2 лiстапада 2024, Субота, 22:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Урад чакае хуткая адстаўка

37
Станіслаў Багданкевіч: Урад чакае хуткая адстаўка

Урад Мясніковіча чакае адстаўка з-за правалаў у эканоміцы.

Сітуацыя ў беларускай эканоміцы працягвае заставацца трывожнай. Стаўкі міжбанкаўскіх крэдытаў зноў пайшлі ўверх, дасягнуўшы 45%, найбуйнейшы банк краіны адмовіўся крэдытаваць куплю жылля, а статыстыка па неплацяжах зноў абнавіла рэкорды.

Адказы на актуальныя пытанні - у інтэрв'ю сайту ucpb.org экс-старшыні Нацбанку Беларусі Станіслава Багданкевіча.

- Першае пытанне, мабыць, традыцыйнае для Вас - што чакае беларускі рубель і беларускую эканоміку? Ці будзе новая дэвальвацыя і чарговая хваля крызісу?

- Справа не ў валюце, а ў эканоміцы. Сітуацыя на валютным рынку - адлюстраванне нашых эканамічных праблем. Грашовая маса павялічваецца, і заявы улад аб тым, што прыбыткі павінны адпавядаць прадукцыйнасці, не выконваюцца, чым парушаецца фундаментальны закон эканомікі. Валавы ўнутраны прадукт за 10 месяцаў вырас усяго на 2,2%, аднак улада працягвае штучна падымаць зарплаты і пенсіі, іх рублёвы і даляравы эквівалент. Гэта азначае, што будзе інфляцыя і будзе дэвальвацыя.

Разам з тым, не думаю, што дэвальвацыя ў гэты раз будзе абвальнай, ёсць шанцы ўтрымаць яе ў будучым годзе ў рамках 10 адсоткаў, калі разумна весці эканоміку. Улады вучацца на сваіх памылках і пакуль не наступаюць на старыя граблі. Грашовая маса расце, але куды больш сціплымі тэмпамі, чым у 2010-11 гадах.

- Гэта значыць, палітыка стрымлівання росту абменных курсаў будзе працягнутая і ў 2013 годзе. Ці ёсць для гэтага рэсурсы?

- Думаю, так. Улады абвясцілі, што яны выпусцяць еўрабонды, будуць прадаваць каштоўныя паперы, будуць балансаваць за кошт знешніх пазык - Расея гатовая даваць гэтыя пазыкі. Улада ў стане зрабіць так, каб гэты год прайшоў без вялікіх узрушанняў, але для гэтага павінна быць больш эфектыўнае кіраванне.

- Ці чакаеце буйных кадравых змен?

- Мой прагноз: Хутка ў Беларусі будзе іншы ўрад.

- Што можа паслужыць штуршком для яго змены?

- Цяпер не выконваюцца найважнейшыя паказчыкі ў эканоміцы. Здавалася б, пры зніжэнні коштаў на газ энергаёмістасць павінна знізіцца, а мы толькі за першае паўгоддзе маем яе рост на 7 адсоткаў на адзінку прадукцыі. Неплацежаздольнасць павялічваецца, расце як крэдыторская, так і дэбіторская запазычанасць, прадукцыя адгружаецца, але не аплочваецца. Не аплочваецца таму, што ў банкаў праблемы з ліквіднасцю і яны не могуць крэдытаваць бізнэс у ранейшых аб'ёмах і на ранейшых умовах. У прынцыпе, гэта правільная палітыка - прадпрыемствы павінны самі зарабляць грошы, выпускаючы і прадаючы прадукцыю, але грошы на выпуск гэтай самай прадукцыі ляжаць на складах або замарожаныя ў выглядзе адгружанага, але не аплочанага тавару. Праблемы нарастаюць, але мая асабістая ацэнка - гэтыя праблемы не абвальныя пры ўмове адэкватнага кіравання.

- «Беларусбанк» спыніў крэдытаванне фізічных асоб на куплю жылля. У чым Вы бачыце прычыны такога рашэння найбуйнейшага банка краіны?

- Галоўная прычына - праблемы з ліквіднасцю. Справа ў тым, што асноўныя дэпазіты, уклады грамадзян, сканцэнтраваныя менавіта ў «Беларусбанку», а ў апошнія месяцы, пачынаючы з чэрвеня і асабліва ў верасні-кастрычніку, уклады рэзка скараціліся, насельніцтва канфіскавала іх. Таму давялося скарачаць крэдытаванне - і пад скарачэнне трапіў жыллёвы сектар як найбольш ёмісты і адносна бяспечны ў плане магчымых сацыяльных наступстваў. Калі банкі атрымліваюць рэсурсы пад 30 і вышэй адсоткаў - кошт крэдыту вырастае да завоблачных велічынь, якія пагражаюць уяўленням людзей аб сацыяльнай стабільнасці - так што можна выказаць здагадку і аб палітычных матывах. Але галоўная прычына - банальны недахоп грошай.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках