Палажанка: У чацвер будзем шукаць Дашкевіча па турмах
7- 31.10.2012, 16:17
Лідэра «Маладога фронту» Зміцера Дашкевіча могуць прывезці ў турму па этапе на працягу двух дзён.
31 кастрычніка ў Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС не казалі, у якую турму накіруюць палітвязня, перадае «Радыё Свабода».
Напярэдадні, 30 кастрычніка, выязны суд вырашыў накіраваць палітвязня да канца тэрміну ў крытую турму. Нявеста Дашкевіча Наста Палажанка патлумачыла, як звычайна становіцца вядома аб месцы адбывання пакарання:
- Згодна з турэмнымі правіламі, гэта павінна стаць вядома тады, калі зняволены прыедзе ў турму. І пасля гэтага адміністрацыя адправіць сваякам ліст, у якім паведамляе, дзе ён знаходзіцца. У дадзеным выпадку такі ліст будзе накіраваны бацьке Дашкевіча. Мы, са свайго боку, будзем тэлефанаваць у турмы, хоць і зразумела, што нічога казаць нам не будуць. Вядома, што этап з Мазыра да Гродна ідзе праз Баранавіцкае СІЗА два дні. У Жодзіна - хутчэй. Таму ў чацвер раніцай будзем прасіць людзей, якія жывуць у Гродне і Жодзіна, каб наўпрост ішлі да турмаў і пыталіся там пра Дашкевіча. Думаю, такую інфармацыю павінны даць, - распавяла Палажанка.