26 лiстапада 2024, aўторак, 23:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: «Лукашэнка ведаў - 20 снежня паўстане ўся Беларусь»

78
Зміцер Бандарэнка: «Лукашэнка ведаў - 20 снежня паўстане ўся Беларусь»

Сёння спаўняецца два гады нашай Плошчы.

Адзін з герояў 19 снежня - кіраўнік выбарчай кампаніі кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Зміцер Бандарэнка - разважае ў інтэрв'ю charter97.org пра тыя падзеі, пра жыццё ў турме і на волі, і пра тое, што рабіць далей.

- Зміцер, прамінуў год, які ў вашым жыцці быў насычаным падзеямі. Пачынаўся ён у турме, прадоўжыўся на параўнальнай волі ў Беларусі, потым - эміграцыя. Пачнем з пачатку, з турмы. Першая палова года - якім быў гэты час?

- Я змагаўся за выжыванне. Не буду падрабязна апавядаць пра свой стан, але было вельмі цяжка. Гаворка ішла аб фізічным выжыванні. У чалавечага арганізма ёсць пэўны рэзерв, і ўсе стрэсы, ранейшыя арышты, збіццё падчас дэманстрацый, мітынгаў, досыць цяжкая выбарчая кампанія - усё гэта накладвалася. Плюс «асаблівыя» варункі турмы КДБ. Месяц у брутальнай камеры на Валадарцы. Аперацыя. Пераезд у магілёўскую калонію. Надышла фізічная граніца...

- Што ратавала і дапамагала трымацца?

- Спачатку - простае супрацьстаянне, бо калі ты бачыш ворагаў твар у твар, гэта пэўным чынам цябе мабілізуе на абарону сваіх правоў, свайго бачання жыцця. Гэта з'яўляецца стымулам.

Потым - новыя людзі. У турмах, «зонах» шмат цікавых, яскравых людзей. Я і раней ведаў, што там далёка не ўсе злачынцы. Стасункі з гэтымі людзьмі, іхны адрозны погляд на свет даваў мне стымулы для выжывання. Гэтыя людзі цікавыя тым, што яны таксама думаюць пра лёс Беларусі, пра будучыню, абмяркоўваюць сітуацыю ў краіне, даюць рэцэпты, дзеляцца планамі на жыццё. І ў турме можа быць духоўнае жыццё, часам нават насычанае. Там шмат яскравых асоб з нестандартнымі мазгамі.

Я трымаўся дзякуючы стасункам з людзьмі і, безумоўна, дзякуючы падтрымцы з волі. У першую чаргу - жонкі, дачкі, сяброў. З газет і перадач радыё «Свабода» я ведаў, што пра мяне памятаюць. І, вядома, магчымасць, хоць і зрэдку, наведваць у калоніі каталіцкае набажэнства па-беларуску.

- Калі вы сядзелі ў астрогу, шмат хто казаў: улады помсцяць Бандарэнку за тыя масавыя акцыі пратэсту, якія ён арганізоўваў у Беларусі цягам гадоў і не выпускаюць яго, бо ў краіне эканамічны крызіс, і ён можа зноў арганізаваць людзей.

- Я ведаю сваю вартасць, ведаю, што рабіў у сваім жыцці, але стратэгія КДБ, міліцыі палягае ў іншым. Часам яны казалі, маўляў, мы ведаем, хто Вы, ведаем, што Вы рабілі, але наогул у іх была іншая задача. Іхная мэта - прыгнесці чалавека, заўсёды казаць, што ён нікому не патрэбны, што ягоная дзейнасць бессэнсоўная, што на яго ўсе забыліся ды іншае. Я не адчуваў, што яны мяне трымаюць за нейкія мае ўчынкі. Яны проста змагаліся са мной як з ворагам, як з выяўленнем беларускага жыцця.

У турме КДБ я дакладна зразумеў, што яны - слугі Д’ябла. Іхная задача - выкрасці душу чалавека, каб ён даў хлуслівыя сведчанні на сваіх сяброў, блізкіх, адцураўся ідэалаў і прынцыпаў. Я выяўна бачыў, як гэтыя пачвары, як на палотнах Босха, спрабуюць забраць душу чалавека. У іх няма ідэалогіі. Напраўду, яны вельмі дробныя. Іх цікавяць зоркі на пагонах, набаўка да заплаты, грошы. Там няма нацыянальных або дзяржаўных інтарэсаў, гонару, прыстойнасці, прынцыпаў.

- Камандзе Саннікава ўлады помсцілі самым жорсткім чынам. Чаму?

- Таму што 19 снежня мы паламалі ім сцэнар. На допытах супрацоўнікі КДБ крычалі, што «на 19.30 выбары ўжо былі прызнаныя, а вы ўсё сапсавалі». Яны думалі, што «выключаць» Някляева і на гэтым усё скончыцца. Іх уразіў маштаб акцыі пратэсту і намер апазіцыі весці перамовы з Сідорскім. Потым Лукашэнка атрымаў інфармацыю, як рэальна галасавалі людзі. Бо нават тыя, каго датэрмінова прыганялі на выбарчыя пункты, галасавалі зусім не за Лукашэнку. Думаю, былі спецыяльныя пункты, дзе рэальна лічыліся галасы, яны ведалі праўду і ведалі, колькі было за Саннікава. Таму была такая рэакцыя.

- А колькі прагаласавала за Саннікава?

- Я думаю, адсоткаў 25-30. Плюс Някляеў набраў больш за 10 адсоткаў. Шмат людзей галасавалі за іншых кандыдатаў, 9% паводле афіцыйных звестак супраць усіх. Лукашэнка набіраў менш за 40% ва ўсёй краіне ці нават яшчэ менш. Адсюль такая істэрыка.

- Гэта значыць, Саннікаў праходзіў у другі тур?

- Так. Міністры замежных спраў краін ЕЗ заявілі, што ў Беларусі павінен адбыцца другі тур. Усе ведаюць, што ў другі тур выходзіў Саннікаў. Назіральнікі ў Менску ды іншых гарадах зафіксавалі, што сярод дэмакратычных кандыдатаў менавіта ён быў лідарам з вялікім адрывам, саступаючы толькі Лукашэнку.

- Пры гэтым, кажуць, грошай у каманды Саннікава амаль не было, адрозна ад некаторых іншых кандыдатаў.

- Не буду абмяркоўваць іншых. Прызнаю, што фінансаў было вельмі мала. У турме КДБ мяне катавалі: дзе грошы? Потым пераканаліся, што грошай не было, і былі страшна здзіўленыя. Проста Саннікаў - чалавек, які быў сапраўды патрэбны людзям. Гэта адчувалася з першых дзён, калі толькі сталі збіраць подпісы. З пачатку выбарчай кампаніі людзі ішлі за Саннікавым, знарок прыязджалі з рэгіёнаў, толькі каб падпісацца за яго, стаялі ў чэргах. Саннікаў сабраў вакол сябе моцную каманду, у якую ўвайшлі прадстаўнікі ўсяго спектру дэмакратычных сіл. У той жа час у Лукашэнкі нікога не было, хоць збіраць за яго подпісы сагналі настаўнікаў, выхавальніц дзіцячых садкоў, выкладчыкаў інстытутаў.

Ёсць пэўны ківач, народ галасуе за яскравую альтэрнатыву. Калгаснаватаму і хамаватаму Лукашэнку супрацьстаяў дыпламат - спакойны, разважлівы, разумны, інтэлігентны чалавек са стрыжнем, з жыццёвай пазіцыяй, прафесіянал, які зрабіў сябе сам. Людзі гэта адчулі.

Але, дарэчы, была незразумелая пазіцыя некаторых незалежных сайтаў, якія задумалі гульню, што, калі няма «адзінага», усе незалежныя кандыдаты, маўляў, аднолькавыя, і яны павінны ўсіх кандыдатаў - і Цярэшчанку, і Кастусёва, і Саннікава - асвятляць на адным узроўні. Недарэкі-аналітыкі рабілі нейкія дзіўныя прагнозы: што Плошчы не будзе, што няма лідара. Але падчас сустрэч з выбаршчыкамі адразу стала зразумела, што лідар ёсць, і гэта Саннікаў. Залы былі перапоўненыя!

У свой час я размаўляў з людзьмі з каманды Мілінкевіча і пытаўся: што было самым складаным падчас іх паездак па краіне? Высветлілася, засланыя казачкі ад спецслужбаў, якія задаюць нязручныя пытанні, спрабуюць зламаць сцэнар выступаў. Але падчас паездак Саннікава ніводная сустрэча не была сарваная. Людзі вельмі пазітыўна сустракалі і яго, і ягоную каманду. Правакатары проста баяліся рэакцыі выбарцаў - такая была атмасфера.

- А што ў выніку? Саннікаў прасядзеў паўтара гады ў турме, быў вымушаны з'ехаць з краіны. Сапраўды, была вялікая папулярнасць, быў выбар людзей - Саннікаў мог стаць тым прэзідэнтам Беларусі, які патрэбны краіне. Што сёння можна зрабіць з гэтым патэнцыялам, з гэтай заваёвай?

- У нас па-ранейшаму ёсць Саннікаў, яшчэ шэраг моцных палітычных і інтэлектуальных лідэраў. Меркаванне беларускага народа, беларускіх выбарцаў вядомае.

Думаю, што эканамічная катастрофа 2011 года, якая адбылася ў краіне - гэта «заслуга» Лукашэнкі і ягонага ўрада. З іншага боку, гэта было дзесьці штучна інспіравана, каб людзі думалі толькі аб выжыванні, ратавалі свой ашчадак, закуплялі ў запас прадукты - каб яны пераключыліся і перасталі быць народам.

Ёсць такое паняцце «палітычны народ». У Рэчы Паспалітай, у Вялікім Княстве Літоўскім, у іншых краінах народам была, фактычна, шляхта, а насельніцтва, сяляне, займаліся выжываннем. Так, сёння ўсе маюць выбарчае права, але думае аб сваёй краіне, гатовы за яе змагацца мала хто, як і 200-300 гадоў таму.

У Беларусі быў запушчаны гэты механізм. Тут няма сярэдняга класа і тыя людзі, якія палепшылі сваё жыццёвы стан за кошт крэдытаў МВФ, крэдытаў на жыллё, нейкіх спажывецкіх пазык, раптам зразумелі, што гэта ўсё эфемерна і ім не належыць. Ні кватэры, ні самаходы, ні нейкія рэчы, якія яны атрымалі ў крэдыт. І яны ўжо не маглі думаць пра палітыку, не думалі пра Саннікава, яны думалі толькі пра тое, як выратаваць сябе, накарміць сям'ю, выжыць і ўтрымацца на працы.

Але важнае іншае - мы ведаем, і ўлада ведае, што Лукашэнка не карыстаецца падтрымкай народа, ён непапулярны і трымаецца толькі на дубінках і гвалтоўным здушэнні народа. І гэта не можа трываць доўга.

- Маральная пазіцыя Захаду заставалася цвёрдай, і ўвесь час гучалі асуджальныя заявы, прымаліся пэўныя санкцыі.

- Лукашэнка не верыць словам. Калі ён бачыць, што таварнае абарачэнне з Захадам расце, што грошай у ягоным скарбе становіцца больш, што ён можа ўтрымліваць сілавыя структуры, хаця заробкі ў народа знізіліся, ён робіцца маньякам. Ён убачыў, што Захад не будзе рабіць рашучых дзеянняў для дапамогі апазіцыі. Доўгі час Лукашэнка гэтага баяўся, а потым убачыў, што гэтага не адбываецца, і супакоіўся.

Праблема ў тым, што ў нас не было сур'езных міжнародных хаўруснікаў. У 2011 годзе пасля палітычнай паразы на выбарах Лукашэнка пацярпеў эканамічную паразу, але ў нас не знайшлося сур'езных міжнародных партнёраў, якія б маглі падтрымаць беларускія дэмакратычныя сілы, а не кінуць выратавальнае кола дыктатару. Для паставак у Еўропу былі скасаваныя квоты на калій, павялічыліся закупкі нафтапрадуктаў з Беларусі.

- Гучаць заклікі ўводзіць санкцыі на экспарт нафтапрадуктаў і калія з Беларусі, але еўрапейскія палітыкі кажуць, што гэта немагчыма, бо цяжка дасягнуць кансэнсусу ўсіх 27 краін ЕЗ.

- Мяркую, што праблема не толькі ў санкцыях. Патрэбен пісьменны і разумны падыход да сітуацыі ў Беларусі. Можа, і не патрэбныя санкцыі. Патрэбная дапамога апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Патрэбныя інвестыцыі ў сучасныя масмедыі, каб свабодная інфармацыя лёгка даходзіла да беларускіх грамадзян.

Санкцыі сімвалічныя, аб'ёмы гандлю з дыктатурай за апошнія два гады выраслі ў 2 разы. Не было зроблена рашучых дыпламатычных крокаў ні ў дачыненні да Лукашэнкі, ні ў дачыненні да Расеі. І самае галоўнае, што ўсе размовы аб падтрымцы грамадзянскай супольнасці і апазіцыі ў Беларусі - пустая балбатня. Таму што ўсе гэтыя агучаныя сумы дапамогі ў дзясяткі мільёнаў даляраў - пусты гук. Напрыклад, «Белсат» сёння мае праблемы з фінансаваннем, «Радыё Рацыя», «Еўрарадыё», шмат якія незалежныя сайты і астатнія газеты.

Праблема ў тым, што ў ЕЗ і ЗША няма выяўнай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі.

- Цяпер у турмах знаходзяцца 14 палітычных зняволеных. Калі вы самі былі ў турме, чаго чакалі ад Захаду, на што спадзяваліся?

- Для мяне было відавочна, што ў 2011 годзе рэжым Лукашэнкі мог абрынуцца.

Адзін час я бачыў, якія перапужаныя супрацоўнікі КДБ. Спачатку ў мяне не было інфармацыі, але потым я даведаўся, што была прынятая рэзалюцыя Еўрапарламента «Аб катаваннях у Беларусі», дзе канкрэтна папярэджваліся людзі, якія груба парушаюць законы, што ў злачынстваў супраць чалавечнасці няма тэрміну даўніны. Папярэджваўся кожны, і было відаць, як гэта адбівалася на персанале турмы КДБ: пачынаючы ад начальніка і заканчваючы аховай. Быў зроблены магутны крок, але за ім павінны былі рушыць услед такія ж магутныя дзеянні. І калі б той жа «Белсат» стаў працаваць 24 гадзіны на дзень, калі б узмацніўся сігнал «Радыё Рацыя», калі б павялічылася падтрымка праваабарончых арганізацый... А што мы атрымалі? Наадварот, краіны-сябры Еўразвязу дапамаглі беларускім уладам пасадзіць галоўнага беларускага праваабаронцу. Такое было выяўленне салідарнасці.

Кажуць, што вінаватыя былі нейкія чыноўнікі, але калі б быў план дасягнення выніку, гэтага б не адбылося. Нам паказалі, што Беларусь застаецца на перыферыі еўрапейскай палітыкі. Еўрапейскія краіны, за выняткам, магчыма, Польшчы і Швецыі, абыякавыя да Беларусі. Але важна, што да беларускай справы далучаюцца яскравыя палітыкі, як той жа еўрапарламентар Марэк Мігальскі, кангрэсмэн Крыстафер Сміт, літоўскі дэпутат Эмануэліс Зінгерыс, далучаюцца СМІ, праваабаронцы, проста неабыякавыя людзі, дзеячы культуры, сусветныя зоркі, якія разам з Беларускім Свабодным тэатрам выходзілі на акцыі з партрэтамі беларускіх палітвязняў.

Успомнім пра ролю паэта Байрана ў грэцкай вайне за Незалежнасць. Тады ніводная імперыя не была зацікаўленая ў тым, каб Грэцыя выйшла з Асманскай імперыі. Але прыезд аднаго Байрана і ягоная смерць ў барацьбе за незалежнасць Грэцыі змяніла грамадскую думку ў Еўропе, і ўрад быў вымушаны рэагаваць на тое, што лорд, выдатны паэт аддаў жыццё за свабоду Грэцыі. Тое ж самае адбываецца і цяпер: прыцягненне зорак, сусветных аўтарытэтаў у барацьбе за вызваленне Беларусі дае нам надзею і прымушае ўрад рэагаваць на сітуацыю ў краіне.

- Але ствараецца ўражанне, што ў палітыкаў кароткая памяць, і шмат хто ў свеце пачаў забываць, што адбылося ў Беларусі 19 снежня 2010 года.

- Рэч не ў гэтым. Адбылася «арабская вясна», яна кардынальна змяніла падыходы. Калі ў Беларусі былі мірныя пратэсты, то там людзі ў барацьбе за свабоду гінулі тысячамі. Цяпер у Сірыі ўжо загінулі дзясяткі тысяч чалавек, але Захад практычна нічога не робіць. Бо як не было стратэгіі ў дачыненні да Беларусі, так і няма стратэгіі ў дачыненні да Сірыі. Усе чакаюць, што ўсё развяжацца само сабой.

Была «канцэпцыя стабільнасці», згодна з якой вакол Еўразвяза павінна быць кола стабільных дзяржаў. Падтрымліваліся суседнія дыктатарскія рэжымы: туніскі, егіпецкі, лівійскі, сербскі, беларускі, алжырскі. Гэтая канцэпцыя памылковая. Падтрымка дыктатараў бессэнсоўная. Іх усё адно зрынае народ, і тады ўзнікае дуга нестабільнасці, калі не было сур'ёзных інвестыцый у дэмакратычныя сілы гэтых краін. Сённяшняя нестабільнасць у Міжземнамор'і, параза «аранжавай рэвалюцыі» ва Украіне, рэваншызм у Расеі, агрэсіўнасць дыктатуры ў Беларусі - вынік таго, што Захад не рэагаваў належным чынам. Дыктатары ад гандлю з Захадам атрымліваюць мільярды даляраў, дэмакратычныя рухі пераважна выжываюць самі.

Я выкажу такую крамольную думку. Мне здаецца, што існавала змова Лукашэнкі з пэўнымі сіламі на Захадзе пра тое, што ён дазволіць правесці параўнальна ліберальную выбарчую кампанію, а Захад прызнае вынікі выбараў, і для падтрымання дыктатурай славутай стабільнасці пойдуць новыя фінансавыя ўліванні. Але тут тэхнолагі Лукашэнкі пераацанілі свае магчымасці. Месяц параўнальнай свабоды стварыў грамадскае «люстра» і стала зразумела, што дыктатара ніхто не падтрымлівае. План пацярпеў крах. Калі Лукашэнка ўбачыў маштабы пратэстаў, ён пайшоў на неймаверныя рэпрэсіі, інакш на наступны дзень у Менску выйшлі б ужо сотні тысяч чалавек, і паўстала б уся Беларусь. Такое святло і такая энергія зыходзілі ад беларусаў 19 снежня. Шчаслівыя і мірныя людзі ішлі па горадзе і скандавалі «Сыходзь! Сыходзь!».

Лібералізацыі ў Беларусі больш не будзе. Лукашэнка ніколі ўжо не пазбавіцца ад страху 19 снежня.

- Былы міністр замежных спраў Славакіі Павал Дэмеш мяркуе, што ў дыктатарскіх краінах Захаду трэба падтрымліваць перш за ўсё тых, хто змагаецца за правы чалавека. У гэтым выпадку магчымыя змены.

- Існуюць даўнія спрэчкі паміж пазітывістамі і рамантыкамі. Рамантыкі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага гатовыя былі змагацца за свабоду нават узброеным шляхам: яны перыядычна ўздымалі паўстанні, ішлі ў турмы і на эшафоты, у Сібір. Вырастала наступнае пакаленне, для якога папярэднія паўстанцы былі героямі і прыкладам. І былі паэты-ліцвіны Міцкевіч, Славацкі, якія апявалі барацьбу і паўстанне. Пазітывісты казалі, што трэба адукоўваць народ, рабіць дробныя канкрэтныя справы. Гэтая спрэчка доўжыцца і сёння. Я не магу сказаць, што горш, а што лепш.

Што рабіць сёння? Трэба падтрымліваць распаўсюд інфармацыі ўсялякімі шляхамі і дапамагаць тым, хто пакутуе ад рэпрэсіяў. Але трэба думаць і аб захаванні мовы, выдаваць кнігі пра беларускую гісторыю, падтрымліваць з’явы беларускай думкі ў кіно, музыцы, літаратуры, жывапісе. Я б сказаў, трэба падтрымліваць усё жывое. Што такое для мяне барацьба з дыктатурай? Гэта мярцвячына, а тут - жывое. Трэба падтрымліваць жывое.

- Наколькі змяніўся характар рэпрэсій у Беларусі пасля 19 снежня 2010 года? Як змянілася работа спецслужбаў, сілавых структур?

- Нават у Савецкім Саюзе была ідэалогія, нейкая карпаратыўная этыка і нейкія правілы. І тыя чэкісты, якія самі перажылі сталінскія рэпрэсіі і дажылі да Брэжнева, разумелі, што масавыя рэпрэсіі небяспечныя для іх жа. Тыя ж чэкісты і сілавікі, якія перажылі перабудову, зразумелі, наколькі небяспечна выконваць загады кепскай улады. Таму што гэта абавязкова стане вядома, архівы будуць адкрытыя і прозвішчы катаў будуць у «Огоньке», на тэлевізіі, будуць агучаныя.

Першыя кіраўнікі спецслужбаў Беларусі былі разумнейшыя: яны перажылі перабудову і паводзіліся па-іншаму. Цяпер прыйшла брыгада Віці Лукашэнкі. Гэта неадукаваныя, беспрынцыповыя людзі, для якіх існуюць толькі грошы, улада, магчымасць папіхаць іншых, дэманстраваць сваю калгасную абранасць. Гэтыя людзі небяспечныя. І частка з іх, калі б атрымалі загад, стралялі б у цывільных грамадзян.

Адбылася абсалютная «дэбілізацыі» сілавых структур зверху данізу. Яны павінны выхоўвацца на такіх прынцыпах, як любоў да Радзімы, патрыятызм, гонар, годнасць, служэнне. Але гэта ўсяго і блізка няма. Яны бачаць прыклады правадыра, які ладзіць маскарады, надзяе блазенскую вайсковую форму, надзяе яе на сваё дзіця і прымушае яму пакланяцца. Такога нават у Савецкім Саюзе не было.

- Гэта значыць, яшчэ большы дэбілізм, чым страх перад нейкімі народнымі пратэстамі?

- Гэта як злавесныя нябожчыкі ў фільмах. Цяжка нешта патрабаваць ад істот, якія з'явіліся з таго свету. У зомбі свая логіка, свае паводзіны, яны непрадказальныя.

- Надоечы адзін заходні дыпламат у кулуарах сказаў, што хвароба Лукашэнкі прагрэсуе і неўзабаве яму прыйдзе канец.

- Ніхто не вечны, але баюся, што праблема Беларусі з Лукашэнкам не скончыцца. «Дэбілізацыя» сілавых структур здарылася крыху пазней, а ў «вертыкалі» яна надышла раней. Пытанне ў тым, ці гатовыя мы да змены сітуацыі? Мы павінны быць гатовыя падхапіць уладу, павінны мець прафесійных людзей, якія б зрабілі пісьменныя крокі з самага пачатку. Павінны мець кадравы патэнцыял, склад новага дэмакратычнага ўрада, павінны быць ментальна гатовыя да зменаў, заручыцца падтрымкай міжнароднай супольнасці. Кожны дзень мы павінны быць у стане гатоўнасці да змены ўлады: і тыя людзі, хто сёння вымушаны працаваць за мяжой, і тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі.

- Але сёння апазіцыя знаходзіцца ў пошуках чарговага адзінага кандыдата на выбарах 2015 года.

- Да «выбараў» тры гады, і што, больш няма чым заняцца? Трэба думаць, як распаўсюджваць інфармацыю, нелегальную друкаваную прадукцыю, як дапамагаць сем'ям палітвязняў - вось гэта важна. Для мяне стала шокам навіна, што далёка не ўсе палітвязні атрымлівалі адпаведную дапамогу - і юрыдычную, і матэрыяльную. Кагосьці прызнаюць палітвязням, кагосьці не прызнаюць. Высветлілася, нават з гэтым ёсць праблемы. Але 300 НДА будуць разважаць і спрачацца, займацца ім палітыкай ці не, замест таго, каб дапамагчы канкрэтным сем'ям палітвязняў. Падрыхтоўка да выбараў 2015 года, на маю думку, гэта відавочны ўкід улады праз падстаўныя постаці і арганізацыі.

- Працаваць апазіцыі ў Беларусі стала значна складаней.

- Трэба распрацоўваць стратэгію з улікам сённяшніх абставін. Пасля 19 снежня сітуацыя радыкальна змянілася. Легальная палітычная дзейнасць у Беларусі практычна немагчымая, бо змяніліся спосабы барацьбы з апазіцыяй. Гэта не значыць, што не трэба нічога рабіць. Гэта значыць, што трэба змагацца з дыктатурай ужо па-іншаму.

- Салжаніцын казаў, што чалавек ніколі не бывае так шчаслівы, як у першы год пасля турмы. Чаму вы так хутка з'ехалі з Беларусі?

- Яны думалі, што зламалі мяне. А для мяне самым важным было застацца самім сабой. У турме гэта складана: там ты абавязаны дэманстраваць падпарадкаванне, прынамсі, фармальнае. Калі я выйшаў на волю, то не маўчаў. Разумеў, што ёсць небяспека адразу ж зноў апынуцца ў турме, але імкнуўся казаць праўду аб тым, што перажыў, што бачыў і даваў ацэнкі сітуацыі.

Усе чыталі аб катаваннях у Ленінскім РУУС Менска. Менавіта там я стаяў на ўліку. Пасля пагроз Лукашэнкі праз тэлевізію ціск узмацніўся.

З'язджаць з краіны я не збіраўся. Але калі выехаў на лячэнне ў Польшчу праз Літву, у тую ж ноч адтуль на тэрыторыю Беларусі праляцеў шведскі самалёт. Шведы правялі акцыю, у тым ліку, у падтрымку сайта charter97.org. Я, вядома, сайтам не займаюся, але да брэнду маю дачыненне. Стала відавочна, што, калі вярнуся, то зноў траплю ў «амерыканку», бо гэтыя смешныя генералы, што не дапільнавалі палёт, знаходзяцца ў шалёным броўнаўскім руху і шукаюць ворагаў. А калі даведаўся аб новым тэрміне Змітра Дашкевіча і паўторных арыштах Парфянкова і Малчанава, якія ўжо выйшлі на волю, зразумеў, што Лукашэнка пастанавіў утрымліваць закладнікаў у спадзяванні абмяняць іх на новыя крэдыты. Я выбавіўся з палону і гуляць паводле іхных правіл больш не хацеў. Хачу бачыць сваю краіну вольнай. Іхныя метады барацьбы змяніліся, значыць, павінны змяніцца і нашы падыходы.

- Ваш дзед быў партызанам, ягоным імем нават назвалі партызанскі аддзел. Для вас перамога над дыктатурай стала сэнсам жыцця. Як змагацца ў эміграцыі?

- Логіка вельмі простая. Пасля 19 снежня ўлады змагаюцца з мірнай апазіцыяй, як з тэрарыстамі. Кожны палітычны лідар, які дзейнічае актыўна і хоць трохі эфектыўна, будзе ўладамі нейтралізаваны. Таму цэнтры прыняцця рашэнняў, штабы павінны быць выведзеныя ў бяспечнае месца, а частка структур перайсці на нелегальнае становішча. Беларуская апазіцыя павінна перабудавацца і выкарыстоўваць тыя ж метады барацьбы, што і польская «Салідарнасць» у часы ваеннага становішча.

Мы павінны зрабіць так, каб у беларускіх дэмакратычных сіл з'явіліся моцныя міжнародныя хаўруснікі. Мы не стамляемся паўтараць на Захадзе, што гарантамі незалежнасці, носьбітамі беларускай дзяржаўнасці з'яўляюцца толькі дэмакратычныя сілы. Усялякія гульні, заклікі даць Лукашэнку грошай («інакш ён сыдзе ў Расію») - глупства. Лукашэнкаўскі рэжым - акупацыйны. Ён знішчае нацыянальную культуру, адукацыю, нацыянальны дух і самасвядомасць. Мы вызнаем негвалтоўны супраціў, але цэнтры прыняцця рашэнняў, цэнтры незалежных масмедыя павінны быць выведзеныя з-пад удару.

- Ствараеце другі фронт?

- Не, гэта не другі фронт, гэта проста іншыя формы дзеянняў. Сітуацыя змянілася. Тое, што можна было рабіць унутры краіны падчас выбарчай кампаніі да 19 снежня 2010 года, зараз немагчыма.

І Бандарэнка, і Саннікаў, і іншыя маглі б з'ехаць з Беларусі вельмі даўно і жыць як у бога за плячыма. Але тым не менш не з'ехалі, змагаліся, сядзелі ў астрогах, удзельнічалі ў акцыях, лезлі да чорта ў зубы і арганізавалі Плошчу. Мы не збіраемся тут сядзець, склаўшы рукі, бо ёсць пэўная логіка дзеянняў. Калі мы столькі гадоў змагаліся, мы і далей будзем змагацца.

- Але ў Беларусі жыве досыць вялікая колькасць гераічных людзей, якім патрэбна падтрымка.

- Гаворка ідзе не пра тое, што ўсім трэба з'ехаць. Але мяне ў войску вучылі, што роля камандзіра, роля штаба вельмі важная. Ёсць шмат людзей, якія гатовыя біцца ў Беларусі. Тое, як трымаюцца Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч, Мікалай Аўтуховіч - каласальна важна для сённяшняга і будучых пакаленняў. Гэта барацьба духу. Але ўплываць на сітуацыю, кіраваць Супрацівам, знаходзячыся ў турме, практычна немагчыма. Трэба радыкальна мяняць падыходы. Беларуская апазіцыя павінна дзейнічаць, як польская «Салідарнасць» у падобных варунках.

- У вашага штаба ёсць план?

- Так.

- Які?

- Планы не агучваюць - іх ажыццяўляюць. Мы звязваем свой лёс з Беларуссю і верым у змены ў бліжэйшай будучыні.

Напісаць каментар 78

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках