27 лiстапада 2024, Серада, 15:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Марафон салідарнасці» у рэжыме нон-стоп

4

Кожны аўторак а 18-й гадзіне ва Управе Партыі БНФ каардынатары «Марафону салідарнасці» ладзяць вечарыны ў падтрымку палітвязняў.

Арганізатары акцыі ды выступоўцы распавялі сайту charter97.org, як такія мерапрыемствы дапамагаюць палітвязням.

Каардынатар групы «За волю» Ганна Шапуцька падкрэслівае, што галоўная мэта «Марафону салідарнасці» - прыцягнуць увагу грамадства да праблемы палітвязняў:

«Людзі ўжо па два гады сядзяць за кратамі і, на жаль, пакуль што мы нічога не можам зрабіць, каб дапамагчы ім выйсці з-за кратаў. Салідарнасць у нашым грамадстве на нізкім узроўні. Вядома, людзі пішуць лісты, але, як паказаў збор подпісаў за вызваленне Міколы Статкевіча і Змітра Дашкевіча, актыўнасць людзей вельмі нізкая нават тых, якія ведаюць, што ў нас існуюць палітвязні. Таму наша задача ўзмацніць салідарнасць у нашым грамадстве.

Ужо адбыліся канцэрты Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча,Таццяны Беланогай, Андрэя Мельнікава, Зміцера Бартосіка. Адгукнуліся на запрашэнне і Алесь Пушкін, Віктар Дашук, Славамір Адамовіч. Мы адчулі моцную падтрымку з боку творцаў. Яны згаджаюцца, далучаюцца, удзельнічаюць, ахвяруюць сваім часам».

«Марафон салідарнасці» - гэта новы фармат прыцягнення ўвагі да праблемы палітзняволеных, лічыць верніца каталіцкага касцёла, сябра каардынацыйнай групы «За Волю» Юлія Фралова:

«Мы шукаем магчымасць, як да гэтай праблемы прыцягнуць увагу, каб натхніць людзей на салідарнасць. Да святаў мы плануем падпісаць паштоўкі для палітвязняў, зладзім калядны канцэрт, падтрымаем сваякоў асуджаных. На маю думку, гэта вельмі важна. Учора я чытала размову з Андрэем Саннікавым у якой адчула таксама падзяку групе «За Волю». Тое, што спадара Андрэя дагэтуль натхняе - гэта салідарнасць і падтрымка людзей, падтрымка сям'і і сваякоў. Гэта вялікая справа. Безумоўна, праводзяцца акцыі ў падтрымку зняволеных, але хто застаецца з гэтай праблемай сам на сам? - Сваякі. Яны ладзяць перадачы, дасылаюць лісты, тэлефануюць адвакатам. А калі з'яўляюцца людзі, якія падтрымліваюць, то гэта дае сілы, натхняе. «Марафон салідарнасці» - гэта частка кампаніі групы «За волю», якая існуе ўжо два гады, і за гэты час шмат чаго ўжо было зроблена. І нам хацелася б, каб больш пра гэта казалі, каб больш людзей далучалася».

Гэта хрысціянская місія і абавязак - падтрымліваць палітвязняў, упэўненая Наталля Бордак, удзельніца «Марафону салідарнасці»і паэтка з Нясвіжа:

«Грамадства, якое неабыякава ставіцца да праблемы палітвязняў – гэта нармальнае грамадства. Тут няма чаго баяцца і палохацца. У мяне пераважаюць духоўныя вершы, іх і пачытаю. У сваіх вершах я хачу разабрацца як жыць, любіць і ставіцца адзін да аднаго».

Спявачка Таццяна Беланогая, якая ўжо не ўпершыню удзельнічае ў «Марафоне салідарнасці», лічыць, што каб прыйсці на вечарыну - трэба прайсці вялікі духоўны шлях:

«У першы раз я прыйшла сюды як музыка, а потым як чалавек. Зараз на акцыю салідарнасці я прыходжу як чалавек, таму што ўсе людзі выконваюць ролі ў жыцці: маці, грамадзяніна, і да кожнага пытання людзі маюць свае меркаванні. Мне як настаўніку і творчаму чалавеку цікавае наша палітычнае і сацыяльнае жыццё. І мне асабіста балюча, што сітуацыя ў палітычнай сферы нашай краіны трымаецца на неэтычным. Важна, каб беларуская эліта ўдзельнічала ў такіх акцыях, бо ў кожнага чалавека, які прыходзіць на гэтую зямлю, ёсць свая роля. А паэты, музыкі, мастакі не могуць існаваць без праўды. Яны мусяць казаць, што такое зло, дзе праўда, дзе няпраўда. Таму творчыя асобы адгукаюцца першымі.

Кожны чалавек мае свой клопат з дзецьмі, на працы, фінансавы. Але я хачу сказаць, што ёсць вечныя каштоўнасці: Бог, Радзіма, Мова. І для таго, каб нешта зрабіць трэба, спачатку памяняцца ўнутры. Каб прыйсці на «Марафон салідарнасці» - трэба прайсці вялікі духоўны шлях, таму што прыйсці з пустойдушой - гэта глупства. Калі чалавек не можа фізічна прыйсці, то трэба заклікаць людзей да супольнай малітвы».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках