26 лiстапада 2024, aўторак, 23:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ААН разглядае скаргу Андрэя Саннікава

82
ААН разглядае скаргу Андрэя Саннікава

У Камітэце ААН па правах чалавека разглядаецца скарга аб парушэнні праў кандыдата ў прэзідэнты Беларусі.

Андрэй Саннікаў адправіў паведамленне ў Камітэт ААН па правах чалавека праз некалькі месяцаў пасля вызвалення з турмы, у ліпені 2012 года. Сёння стала вядома, што скарга прынятая да разгляду.

«Гаворка ідзе аб парушэнні маіх праў падчас арышту, турэмнага ўтрымання, следства, судовага працэсу. У дачыненні да мяне ўжываліся катаванні. Па палітычных матывах былі парушаныя ўсе мае правы: як грамадзяніна і як кандыдата ў прэзідэнты. У скарзе падрабязна разбіраецца кожнае парушэнне артыкулаў Факультатыўнага пратакола да Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У гэтым дакуменце гаворка ідзе не толькі аб парушэнні маіх праў, але і парушэнні праў грамадзян Беларусі на свабоду слова, свабоду сходаў, свабоду мірных дэманстрацый і права на свабоду выбару.

Гэта неабходны крок для таго, каб было ўстаноўлена парушэнне міжнароднага права з боку беларускіх уладаў. Гэта будзе азначаць маю поўную рэабілітацыю нават па беларускіх законах, паколькі ў Канстытуцыі Беларусі ўстаноўлены прымат міжнароднага права. Паводле міжнародных абавязацельстваў улады любой краіны, якая падпісала Пратакол, абавязаны выконваць рашэнні па такіх скаргах. Варта адзначыць, што Беларусь ратыфікавала такі Пратакол ў 1992 годзе. І ўсё роўна, выканаюць ці не выканаюць ўлады рашэнне Камітэта па правах чалавека. Мне такое рашэнне дасць маральнае і юрыдычнае права вылучаць свае абвінавачванні супраць беларускіх уладаў», - сказаў Саннікаў у інтэрв'ю charter97.org.

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў быў арыштаваны 19 снежня 2010 года па абвінавачванні ў арганізацыі акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Прысуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі. У турме падвяргаўся катаванням і здзекаванням. Быў вызвалены праз 1,5 года. Быў вымушаны пакінуць Беларусь, бо ўлады пагражалі яму паўторным арыштам. Атрымаў палітычны прытулак у Велікабрытаніі.

Напісаць каментар 82

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках