27 лiстапада 2024, Серада, 1:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Guardian» пра Андрэя Саннікава

131
«Guardian» пра Андрэя Саннікава

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» даў інтэрв'ю вядучай брытанскай газеце.

У 2010 годзе лідэр беларускай апазіцыі Андрэй Саннікаў прыняў удзел у прэзідэнцкіх выбарах у краіне. Ён не меў ілюзій адносна магчымасці «перамогі» на іх, піша «Guardian» (пераклад - charter97.org).

З моманту прыходу да ўлады ў 1994 годзе аўтарытарны кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка трымаў яе ў жалезным кулаку. Але Саннікаў не чакаў ад рэжыму такіх рэпрэсій - самых жорсткіх за апошнія 20 гадоў.

Увечары ў дзень галасавання Саннікаў і каля 30 000 прыхільнікаў апазіцыі сабраліся на пакрытай снегам цэнтральнай плошчы Менска. Ён смутна памятае пра тое, што адбылося далей. Амапаўцы схапілі Саннікава, шпурнулі яго на зямлю, а затым жорстка збілі. «Я страціў прытомнасць, - кажа палітык. - Мая жонка і сябар накрылі мяне сваімі целамі. Яны выратавалі маё жыццё».

Калі Саннікаў прыйшоў у сябе, ён не мог хадзіць. Невядомы афіцэр міліцыі разбіў яму калена металічным шчытом, нага не рухалася. Сябры дапамаглі яму дабрацца да аўтамабіля журналістаў.

Па дарозе ў шпіталь супрацоўнікі спецслужбаў зноў спынілі машыну і выцягнулі яго. Яны зноў сталі збіваць Саннікава. «Я чуў крыкі маёй жонкі», - успамінае кандыдат у прэзідэнты. Яго арышт стаў вынікам загадзя спланаванай уладамі правакацыі з «штурмам» Дома ўрада.

Саннікава даставілі ў вядомую менскую турму КДБ, якую жыхары горада называюць «амерыканкай» (пасля распаду Савецкага Саюза Расея памяняла назвы спецслужбаў, КДБ там стала ФСБ, Лукашэнка захаваў старую назву). Ахоўнікі турмы адмовілі яму ў медыцынскай дапамозе. Калі Саннікава кінулі за краты, пры ім усё яшчэ было пасведчанне кандыдата ў прэзідэнты. Сябры, сям'я, міжнародная супольнасць асцерагаліся горшага, прайшлі тыдні перш чым высветлілася, што ён жывы.

Саннікаў - былы дыпламат і адзін з найбольш вядомых беларускіх апазіцыянераў. У турме ён правёў 16 месяцаў. У траўні 2011 года палітык быў асуджаны на пяць гадоў па абвінавачванні ў «падбухторванні да масавых беспарадкаў». Яго, як і іншых зняволеных, прыніжалі, прымушалі распранацца дагала падчас рэгулярных надглядаў.

У адзін з момантаў рэжым спрабаваў штурхнуць яго на самагубства. Яго пакінулі ў адзіночнай камеры разам з лязом брытвы і кавалкам вяроўкі.

Саннікава вызвалілі ў красавіку 2012 года. У жніўні Лукашэнка, апошні дыктатар Еўропы па выразе былога дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс, сказаў, што Саннікаў зноў можа быць арыштаваны. Ён, не жадаючы таго, вымушаны быў прасіць палітычнага прытулку ў Велікабрытаніі.

Жонка Саннікава Ірына Халіп і іх пяцігадовы сын Даня засталіся ў Менску. Фактычна яны - заложнікі рэжыму Лукашэнкі.

Падчас размовы ў Лондане Саннікаў сказаў, што Беларусь заслужыла рэпутацыю самай рэпрэсіўнай дзяржавы Еўропы.

«Лукашэнка з'яўляецца дыктатарам. Ён адкрыта так сябе называе. Часам ён спрабуе какетнічаць і кажа, што гэта не так, але ён прызнаваўся ў гэтым некалькі разоў, - кажа Саннікаў. - Як і іншыя дыктатары, Лукашэнка валодае жывёльным інстынктам захавання ўлады».

Знаходзячыся ў выгнанні, Саннікаў не можа сустрэцца са сваёй жонкай Халіп, вядомай журналісткай расейскай «Новой газеты». Яна таксама была заключаная ў турму ў снежні 2010 года за ўдзел у дэманстрацыі, улады прыгразілі забраць іх сына ў дзіцячы дом. Затым яна правяла месяцы пад хатнім арыштам КДБ. Два агента жылі ў яе кватэры, ёй было забаронена падыходзіць да акна, карыстацца тэлефонам і электроннай поштай.

У мінулым месяцы Лукашэнка «абяцаў» вызваліць яе падчас сустрэчы з уладальнікам газеты The Independent Яўгенам Лебедзевым, які прасіў аб яе вызваленні. Нягледзячы на гэта, ёй забаронена пакідаць Менск, паехаць да свайго мужа і складана працаваць у якасці журналіста.

Саннікаў апісвае сістэму кіравання Беларуссю як «калгасную дыктатуру».

Рэпрэсіі, якія былі зробленыя пасля прэзідэнцкіх выбараў, сталі следствам перамогі «сілавікоў» - прыхільнікаў жорсткай лініі на чале з Віктарам, адным з сыноў Лукашэнкі.

«Сістэма не мае ідэалогіі. Яна адмаўляе нацыянальныя каштоўнасці - мову, культуру, гісторыю. Яна засноўваецца толькі на жаданні захаваць уладу», - кажа Саннікаў.

Саннікаву 58 гадоў, ён вырас у Менску. Вывучаў англійскую мову і стаў працаваць у савецкай сістэме МЗС. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе працаваў дыпламатам у ЗША і Швейцарыі. У 1995 годзе стаў намеснікам міністра замежных спраў. Сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць палітыкі Лукашэнкі і стаў адным з арганізатараў дэмакратычнай ініцыятывы «Хартыя'97». Ён быў адным з некалькіх кандыдатаў у прэзідэнты, арыштаваных Лукашэнкам пасля выбараў 2010 года, паводле афіцыйных дадзеных, ён заняў другое месца.

На працягу амаль двух дзесяцігоддзяў знаходжання ва ўладзе Лукашэнка праводзіў палітыку балансавання паміж Захадам і Усходам, выкарыстоўваючы Брусэль супраць Масквы. Пасля падаўлення выступленняў у 2010 годзе ЕЗ зноў увёў забарону на ўезд для Лукашэнкі і 150 службовых асоб. Але, па словах Саннікава, дэмакратычны свет занадта спакойна ставіцца да таго, што адбываецца ў Беларусі. Гэта постсавецкая дзяржава не толькі адрозніваецца рэпрэсіўнасцю ўнутры краіны, але і гандлюе зброяй з краінамі-ізгоямі і падобнымі арганізацыям па ўсім свеце.

«Беларусь ўяўляе сабой пагрозу для міжнароднай бяспекі. Дыктатары кансалідуюцца. Яны ўтвараюць клуб», - сцвярджае ён.

Гэты клуб, як лічыць Саннікаў, становіцца ўсё большым. Лідэр апазіцыі кажа аб сваім песімізме ў адносінах да суседняй з Беларуссю Расеі, дзе прэзідэнт Уладзімір Пуцін пачаў уласныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці пасля свайго вяртання ў Крэмль у траўні.

«Расея ідзе шляхам Беларусі», - адзначае ён. Украіна і іншыя постсавецкія дзяржавы, такія як Грузія, ідуць у тым жа зваротным напрамку, лічыць палітык.

Знаходзячыся ў турэмнай камеры Саннікаў чуў пра паўстанні на Блізкім Усходзе ў мінулым годзе. Ён успамінае: «Калі я пачуў пра арабскую вясну, у мяне было амаль фізічнае адчуванне таго, што мы падрыхтавалі перамены ў Беларусі. Але хтосьці там наверсе вырашыў, што гэта павінна адбыцца ў іншым месцы. Гэта было несправядліва ў адносінах да Беларусі», - кажа ён з іроніяй. Палітык абвяргае ідэю аб тым, што самаабвешчаны бацька нацыі Лукашэнка мае масавую народную падтрымку. Цяжкі эканамічны крызіс у Беларусі паказаў, што ўзровень жыцця падае, нягледзячы на тое, што Расея ратуе Лукашэнку.

«Пераважная большасць беларусаў хацела б перамен», - кажа Саннікаў.

На дадзены момант Лукашэнка выжывае, звяртаючыся да тэрору, КДБ і таннага савецкага папулізму. У турме яго дапытваў кіраўнік КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў. «Гэта было б смешна, калі б не было так сумна. Гэтыя людзі не мяняюцца. Яны вам хлусяць, выкарыстоўваюць ілжывую інфармацыю, ілжывыя абвінавачванні», - сказаў Саннікаў, успамінаючы, як Зайцаў абвінаваціў яго ў зносінах з замежнымі «шпіёнамі» і называў «марыянеткай Захаду».

Беларусь з'яўляецца невялікай краінай з насельніцтвам у 9 з паловай мільёнаў чалавек. Яе часта бачаць у якасці свайго роду тэматычнага парку савецкай эпохі і асацыююць са змрочным таталітарным кіраваннем. Умовы жыцця ў ёй былі парушаныя імклівай інфляцыяй і абясцэньваньнем нацыянальнай валюты. Але, па словах Саннікава, Беларусі ёсць што прапанаваць. Багатая культура, першакласны балет і музыка, прыродная прыгажосць азёр і лясоў. Ён перакананы, што пасля Лукашэнкі Беларусь можа далучыцца да заходняга мэйнстрыму і стаць квітнеючай еўрапейскай дзяржавай.

Саннікаў перакананы, што рэжым Лукашэнкі вырачаны.

«Я не бачу будучыні для яго», - кажа ён. Ён не можа прадказаць, калі ўпадзе рэжым, але дадае: «Гэта ўсяго толькі пытанне часу».

Фота - Шон Сміт

Напісаць каментар 131

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках