёна Віцебска пачалося слуханне крымінальнай справы супраць мясцовага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленкі, перадае «Белсат».
Па словах жонкі палітвязня, ён застаецца ў вельмі дрэнным стане: «Я думаю, ён знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці. Думаю, сухая галадоўка можа яго дабіць. Ці вытрымае ён наогул гэтыя чатыры дні суду, у мяне вельмі вялікія сумневы на гэты конт».
Алена Каваленка кажа, што ейны муж у сваёй барацьбе вырашыў ісці да канца. «Я думаю, яны мэтанакіравана даводзяць Сяргея да смерці. Як мінімум, знішчаюць ягонае здароўе, каб на волі іншых думак, акрамя таго, як выжыць, у яго не было».
Жонка ўпэўненая, што Каваленка не будзе прымаць вады і ежы, пакуль яму не зменяць меру стрымання. «Ён будзе галадаць, пакуль у яго хопіць сіл, пакуль не страціць прытомнасць».
Нагадаем, Каваленку затрымалі ў мінулым годзе 19 снежня і змясцілі ў Віцебскі следчы ізалятар - у межах крымінальнай справы па арт. 415 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Актывісту пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.
Падставай для крымінальнага пераследу сталі чатыры парушэнні, якія Каваленка нібыта здзейсніў, адбываючы пакаранне, прызначаны судом Кастрычніцкага раёна Віцебска. У маі 2010 года суд даў яму 3 гады пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебску 7 студзеня. Гэты ўчынак суд кваліфікаваў як «наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства».
У знак пратэсту супраць незаконнага затрымання Сяргей Каваленка 20 снежня абвясціў галадоўку, якую, як кажуць родныя, трымае да гэтага часу, нягледзячы на спробы адміністрацыі калоніі карміць яго прымусова. Сваякі моцна асцерагаюцца за ягонае здароўе.