27 лiстапада 2024, Серада, 9:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Le Monde»: Свабодны голас Беларусі

22
«Le Monde»: Свабодны голас Беларусі

Мужнасць мае свой кошт. Але мы не заўсёды можам вымераць гэтую велічыню.

19 снежня 2010 года на вуліцах Менска было холадна і слізка. Сухі халодны вецер дзьмуў над галоўным праспектам беларускай сталіцы. Галасаванне скончылася гадзіну назад, яго вынікі былі напісаныя загадзя. Ва ўмовах дыктатуры рэальных магчымасцей змяніць урад амаль няма. У той дзень Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе ў Беларусі з 1994 года, абвясціў, што 80% прагаласавалі за яго на выбарах прэзідэнта краіны. Так скончылася імітацыя дэмакратыі, піша Пётр Смоляр на старонках вядучай французскай газеты Le Monde (пераклад - charter97.org).

Дзесяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць фальсіфікацый. Улады адказалі на гэта міліцэйскімі дубінкамі.

Мужнасць мае кошт. Некаторыя называюць гэта абавязкам. 19 снежня ў калоне людзей, якія ішлі па праспекце, мы сустрэлі і Наталлю Радзіну. У яе вачах былі слёзы. Мы спыталі ў яе, куды ідуць людзі. Яна ўсміхаецца: «Куды? Да Дому ўрада». Яна - журналіст, а не салдат і не падбухторшчык пратэстаў. Людзей проста дастала кіраванне краінай былога старшыні калгасу Аляксандра Лукашэнкі.

Яна ўспомніла гэты эпізод падчас візіту ў Парыж па запрашэнні Міністэрства замежных спраў Францыі і сумна ўсміхнулася. Вельмі шмат падзей здарылася пасля гэтага дня. Наталля Радзіна была вымушаная пакінуць краіну, каб прадоўжыць сваю працу.

Яна ўзначальвае рэдакцыю найбуйнейшага незалежнага беларускага сайта charter97.org, прыкладам для якога стала Хартия'77 у былой камуністычнай Чэхаславакіі. Сайт наведваюць больш за 100 тысяч чалавек кожны дзень. Гэта значная колькасць, улічваючы невялікі памер Беларусі.

«Мы знаходзімся ў «чорным спісе» сайтаў, якія забароненыя ў школах, універсітэтах, урадавых установах і дзяржаўных прадпрыемствах. Улады ўнеслі ў яго палітычныя рэсурсы нароўні з экстрэмісцкімі і парнаграфічнымі», - кажа яна.

Наталлі 33 гады, раней яна працавала ў розных незалежных СМІ. Амаль усе з іх былі зачыненыя ўладамі.

«Выбары» 23 верасня сталі пародыяй на выбарчую кампанію. Пасля іх правядзення Аляксандр Лукашэнка захаваў поўны кантроль над парламентам, 109 месцаў з 110 у ім занялі праўладныя кандыдаты.

«Лукашэнка кіруе краінай гвалтам і страхам, - кажа Наталля Радзіна. - Забойствы, арышты, запалохванні, звальненні з працы. Людзі становяцца ценямі. Яго рэальная падтрымка не перавышае 20%».

Прэзідэнцкія выбары ў снежні 2010 года разбурылі надзеі на лібералізацыю. Каля 700 чалавек былі арыштаваныя, грамадзянская супольнасць знішчана. Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», знаходзіцца ў турме ўжо больш за год. У пачатку лістапада стала вядома, што галоўны супернік Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах Андрэй Саннікаў, які ў красавіку выйшаў на волю з жудаснай турмы, нарэшце атрымаў палітычны прытулак у Велікабрытаніі.

«Гэта цяжкае рашэнне для мяне, але альтэрнатывы не было. Альбо падвяргацца катаванням у турме, альбо маўчаць і нічога не рабіць», - сказаў ён у інтэрв'ю charter97.org.

Наталля Радзіна прымала ўдзел у яго выбарчай кампаніі. Гэта была адна з прычын яе арышту 19 снежня 2010 года. Пасля паўтары месяцаў утрымання пад вартай, напярэдадні саміту ЕЗ у студзені 2011 года, журналістку выпусцілі з турмы. Але яна павінна была жыць у Кобрыне, разам са сваімі бацькамі. Яе бацька - вайсковец, маці ўсё жыццё працавала ў дзіцячым садзе. Кожны дзень супрацоўнікі міліцыі правяралі яе. Тэлефон праслухоўваўся, кантакты былі абмежаваныя. Аднойчы ноччу Наталля змагла выехаць у Расею на аўтамабілі.

«Мой пашпарт застаўся ў КДБ. На шчасце кантролю дакументаў на мяжы з Расеяй няма», - кажа яна.

Прыехаўшы ў Маскву нелегальна, журналістка змагла з дапамогай НВА «Мемарыял» атрымаць легальны статус.

Перш, чым пачаўся наступны этап яе шляху, яна раптам атрымала нечаканую дапамогу з Крамля: «Мне патрэбна была выязная віза. Уладзіслаў Суркоў, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, дапамог яе атрымаць». Гэта рашэнне расейскіх улад ілюструе складаныя, часта супярэчлівыя адносіны паміж Менскам і Масквой. Іх сяброўства пераменлівае.

Тым не менш, Наталля Радзіна не выяўляе аптымізму ў дачыненні да Расеі. «За апошнія два стагоддзі мы страцілі нашу культуру, гісторыю, мову з-за расейскага і савецкага праўлення. Лукашэнка працягвае гэтую палітыку і сёння», - кажа яна.

15 кастрычніка Еўрапейскі Звяз вырашыў падоўжыць на адзін год рашэнне аб замарожванні актываў і забароне выдачы віз у дачыненні 243 чыноўнікаў, замешаных у рэпрэсіях. Таксама падоўжаныя санкцыі ў дачыненні да 32 кампаній, якія належаць блізкім да ўлад бізнесменам.

Гэтага, па словах Наталлі Радзінай, недастаткова. Яна выступае за ўзмацненне жорсткасці санкцый супраць улад сваёй краіны. «Дыялог немагчымы, таму што правядзенне рэформ азначае канец для дыктатара. Лукашэнка вядзе шантаж, гуляючы на супярэчнасцях Расеі і Еўрапейскага Звяза. Павінны быць уведзеныя новыя санкцыі, а не проста працяг старых, - кажа яна. - Неабходна пашыраць спіс алігархаў і іх кампаній і, самае галоўнае, - перастаць купляць нафтапрадукты, гандаль якімі ўзбагачае сям'ю Лукашэнка, КДБ і некаторых алігархаў».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках