27 лiстапада 2024, Серада, 1:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Reuters: Саннікаў - наймацнейшы супернік Лукашэнкі

141
Reuters: Саннікаў - наймацнейшы супернік Лукашэнкі

Вядучае інфармацыйнае агенцтва свету падрыхтавала рэпартаж пра Беларусь.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка атрымлівае асалоду ад сваёй вядомасці ў якасці апошняга дыктатара Еўропы. Ён з'яўляецца ізгоем на Захадзе, ставіцца з падазрэннем да Расеі і ненавідзіць апанентаў, якія знаходзяцца ў выгнанні або ў турме.

Пасля 18 гадоў знаходжання ва ўладзе былы кіраўнік саўгаса не выяўляе ніякіх прыкмет таго, што ён гатовы ісці на саступкі перад ціскам Захаду і аслабіць свой кантроль над былой савецкай рэспублікай, заціснутай паміж Расеяй і Еўрапейскім звязам.

«Я апошні і адзіны дыктатар у Еўропе. На самай справе, іх няма больш нідзе ў свеце», - сказаў ён у інтэрв'ю агенцтву Reuters (пераклад - charter97.org) у Менску, у якім ён неаднаразова называў сябе дыктатарам, а сваё праўленне - дыктатурай.

«Вы прыйшлі сюды і паглядзелі на жыццё дыктатара. Дзе яшчэ вы яго ўбачыце? У гэтым нешта ёсць. Кажуць, што нават дрэнная рэклама - добрая», - сказаў ён.

Словы Лукашэнкі суправаджаюцца крывой усмешкай і, здаецца, ён здзекуецца над сваімі апанентамі, чые заклікі да большай эканамічнай і палітычнай свабоды пакуль не пачутыя ўладамі.

58-гадовы кіраўнік не стамляецца распавядаць гасцям, што Беларусь з'яўляецца геаграфічным цэнтрам Еўропы. Але ў краіне з насельніцтвам у 9,5 мільёнаў чалавек каштоўнасці адрозніваюцца ад яе заходніх суседзяў.

Уздоўж шырокіх магістраляў Менска стаяць маналітныя будынкі савецкай эпохі. Ёсць вуліцы названыя ў гонар заснавальніка савецкай дзяржавы Уладзіміра Леніна і філосафаў Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса, хоць некаторыя могуць пахваліцца заходнімі крамамі накшталт выставачнай залы аўтамабіляў Porsche і сеткі рэстаранаў «Макдональдс».

Ні аднаго апазіцыйнага дэпутата ў беларускім «парламенце» няма. Лукашэнка ў выпадку свайго пераабрання можа кіраваць краінай да бясконцасці пасля рэферэндуму, які зняў усе абмежаванні для колькасці тэрмінаў кіравання.

Яго наймацнейшы супернік, Андрэй Саннікаў, які раней займаў пасаду намесніка міністра замежных спраў, у кастрычніку атрымаў палітычны прытулак у Велікабрытаніі пасля 16 месяцаў турмы, у якой, па яго словах, турэмны персанал падвяргаў яго катаванням і спрабаваў прымусіць здзейсніць самагубства.

Лукашэнка абяцае значную мадэрнізацыю дзяржаўнай эканомікі і, магчыма, стварэнне партыйнай палітычнай сістэмы. Але ён смяецца над размовамі аб хуткіх пераменах або магчымасці перавароту, падобнага на «арабскую вясну», якая смяла блізкаўсходніх кіраўнікоў.

«Няма сэнсу параўноўваць Беларусь і Блізкі Усход. Некалькі чалавек спрабавалі з дапамогай сацыяльных сетак зрабіць сітуацыю выбуханебяспечнай», - сказаў ён, успамінаючы маўклівыя пратэсты мінулага года, калі праціўнікі ўладаў сабраліся ў грамадскіх месцах і пляскалі ў далоні.

«Але нічога не выйшла. Нічога з гэтага выйдзе. Перамены адбываюцца кожны дзень. Няма магчымасці для рэвалюцыі ў Беларусі », - сказаў дыктатар, седзячы ў крэсле ў багата ўпрыгожанам раскошным пакоі з зялёнымі дыванамі і люстрамі ў сваёй рэзідэнцыі.

У сярэдзіне 2010 года, пасля таго, як з'явіліся прыкметы таго, што Лукашэнка аслабляе ціск на палітычную апазіцыю, здавалася, што заходнія ўрады могуць аслабіць яго крытыку.

Але ўсё гэта скончылася ў снежні 2010 года, калі міліцыя разагнала мітынг з удзелам дзесяткаў тысяч людзей, якія пратэставалі супраць яго перавыбрання.

Шэраг палітыкаў, якія выступілі супраць яго ў барацьбе за прэзідэнцкі пост, у тым ліку і Саннікаў, былі затрыманыя сіламі бяспекі, многіх арыштоўвалі ў іх дамах. Пасля гэтага ЕЗ і ЗША зрабілі больш жорсткімі санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і яго атачэння.

На гэтым тыдні Міністэрства юстыцыі закрыла менскі офіс праваабарончай арганізацыі «Вясна», кіраўнік якой Алесь Бяляцкі, асуджаны на 4,5 гады турмы па абвінавачванні ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў». Amnesty International назвала прысуд несправядлівым.

Лукашэнка лічыць, што яго крытыкуюць за неадпаведнасць заходнім палітычным стандартам.

«Вам не падабаецца той курс, які абрала Беларусь. Вы хацелі б, каб усе тут было прададзена ў інтарэсах расейскіх ці заходніх кампаній», - амаль крычыць ён, нахіляючыся наперад у сваім крэсле. Яго твар пацямнеў ад гневу.

«Вам не падабаецца, што ў нас добрыя адносіны з Расеяй. Але гэта наканавана нашай гісторыяй. Падчас апошняй вайны мы разам змагаліся ў акопах з нацыстамі. Мы выратавалі вас, Еўропу, ад таго, каб вы сталі рабамі свайго ўласнага фюрэра», - кажа ён.

У якасці завэлюмаванай пагрозы Еўропе ён заявіў, што кантынент атрымлівае вялікую частку нафты і газу з Расеі па трубаправодах, якія праходзяць праз яго краіну.

«Так, каму патрэбныя гэтыя падвойныя стандарты? Каму патрэбная нестабільнасць у цэнтры Еўропы? Ні вам, ні нам, ні Расеі. Давайце размаўляць, мы ж людзі», - сказаў ён.

Лукашэнка абвяргае абвінавачванні ў наяўнасці ў краіне палітычных зняволеных, кажучы, што канкрэтныя выпадкі, пра якія гавораць на Захадзе, адносяцца да людзей, якія здзейснілі крымінальныя злачынствы. Ад пытання аб парушэннях праў чалавека Лукашэнка адмахнуўся, сказаўшы, што з'яўляецца гарантам самага важнага права - права на жыццё.

Успамін пра акцыю шведскага рэкламнага агенцтва, якое ў чэрвені скінула каля тысячы плюшавых медзведзянятаў над Беларуссю, прымушае яго ўскіпець.

«Вы нядаўна адправілі самалёт з цацкамі, гэта было парушэннем. А што, калі б ваенныя адкрылі агонь і забілі б людзей?»- пытаецца ён.

Інфляцыя ў Беларусі ў 2011 годзе склала 108 адсоткаў, і, хоць яна ўпала да 18 адсоткаў у першыя 10 месяцаў 2012 года, жыхары краіны не карыстаюцца манетамі ў разліках, а выкарыстоўваюць банкноты з вялікай колькасцю нулёў.

Беларусь таксама мае пазыку ў 12 мільярдаў даляраў, што з'яўляецца вялікай сумай для краіны, ВУП якой, па словах Лукашэнкі, складае 60 мільярдаў даляраў.

Нягледзячы на гэта, па яго словах, у краіне захоўвалася стабільнасць, а ён на працягу двух дзесяцігоддзяў вёў вайну з карупцыяй, у той час, як суседнюю Расею захліснулі мафіёзныя злачынствы, гвалт, а часам і палітычны хаос.

«Просты народ пасадзіў мяне ў гэтае крэсла. Я ніколі не адыду ад таго, што абяцаў людзям», - сцвярджае ён.

У эканамічнай нестабільнасці і ваганнях курсу рубля ён вінаваціць апазіцыю.

Эканоміка застаецца праблемай для многіх беларусаў.

«Як мы можам жыць, калі кожны год адбываецца крызіс?» - Кажа 45-гадовы Андрэй, жыхар Менска, які адмовіўся назваць сваё прозвішча.

Эфектыўнай машынай бяспекі рэжыму застаецца КДБ, які захаваў сваю гістарычную назву і забяспечвае падаўленне народных пратэстаў. Насупраць будынку камітэта да гэтага часу стаіць помнік заснавальніку савецкай службы бяспекі Феліксу Дзяржынскаму.

Нягледзячы на сваю варожасць у адносінах да Заходняй Еўропы, ён асцерагаецца што Беларусь будзе ўцягнутая назад у арбіту Масквы.

Беларусь рухаецца ў напрамку мытнага саюза з Расіеяй і Казахстанам. Масква па-ранейшаму дэманструе прыкметы насцярожанасці ў адносінах да непрадказальнасці Лукашэнкі, а беларускія палітолагі кажуць, што паміж ім і Уладзімірам Пуціным не такія ўжо і цёплыя адносіны.

Балансаванне паміж Захадам і Расеяй скончылася на карысць апошняй у мінулым годзе, калі ў Беларусі пачаўся фінансавы крызіс.

У абмен на выратаванне эканомікі ўлады Беларусі абавязаліся дазволіць прыватызацыю некаторых дзяржаўных кампаній, якія могуць зацікавіць расейскіх інвестараў і дазволіў продаж «Белтрансгаза».

Лукашэнка разлічвае і на новае пагадненне з Міжнародным валютным фондам для таго, каб пераадолець чаканы ў наступным годзе крызіс з-за выплат па пазыках. Але ён патрабуе ад міжнародных крэдытораў перастаць «палітызаваць» гэтае пытанне.

Ніякіх канстытуцыйных перашкод для таго, каб забараніць яму заняць свой пост у пяты і шосты раз няма. Пры гэтым Лукашэнка адмаўляе, што рыхтуе сабе пераемніка і кажа, што не будзе «трымацца за ўладу».

Напісаць каментар 141

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках