27 лiстапада 2024, Серада, 5:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Завадская: Пасля такіх слоў Сівакоў павінен быць дапытаны

28
Святлана Завадская: Пасля такіх слоў Сівакоў павінен быць дапытаны

Словы экс-міністра ўнутраных спраў не сталі навіной для ўдавы выкрадзенага журналіста Зміцера Завадскага.

«Юрый Сівакоў сказаў тое, пра што праваабаронцы і журналісты кажуць больш дзесяці гадоў. Яго прозвішча заўсёды гучала, калі гаворка ішла аб выкрадзеных палітыках і грамадскіх дзеячах, таму падобнае прызнанне выглядае цалкам дарэчным», - сказала Святлана Завадская ў інтэрв'ю charter97.org.

Удава Зміцера Завадскага лічыць, што праваахоўныя органы павінны адрэагаваць на словы Юрыя Сівакова.

«Слова былога кіраўніка МУС можна ўспрымаць па-рознаму. Яны могуць сведчыць аб прамой віне, альбо аб тым, што ён дзесьці быў няправы, не так сябе паводзіў. Могуць быць і агаворкай. У любым выпадку, адпаведныя органы павінны дапытаць яго аб датычнасці да выкраданняў і забойстваў вядомых людзей», - кажа яна.

Святлана Завадская лічыць, што пры цяперашняй уладзе адкрытага расследавання выкраданняў і забойстваў Зміцера Завадскага, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага не будзе.

«Улады не дапусцяць незалежнага расследавання гэтых злачынстваў. Праўду мы даведаемся толькі пасля змены сітуацыі ў Беларусі і падзення дыктатуры», - сказала яна.

Нагадаем, былы міністр унутраных спраў зрабіў нечаканую заяву.

«Напэўна, любы разважны чалавек, які са мной ніколі не сустракаўся, а ведае пра Сівакова толькі па чутках, звязвае гэтае прозвішча са зніклымі палітыкамі. Ну што ж... Я за гэта адказваю, мая віна ў гэтым была, ёсць і будзе», - сказаў ён.

У 1999 годзе зніклі без вестак выконваючы абавязкі старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі Віктар Ганчар, бізнесмен Анатоль Красоўскі і былы кіраўнік МУС Юрый Захаранка. Пазней знік журналіст Зміцер Завадскі. Пасля былі апублікаваныя дакументы, якія сведчылі, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі расправіўся «эскадрон смерці», загады якога аддавала вышэйшае кіраўніцтва краіны. Сярод датычных да выкраданняў і забойстваў згадваўся і Юрый Сівакоў. Пасля яму, таксама, як і іншым беларускім чыноўнікам з-за гэтага быў забаронены ўезд у краіны Еўразвяза.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках