4 лiстапада 2024, панядзелак, 21:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Крах можа наступіць нечакана

65
Deutsche Welle: Крах можа наступіць нечакана

Эксперты даўно папярэджваюць пра пагрозу банкруцтва эканомікі Беларусі.

Але краху да гэтага часу не адбылося, хоць Менск па-ранейшаму не спяшаецца з эканамічнымі рэформамі і нават прымудраецца павышаць зарплаты бюджэтнікам. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць беларускую мадэль эканамічнага развіцця паспяховай, таму што яна, паводле яго выразу, «прайшла праверку часам», перадае Deutsche Welle.

Як доўга зможа функцыянаваць беларуская эканоміка ў яе цяперашнім стане, наколькі вялікі запас яе трываласці, і ці ёсць нявыкарыстаныя рэзервы?

На думку аналітыкаў, падстаў для аптымізму ў афіцыйнага Менска няшмат. Аляксандру Лукашэнке няма чым выхваляцца, так як будучыня Беларусі цяпер цалкам залежыць ад Расеі, сцвярджае эксперт варшаўскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў Каміл Клысінскі. Паводле яго слоў, 18 гадоў аднабокай і неадэкватнай палітыкі Лукашэнкі прывялі да васальнай залежнасці краіны ад Масквы, і цяпер толькі расейскія субсідыі і прэферэнцыі ў гандлі забяспечваюць працу беларускай эканомікі.

На думку Клысінскага, галоўнай памылкай беларускага кіраўніка быў разрыў з Захадам, вынікам чаго стала страта магчымасці палітычнага манеўру. Таму, працягвае польскі эксперт, Масква можа ўплываць не толькі на эканоміку, але і вызначаць ступень незалежнасці беларускай дзяржавы.

У той жа час, падкрэслівае Каміл Клысінскі, Расея не зацікаўленая ў дэстабілізацыі становішча ў суседняй краіне, але і ад сваёй тактыкі паступовага прымусу беларускага рэжыму да саступак не адмовіцца: «Расейцам надакучылі бясконцыя абяцанні Лукашэнкі, Крэмль чакае ад яго рэальных дзеянняў па прыватызацыі і будзе падтрымліваць Беларусь толькі на прагматычнай аснове». Клысінскі упэўнены, што крызіс беларускай эканомікі немінучы, калі Менск раптам адмовіцца ад супрацоўніцтва, а Масква - ад субсідавання партнёра.

Няма ні грошай, ні палітычнага крэдыту

Абвяргае словы Аляксандра Лукашэнкі аб правільнасці выбару мадэлі развіцця эканомікі і намдэкана факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі (ВШЭ) Андрэй Суздальцаў.

«Беларуская эканамічная мадэль грунтуецца на вольным доступе да расейскага рынку, самых танных у Еўропе энерганосьбітах, а таксама на закрытасці беларускага рынку і на наяўнасці магутнага дзяржсектара», - падкрэслівае аналітык. І дадае, што кожны год сума расейскіх прэферэнцый Менску складае ад 6 да 8 мільярдаў даляраў.

Акрамя таго, Беларусь ужо атрымала ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС 3 траншы крэдыту на суму ў 3,5 мільярда даляраў і чакае далейшых паступленняў. Усяго ж для падтрымання на плаву эканомікі Беларусі, паводле ацэнак Суздальцава, штогод неабходна 19 мільярдаў даляраў датацый.

На думку эксперта, на правядзенне рэформаў у беларускага прэзідэнта няма не толькі грошай, але і палітычнага крэдыту, паколькі рэфармаванне - працэс балючы для насельніцтва. «Лукашэнка думаў, што падмануў усіх, і Расею ў тым ліку, але апынулася, што праблемы нікуды не сышлі», - мяркуе Андрэй Суздальцаў.

Значэнне расейскіх датацый

Дырэктар па даследаваннях Цэнтра аналітычных ініцыятыў менскага Ліберальнага клуба Яўген Прэйгерман нагадаў, што па дадзеных Сусветнага банка аб'ём расейскай падтрымкі эканомікі Беларусі толькі з-за льгот на энергарэсурсы з 2001 па 2010 год складаў 13 адсоткаў ВУП штогод, а ў 2012 годзе, паводле некаторых ацэнак, дасягне 20 адсоткаў. «Гэтыя і іншыя прэферэнцыі з'яўляюцца прычынай адсутнасці эканамічнага абвалу, а зусім не нейкая паспяховая мадэль, пра якую заяўляе беларускі прэзідэнт», - тлумачыць Прэйгерман.

Паводле яго слоў, прадстаўленне аб маштабах сістэмных праблем у эканоміцы краіны даюць афіцыйныя зводкі Камітэта дзяржкантролю, з якіх відаць, што грошы раскрадаюцца, а прагнозныя паказчыкі не выконваюцца. «Адзіным рэзервам Менска засталіся новыя дамоўленасці з Расеяй, якая ў абмен на нейкія актывы падоўжыць магчымасць пазбегнуць краху», - папярэджвае аналітык.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што ўзровень жыцця насельніцтва ў Беларусі адзін з самых нізкіх у Еўропе «пасля Малдовы і Косава», улады не могуць забяспечыць нават сярэднюю зарплату ў 500 даляраў. «Адміністрацыйна-камандная эканоміка без рэформаў не можа быць устойлівай у доўгатэрміновай перспектыве, гэта аксіёма», - перакананы Яўген Прэйгерман. Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі, на яго думку, складаная, яе крах можа наступіць нечакана, і такія ўзрушэнні не выключаюць змены кіраўніцтва краіны.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках