27 лiстапада 2024, Серада, 8:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнік адмаўляе сувязь Чарнобыля з захворваннямі ў Беларусі

148
Чыноўнік адмаўляе сувязь Чарнобыля з захворваннямі ў Беларусі

«Захворванне на рак ніяк не звязанае з аварыяй на ЧАЭС», - паведаміў пазаўчора старшыня Нацыянальнай камісіі радыяцыйнай абароны пры Савеце Міністраў Беларусі, прафесар Якаў Кенігсберг.

«Довады прыкметнага павелічэння рызыкі захворвання на лейкозы ды іншыя тыпы раку пасля аварыі на ЧАЭС не выяўленыя. Гэта ж тычыцца і няракавых захворванняў», - заявіў ён журналістам на прэс-канферэнцыі 27 снежня, - «Пасля таго, як адбылася аварыя, Міністэрствам аховы здароўя была ўсталяваная дапушчальная доза апраменьвання для насельніцтва - 100 мілізівэртаў у першы год. Гэтая доза не робіць шкоднага ўплыву на арганізм людзей».

Гэта заяву Якава Кенігсберга пракаментаваў спецыяльна для charter97.org публіцыст і старшыня Сацыяльна-экалагічнага саюза «Чарнобыль» Васіль Якавенка:

- Сувязь паміж радыёактыўным уздзеяннем тэхнагеннага паходжання і захворваннямі людзей на зямной кулі даведзеная ўжо тысячы, калі не мільёны разоў. Пачынаючы, быць можа, з 1902 года, як гэта паказвае «Ядзерная энцыклапедыя».

У маіх руках у 1989 годзе апынулася копія сакрэтнай нататкі беларускіх навукоўцаў-медыкаў, пададзенай імі ў ЦК КПБ, дзе з усёй уласцівай навуцы адказнасцю яны сцвярджалі, што за 3 гады, прамінулыя пасля Чарнобыльскай катастрофы, даслоўна ўсе тыпы дзіцячых захворванняў узраслі ў 3-4 разы. У маёй жа кнізе «Крушэнне на ростані» падаецца і такая статыстычная інфармацыя аб анкалагічных захворваннях насельніцтва, якую я знайшоў у Слаўгарадскім раёне: у 1981 было 14 выпадкаў захворванняў, у 1982 - 12; у 1985 - 11, у 1986 - 25; у 1987 - 48; у 1988 - 70; 1989, за паўгода - 34 (24). І гэта пры змяншэнні насельніцтва раёна на 20 адсоткаў!

На мой погляд, довадаў адмоўнага ўплыву радыяцыі на здароўе чалавека ў літаратуры цяпер дастаткова; праўду можна знайсці ў незалежных крыніцах, напрыклад, такіх як зборнік матэрыялаў ХVIII міжнароднай канферэнцыі «Экалогія чалавека ў постчарнобыльскі перыяд». Гэтая канферэнцыя, арганізаваная ў Менску грамадскімі арганізацыямі, была прысвечаная 25-годдзю пераадолення наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Што да старшыні Нацыянальнай камісіі радыяцыйнай абароны пры Савеце Міністраў Беларусі Якава Кенігсберга, то пытанне ў тым, каму ён служыць: навуцы, абароне народа ад радыяцыйнага ўздзеяння або толькі Саўміну і МАГАТЭ? Чаму паважаны «абаронца ад радыяцыі» кажа настолькі супярэчлівыя рэчы на адной і той жа прэсавай канферэнцыі? Спачатку: «Довады прыкметнага павелічэння рызыкі захворвання на лейкозы ды іншыя тыпы раку пасля аварыі на ЧАЭС не выяўленыя. Гэта ж тычыцца і няракавых захворванняў». Там жа, калі верыць публікацыі: «Самым падступным наступствам аварыі на ЧАЭС для здароўя беларусаў з'яўляецца захворванне на рак шчытавіцы ў апрамененых радыеактыўным ёдам дзяцей і падлеткаў» і далей: «У нашай краіне ўстаноўленыя самыя жорсткія ў свеце нарматывы. Усе прадукты праходзяць шматступенны кантроль. Траплянне ў гандлёвую сетку «заражаных» прадуктаў выключанае».

А вось не гэтак аддаленае сведчанне з кнігі «Чарнобыльская рана». За апошнія гады ў Хойніцкім раёне ўтрыманне стронцыю-90 у малацэ павялічылася на 11 адсоткаў, а ў Брагінскім - наогул на ўсе 30. У краіне перавышэнне ўзроўню радыяцыйнага забруджвання малака адзначана ў 567 населеных пунктах. Як жа тут не хварэць? У процівагу Якаву Эмануілавічу Кенігсбергу «Ядзерная энцыклапедыя», грунтуючыся на сусветным досведзе, сцвярджае: «Малыя дозы спрыяюць росту чашчыні злаякасных пухлін».

Паводле афіцыйных звестак, у параўнанні з дачарнобыльскім перыядам колькасць выпадкаў раку шчытападобнай залозы ўзрасла сярод дзяцей у 33,6 разы, сярод дарослых (у залежнасці ад узроставых груп) - у 2,5-7 разоў. На сёння ў Беларусі зарэгістравана 1677 хворых на рак шчытападобнай залозы. Большасць з іх маладыя людзі да 33 гадоў. Як прагназуецца, да 2036 года анкалагічных хворых будзе ўжо 12500 чалавек. Рост рака шчытападобнай залозы ў беларускіх дзяцей дасягнуў свайго піку ў 1995 годзе, калі рэгістравалася 40 выпадкаў захворвання на 1 мільён маленькіх жыхароў краіны (а ў Гомельскай вобласці больш за тое - 134 выпадкі!), тады як сусветны ўзровень захворвання быў роўны адному выпадку на мільён дзяцей. На пачатак 2012 года на дыспансэрным уліку з нагоды злаякаснага новаўтварэння знаходзілася амаль 250 000 чалавек, што склала больш за 2,5% насельніцтва краіны.

Даводзіцца са шкадаваннем адзначаць той факт, што з часу аварыі на ЧАЭС чыноўнікі далей хаваюць ад людзей праўдзівую інфармацыю. І гэта адбываецца на радасць дзвюх старон - кіраўнічага звяна Беларусі і службоўцаў МАГАТЭ.

Напісаць каментар 148

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках