Дашкевіча па-ранейшаму трымаюць у «адзіночцы»
21- 8.12.2012, 14:27
Палітвязень Зміцер Дашкевіч пачаў рыхтавацца да Калядаў у гарадзенскай крытай турме.
Са слоў Настассі Палажанкі, нявесты Змітра Дашкевіча, ён па-ранейшаму знаходзіцца ў «адзіночцы».
«Пачаў часцей выходзіць на праходкі. Спадзяюся, ужо ўбачыў першы снег. Але самае галоўнае - пачаў падрыхтоўку да Калядаў», - распавяла «Радыё Свабода» Наста Палажанка, якая днямі атрымала ад палітвязня чарговы ліст.
«Ён пачаў пісаць віншаванні людзям. У яго нямала тых, хто яму піша. Гэта некалькі сотняў чалавек. Ведаю, што ў мінулым годзе ён напісаў больш за 200 паштовак у адказ з віншаваннямі. У гэтым годзе таксама плануе пісаць. Адрасатаў ўсё больш і больш. Адразу адзначу, што ўсім адказаць у яго можа і не атрымаецца, але ведаю дакладна, што ён шануе кожнае віншаванне».
У жніўні лідара «Маладога фронту« Змітра Дашкевіч прысудзілі да яшчэ аднаго года зняволення за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі», а месяц таму адправілі ў крытую гарадзенскую турму як «злоснага парушальніка рэжыму».