26 лiстапада 2024, aўторак, 22:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянцін Стэфановіч: У КДБ буяная фантазія

21
Валянцін Стэфановіч: У КДБ буяная фантазія

Праваабаронца не верыць, што моладзевы актывіст Андрэй Гайдукоў працаваў на замежную выведку.

«Мы чулі афіцыйную версію КДБ, інфармацыі там крыху - тое, што ён быў затрыманы нібыта пры закладцы ў схованку інфармацыі, якая прызначалася для замежнай службы выведкі. Я не занадта давяраю гэтаму ўлічваючы, што ў нас ужо ёсць вопыт, калі КДБ займаўся рознымі буянымі фантазіямі», - сказаў у інтэрв'ю сайту charter97.org намеснік кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца нагадаў, што КДБ ужо неаднаразова рабіў дзіўныя заявы:

«Тут можна ўспомніць прэс-канферэнцыю былога кіраўніка КДБ Сцяпана Сухарэнкі з пацукамі ў вадаправодзе і заявай аб тым, што апазіцыя нібыта рыхтавала выбухі на плошчы ў 2006 годзе. Паказвалі нам па тэлевізары «тэрарыста», які сказаў, што праходзіў навучанне ў Грузіі і там яго вучылі арабскія і амерыканскія інструктары. Можна ўзгадаць, калі перад выбарамі 2010 года па тэлевізары паказвалі гараж у Малінаўцы, у якім быў ваенны арсенал з гранатамётамі і кулямётамі і заявай пра тое, што гэты склад рыхтавала апазіцыя для захопу ўлады. Мы не ўбачылі развіцця ўсіх гэтых гісторый - ні абвінавачаных, ні падазроных, ні якіх-небудзь вынікаў».

Па словах Валянціна Стэфановіча, праваабаронцы не давяраюць заяве камітэта дзяржбяспекі:

«Калі спецслужбы займаюцца фантазіямі - гэта вельмі небяспечна. У 1930-я гады спецслужбы таксама любілі фантазіяваць. Яны выдумлялі змовы, саджалі і расстрэльвалі людзей. У такой сітуацыі мы, праваабаронцы, да інфармацыі КДБ ставімся з недаверам»

Праваабаронца называе нестыкоўкі ў версіі КДБ пра агента замежнай выведкі:

«Для мяне ёсць шэраг дзіўных момантаў. Якую інфармацыю, цікавую замежным спецслужбам, мог перадаваць чалавек, які працаваў слесарам на заводзе «Нафтан»? Ды яшчэ і ў схованку яе закладваць. У мяне выклікае сумневы, што ў свеце сучасных тэхналогій хтосьці будзе ў дупло або пень закладваць інфармацыю».

Валянцін Стэфановіч нагадаў, што па справе аб «плюшавым дэсанце» КДБ абвінаваціў людзей, якія да яе зусім не маюць дачынення:

«Свежыя і прыклады з Сяргеем Башарымавым і Антонам Сурапіным, якіх абвінавацілі ў тым, што яны мелі дачыненне да незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы. Уся віна Сурапіна заключалася ў тым, што ён размясціў у інтэрнэце фатаграфіі з плюшавымі мядзведзямі, а Башарымава у тым, што здаваў кватэру шведскім грамадзянам. Якім чынам гэта адносілася да інцыдэнту, які адбыўся - складана сказаць. Дарэчы, крымінальная справа ў дачыненні да іх не спынена».

Нагадаем, 8 лістапада быў арыштаваны актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Андрэй Гайдукоў. Цяпер ён знаходзіцца ў «амэрыканцы», КДБ абвінаваціў яго ў працы на замежную выведку.

Па заяве КДБ, актывіста затрымалі нібыта ў момант закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы. На яго заведзеная крымінальная справа па артыкуле 356 Крымінальнага Кодэксу «здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці».

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках