27 лiстапада 2024, Серада, 2:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Трайпл» Чыжа акупуе Менск

55
«Трайпл» Чыжа акупуе Менск

Лукашэнкаўскі алігарх з лёгкасцю атрымлівае прынадныя ўчасткі пад забудову ў сталіцы.

Тая лёгкасць, з якой кіраўнік «Трайпла» Юрый Чыж адмовіўся ад забудовы ў пасёлку Калодзішчы, выглядае цалкам абгрунтаванай, піша TUT.by.

«Трайплу» ёсць дзе будаваць, прычым з большай прыбытковасцю і меншым тэрмінам акупнасці. Адным з самых красамоўных прыкладаў з'яўляецца мікрараён «Каменная горка», дзе структуры Чыжа разгарнулі адразу тры маштабныя будоўлі. На працягу двух-трох гадоў павінны з'явіцца буйныя гандлёвыя цэнтры, гіпермаркет «Простор», бізнес-цэнтр, гасцінічны комплекс і футбольная акадэмія.

На дадзены момант самым вядомым аб'ектам з'яўляецца шматфункцыянальны цэнтр, які непасрэдна прылягае да станцыі метро «Каменная горка». У раёне перасячэння вуліц Прытыцкага і Кунцаўшчына доўгі час была пустка. Хоць гэты мікрараён актыўна забудоўваўся. Тут з'явіцца шматфункцыянальны цэнтр Green City агульнай плошчай 83 тыс. кв. м. Яго ўзводзіць «Магнус груп», створаная на базе філіяла «Будаўнічае ўпраўленне» ТАА «Трайпл» і літоўскіх будаўнічых арганізацый. Праект разлічаны да канца 2014 года. За гэты час павінны быць узведзеныя 22-павярховы офісны цэнтр з гасцініцай, якая зойме чатыры паверхі будынка, гіпермаркет плошчай 13,8 тысяч кв. м. Паркоўка разлічаная на 1850 машына-месцаў.

Калі ад метро праехаць пару прыпынкаў у бок МКАД, то можна натыкнуцца на яшчэ адну будоўлю. Работы над стварэннем гандлёвага цэнтра «Каменная горка» толькі выходзяць з катлавана.

Заказчыкам аб'екта выступае «дачка» «Трайпла» «Альцерсалюшнс», якая займаецца будаўніцтвам сеткі гіпермаркетаў «Простор». Падрыхтоўчыя працы вядзе «Менскпрамбуд». Агульная плошча гандлёвага цэнтра з гіпермаркетам складзе 80 тыс. кв. м.

Па другі бок ад вул.Прытыцкага ў пасёлку Кунцаўшчына кіраўніцтва «Трайпла», якое ўтрымлівае футбольны клуб «Дынама-Менск», пачало будаўніцтва дзіцяча-юнацкага цэнтра па футболе. Ён з'явіцца на базе цяпер дзеючага стадыёна «Дынама-Юні». Некалькі гадоў таму Юрый Чыж выкупіў яго ў «Дарыды» Уладзіміра Дзялендзіка, пасля таго, як той спыніў утрымліваць аднайменны футбольны клуб. Для рэалізацыі праекта «Трайплу» выдзелены зямельны ўчастак у 3,6 га.

Арэну ў Кунцаўшчыне чакае маштабная рэканструкцыя, у выніку якой на «Дынама-Юні» з'явяцца не толькі новыя трыбуны на 7 тысяч месцаў, але і невялікая гасцініца, медыка-аднаўленчы цэнтр, адміністрацыйны корпус і паркінг. Першы этап будаўніцтва пачнецца ўжо ў студзені 2013 года. У сувязі з рэканструкцыяй «Дынама-Юні» ў 2013 годзе «бела-блакітныя" будуць праводзіць дамашнія матчы на ​​«Трактары».

Характэрна, што праектаваннем ўсіх гэтых аб'ектаў займалася «Магнус груп». Згодна з яе планам, за 2013 год выручка кампаніі павінна дасягнуць 120 млн даляраў.

Раней Юрый Чыж атрымаў пад забудову дарагія ўчасткі ў цэнтры беларускай сталіцы. Сярод іх - пляцоўка на беразе Свіслачы, дзе вырас гіганцкі комплекс «У Траецкага», які, па меркаванні шматлікіх архітэктараў, знявечыў панараму Траецкага прадмесця.

Таксама фірма лукашэнкаўскага алігарха будуе аб'екты на выездзе з Менска ў Брэсцкім напрамку, у прыватнасці, у студэнцкай вёсцы на праспекце Дзяржынскага.

Адзначым, што многія праекты Чыжа ажыццяўляюцца на льготных умовах. Так, жылы комплекс «У Траецкага» быў вызвалены ад пералічэння ў бюджэт Менска сум кампенсацый кошту жылых памяшканняў, размешчаных у жылых дамах, прызначаных для зносу ў сувязі з будаўніцтвам.

Юрый Чыж і шэраг яго фірмаў унесены ў «чорны спіс» Еўразвяза з-за фінансавай падтрымкі алігархам рэжыму Лукашэнкі.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках