Еўрапейская народная партыя заклікала да байкоту ЧС па хакеі ў Беларусі
202- 22.02.2012, 10:26
Найбуйная партыя Еўрапарламента лічыць што дыктатарская Беларусь не вартая чэмпіянату.
Еўрапейская народная партыя патрабуе пазбавіць Беларусь права на правядзенне Чэмпіянату свету па хакеі-2014, у адваротным выпадку байкатаваць дадзенае мерапрыемства хакейнымі федэрацыямі дэмакратычных краін свету.
«Патрабуем, каб на наступным з'ездзе Міжнароднай федэрацыі хакея, які адбудзецца ў маі ў Хельсінкі, Фінляндыя, было прынятае рашэнне аб пераносе Чэмпіянату свету-2014 у іншае месца да таго часу, пакуль Беларусь не здабудзе свабоду і годнасць», - гаворыцца ў рэзалюцыі ЕНП .
«Калі такое рашэнне не будзе прынятае, заклікаем усе федэрацыі хакея краін Еўразвяза і іншых дэмакратычных дзяржаў байкатаваць гэты чэмпіянат», - адзначаецца ў дакуменце.
Еўрапейская народная партыя нагадвае, што «апошнія 17 гадоў краінай кіруе жалезны кулак дыктатара Лукашэнкі, які пазбаўляе людзей асноўных правоў чалавека, ігнаруе прынцыпы дэмакратыі і вяршэнства закона, фальсіфікуе вынікі выбараў і прыбірае сваіх палітычных апанентаў».
«Спорт павінен несці радасць свабоды, плюралізму і адзінства і па гэтай прычыне абсалютна непрымальна, што лукашэнкаўская Беларусь будзе прымаць Чэмпіянат свету па хакеі-2014», - падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.
ЕНП - адна з найбуйных партый Еўропы, прадстаўленая ва ўсіх палітычных інстытутах Еўрапейскага звяза, а таксама ў Радзе Еўропы. Партыя ўключае ў сябе 73 калектыўных сябра, нацыянальныя партыі з 39 краін.
Сябрамі ЕНП з'яўляюцца 16 кіраўнікоў краін-сябраў Еўрапейскага звяза і 6 кіраўнікоў краін, якія не ўваходзяць у ЕЗ. У прыватнасці партбілеты ЕНП маюць канцлер Германіі Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі, прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу, прэзідэнт Еўрапейскага савета Херман ван Рампей і прэзідэнт Еўрапейскага парламента Ежы Бузэк.