26 лiстапада 2024, aўторак, 23:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянцін Стэфановіч: Дашкевіча хочуць маральна знішчыць

7
Валянцін Стэфановіч: Дашкевіча хочуць маральна знішчыць

Новы суд над палітвязнем - чарговая мера для ізаляцыі лідэра «Маладога фронту», лічыць праваабаронца.

«Гэта яшчэ адзін крок з шэрагу ціску на палітычных зняволеных. Улады прымаюць чарговыя меры для ізаляцыі лідэра «Маладога фронту», - сказаў у інтэрв'ю сайту charter97.org намеснік кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

«Трэба нагадаць, што Зміцер Дашкевіч - чацвёрты палітвязень, якому рэжым змяняюць на больш жорсткі. Акрамя яго, рэжым узмацнілі Мікалаю Аўтуховічу, Мікалаю Статкевічу і Яўгену Васьковічу», - распавёў праваабаронца.

Па словах праваабаронцы, беларускія ўлады могуць цяпер не спадзявацца на пацяпленне ў адносінах з Еўропай:

«Улады не робяць яких-небудзь крокаў для вырашэння праблемы з палітвязнямі ў краіне, а толькі пагаршаюць іх становішча. Таму рэжым можа не чакаць паляпшэння адносін з Еўразвязам. Пазіцыя ЕЗ у гэтым жорсткая - пакуль у нашай краіне застаюцца палітвязні, ніякіх кантактаў з Беларуссю быць не можа. Вызваленне палітвязняў - гэта папярэдняя ўмова, без якой ніякага пацяплення ў адносінах з Еўропай быць не можа».

Лёс Зміцера Дашкевіча хвалюе праваабаронцаў больш за ўсё, адзначыў Валянцін Стэфановіч.

«Усё залежыць ад улад Беларусі. Мы настойваем на неадкладным вызваленні ўсіх палітычных зняволеных, і Зміцера Дашкевіча ў прыватнасці. Яго сітуацыя нас хвалюе больш за ўсё. На Дашкевіча ідзе вельмі моцны прэсінг. Лідэр «Маладога фронту» фактычна ўвесь час свайго зняволення знаходзіцца ў ШЫЗА або ПКТ. Яму дадалі год зняволення, а цяпер хочуць перавесці ў турму строгага рэжыму. Відавочна, што Дашкевіча хочуць знішчыць маральна, зламаць. І сёння ёсць пагрозы яго жыццю і здароўю», - кажа Стэфановіч.

«Зміцер Дашкевіч прызнаны вязнем сумлення міжнароднай арганізацыяй Amnesty international, ён з'яўляецца палітвязнем і па вызначэнню Савета Еўропы. Лідэра «Маладога фронту» асудзілі не за злачынства, ён павінен быць неадкладна вызвалены», - дадаў праваабаронца.

Нагадаем, 30 кастрычніка адбудзецца выязное пасяджэнне мазырскага суда па справе Зміцера Дашкевіча. Лідэра «Маладога фронту» могуць перавесці з мазырскай калоніі ў турму строгага рэжыму. Прычына - тое, што Зміцера Дашкевіча прызналі «злосным парушальнікам».

Старшыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч у 2011 годзе быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі па артыкуле аб хуліганстве. Нібыта за дзень да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года разам з маладафронтаўцам Эдуардам Лобавым ён збіў на вуліцы выпадковых мінакоў. Дашкевіч у судзе віны не прызнаў і назваў інцыдэнт правакацыяй спецслужбаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках