27 лiстапада 2024, Серада, 3:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вільні прыняты Мемарандум дэмакратызацыі Беларусі (Фота)

37

У мінулую суботу ў Вільні адбылася канферэнцыя-рада кіраўнікоў беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел такія грамадскія і палітычныя дзеячы як Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Колас, Вінцук Вячорка, Уладзімір Барадач, Аляксандр Дабравольскі, Аляксандр Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч ды іншыя. Ад Рады БНР былі Івонка Сурвіла ды Сяргей Навумчык.

Як паведаміў сайту charter97.org адзін з удзельнікаў канферэнцыі старшыня Таварыства беларускай культуры Літвы Хведар Нюнька, менавіта такі склад быў абраны для таго, каб сабраць людзей з рознымі поглядамі. Ён таксама адзначыў адмысловую значнасць мерапрыемства.

«Магчыма, што такая маштабная сустрэча беларускіх грамадска-палітычных дзеячаў з сябрамі Рады БНР адбылася ўпершыню. Не памятаю, каб на іншых сустрэчах так падрабязна вывучалі кожнае пытанне», – адзначыў Нюнька.

Мэтай нарады кіраўнікоў беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый са старшынёй і чальцамі Прэзідыума Рады, як паведамляецца на старонцы Рады БНР у facebook, «была выпрацоўка захадаў забеспячэння абароны незалежнасці Беларусі».

У паведамленні адзначаецца, што «ўдзельнікі сустрэчы адзначылі небяспеку палітыкі самаізаляцыі і знішчэння беларускай нацыянальнай самасвядомасці, пацвердзілі, што неабходным захадам для забеспячэння беларускага нацыянальнага суверэнітэту з'яўляецца дэмантаж аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. Першапачатковымі мэтамі былі названы неадкладнае вызваленне палітвязняў і спыненне палітычных рэпрэсій».

Па выніках сустрэчы быў прыняты Мемарандум.

«Асноўны акцэнт у Мемарандуме робіцца на тры аспекты: вызваленне ўсіх палітвязняў, дэмакратызацыя Беларусі і супраціў антыбеларускаму рэжыму», - кажа Хведар Нюнька.

Паводле пэўных прычын не ўсе запрошаныя лідэры і кіраўнікі палітычных і грамадскіх арганізацый маглі прысутнічаць на нарадзе, Мемарандум застаецца адкрытым для дадаткаў. Поўны тэкст дакумента будзе апублікаваны пазней.

Фота - «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках