«Независимая газета»: Беларусь уступае ў вельмі цяжкі год
34- 26.11.2012, 11:57
На гэтым тыдні прадстаўнічая дэлегацыя беларускіх чыноўнікаў сустрэнецца з патэнцыяльнымі пакупнікамі сваіх аблігацый у Сінгапуры і Кітаі.
Арганізатарамі размяшчэння еўрабондаў выступяць брытанскі ВТБ Капітал плс і расейскае ЗАТ «Ашчадбанк CIB», піша «Независимая газета».
Інфармацыю пра запланаванае на 27-30 лістапада roadshow беларускіх еўрабондаў, якая некалькі тыдняў хадзіла ў выглядзе чутак, у пятніцу нарэшце пацвердзіў Мінфін. У кароткім паведамленні галоўнага фінансавага ведамства гаворыцца пра тое, што ў Сінгапур і Ганконг «для правядзення серыі сустрэч з міжнароднымі інвестарамі» адправяцца міністры фінансаў і эканомікі Андрэй Харкавец і Мікалай Снапкоў, а таксама першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Юрый Алымаў і старшыня праўлення Банка развіцця Сяргей Румас. Сустрэчы адбудуцца «у рамках падрыхтоўкі выпуску еўрааблігацый», арганізатарамі якіх выступяць ВТБ Капітал плс (Велікабрытанія) і ЗАТ «Ашчадбанк CIB» (Расейская Федэрацыя). Аб суме размяшчэння не паведамляецца, аднак раней чыноўнікі называлі лічбы 500-600 млн. дал. Само размяшчэнне меркавана адбудзецца ў пачатку 2013 года.
Беларускія чыноўнікі кажуць пра тое, што маюць намер рэфінансаваць існуючыя пазыкі як мінімум паўгода. Спачатку была спроба дамовіцца з МВФ, якая не ўвянчалася поспехам па палітычных матывах, затым прадпрымальны Менск спрабаваў падзарабіць на кантрабандзе нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў і у абыход расейскага бюджэту. Расея не толькі закрыла гэтую магчымасць, але і зусім скараціла аб'ёмы паставак нафты ў Беларусь. Замежныя інвестыцыі, якія маглі б вырашыць праблему беларускага безграшоўя, таксама ў краіну не ідуць як па прычыне яе палітычнай ізаляцыі, так і высокіх эканамічных рызык, спароджаных сталым і грубым умяшаннем дзяржавы ў эканоміку. Прадаваць ўласнасць Лукашэнка не дазваляе, бо баіцца разам з ёй страціць сваю ўладу.
Тым часам нерэфармаваная адміністрацыйна-рэгуляваная эканоміка становіцца ўсё слабей. «Нацягнуць» патрабаваныя Лукашэнкам паказчыкі ўжо не могуць нават прыпіскі, таму Белстат фіксуе зніжэнне тэмпаў росту ВУП. Пры гэтым краіна ўступае ў вельмі цяжкі год, у чым прызнаўся на мінулым тыдні нават сам кіраўнік. Па раней узятых крэдытах і пазыках Беларусь павінна выплаціць суму ў два разы большую, чым у бягучым годзе, - 3 млрд. дал. Міністэрства фінансаў у гэтай сітуацыі вельмі абмежаванага выбару не знайшло нічога іншага, як размясціць чарговыя еўрабонды. Зараз на азіяцкім рынку. Нагадаем, Беларусь ужо прадавала свае аблігацыі на еўрапейскім рынку. Першае размяшчэнне адбылося летам 2010 года - на суму 600 млн. руб., некалькі пазней яшчэ на 400 млн. дал., а ў пачатку 2011-га - на 800 млн. дал.
Сам па сабе такі інструмент прыцягнення сродкаў з'яўляецца прагрэсіўным і рынкавых і нараканняў не выклікае. У кастрычніку станоўча планы прыцягваць фінансаванне праз выпуск аблігацый ацаніла і місія МВФ, якая працавала ў Беларусі. «У кароткатэрміновай перспектыве мы б падтрымалі такое запазычанне», - сказаў кіраўнік місіі па Беларусі Дэвід Хофман. Сумневы экспертаў у эфектыўнасці гэтага інструмента заснаваныя выключна на асаблівасцях беларускай эканомікі - грошы ўкладваюцца не ў развіццё, якое ў далейшым дазволіць разлічыцца з пазыкамі, а альбо праядаюцца, альбо ідуць на пагашэнне старых пазык. «Урад Беларусі павінен адсочваць агульны ўзровень знешняй пазыкі», - папярэдзіў Дэвід Хофман. Да таго ж даходнасць беларускіх аблігацый (8,75%, 8,251% і 8,95%) эксперты называюць вельмі далёкай ад выгаднай.
Пакуль Беларусь не дасягнула парогавага значэння бяспекі знешняй дзяржпазыкі, устаноўленага на ўзроўні 25% ВУП. Цяперашні год краіна плануе скончыць з яго ўзроўнем 24,2%, аднак бюджэт на наступны год прадугледжвае павелічэнне ліміту дзяржпазыкі на 2 млрд. дал.- да 16, 3 млрд. дал, што павінна скласці 23% ВУП. Як няцяжка здагадацца, урад, прымаючы такое рашэнне, разлічваў на рост ВУП у наступным годзе. Прагноз прадугледжвае 8,5%. Праўда, эксперты аптымізм улады не падзяляюць. «Адкуль у 2013 годзе возьмецца рост ВУП на 8,5%, калі за восем месяцаў гэтага года ён складае толькі 2,5%?» - здзіўляецца экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч. «Такія лічбы названыя, каб Лукашэнка быў задаволены. Казаць, што гэта план, - непрыстойна. Жыццё пакажа свае лічбы. Названыя лічбы нічога не значаць», - згодзен з ім і беларускі эканаміст Леанід Заіка.