27 лiстапада 2024, Серада, 1:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сенат ЗША ўхваліў «Акт Магніцкага»

16
Сенат ЗША ўхваліў «Акт Магніцкага»

За прыняццё гэтага закона прагаласавалі 92 са ста сенатараў.

Сенат ЗША правёў галасаванне наконт Закону нармалізацыі гандлёвых стасункаў з Расеяй і Малдовай, складнікам якога з'яўляецца «закон Магніцкага» (закон называецца HR6156 Russia and Moldova Jackson-Vanik Repeal and Sergei Magnitsky Rule of Law Accountability Act of 2012 і Sergei Magnitsky Rule of Law Accountability Act), паведамляе «Голос Америки».

Гэтай жа пастановай было скасаванае дзеянне папраўкі Джэксана-Вэніка ў дачыненні да Расеі (папраўка была прынятая ў 1975 годзе і абмяжоўвала гандаль ЗША з дзяржавамі, якія перашкаджаюць свабоднай эміграцыі сваіх грамадзян).

Асноўныя дэбаты аб законапраекце прайшлі ў сераду і ў чацвер. З прамовамі выступілі некалькі сенатараў, усе - у тым ліку і ўплывовы Марк Бокус, кіраўнік Камітэта фінансаў - падтрымалі гэты акт.

Выступоўцы на абмеркаванні законапраекта звярталі ўвагу на шэраг ключавых момантаў: важнасць расейскага рынку для амерыканскай эканомікі, спіс дасягненняў Расеі на міжнароднай арэне (часта згадвалася пазіцыя Расеі ў пытаннях аб Іране і Сірыі), праблемы з правамі чалавека ў самой Расеі і сітуацыя ў сферы абароны інтэлектуальнай уласнасці.

Практыкі

Сенатар Чак Граслі, які прадстаўляе сельскагаспадарчы штат Аёва, заявіў: «Расея заўсёды падвышала бар'еры для амерыканскіх сельскагаспадарчых экспарцёраў, выстаўляючы патрабаванні, якія не могуць быць растлумачаныя з навуковага пункту гледжання».

Граслі, відавочна, нагадаў пра шматгадовыя спрэчкі паміж амерыканскімі вытворцамі мяса птушкі і расейскімі чыноўнікамі. Таму на запатрабаванне Граслі ў тэксце законапраекта з'явіўся пункт, якая абавязвае гандлёвага прадстаўніка ЗША інфармаваць заканадаўцаў аб несумленнай гандлёвай практыцы Расеі.

У тэксце законапраекта таксама ўтрымліваюцца і іншыя цікавыя пункты. Так, напрыклад, асобным радком падкрэсліваецца неабходнасць абароны амерыканскіх інвестараў у Расеі, у тым ліку і тых, хто некалі ўклаў грошы ў каштоўныя паперы кампаніі ЮКОС, кіраўнік якой Міхаіл Хадаркоўскі цяпер знаходзіцца ў зняволенні. Асабліва падкрэсліваецца неабходнасць барацьбы з расейскай карупцыяй, для чаго варта «павялічыць магчымасці грамадзянскай супольнасці і грамадскіх арганізацый (Расеі) у справе маніторынгу, расследавання і інфармавання аб меркаваных з’явах карупцыі».

Акрамя таго, Міністэрству гандлю ЗША загадана стварыць адмысловую «гарачую лінію», каб амерыканскія кампаніі маглі скардзіцца на расейскіх карупцыянераў.

Што далей?

У версіях законапраекта, прынятых Сенатам і Палатай прадстаўнікоў, ёсць пэўныя адрозненні. Аднак Канстытуцыя ЗША патрабуе, каб на подпіс прэзідэнту быў пададзены тэкст законапраекта, зацверджаны абедзвюма палатамі парламента.

Зазвычай для гэтага ствараецца спецыяльная супольная камісія, якая рыхтуе супольны варыянт законапраекта, што зацвярджаецца Сенатам і Палатай прадстаўнікоў і накіроўваецца на подпіс прэзідэнту. Жорсткіх часавых рамак для правядзення гэтай работы не ўстаноўлена, аднак зазвычай яна займае не больш за некалькі тыдняў.

Прэзідэнт можа не ўхваліць законапраект, аднак раней Барак Абама сігналізаваў, што мае намер паставіць свой подпіс пад гэтым законам.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках