27 лiстапада 2024, Серада, 7:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вернер Шульц: ЕЗ павінен перастаць фінансаваць дыктатарскі рэжым

17
Вернер Шульц: ЕЗ павінен перастаць фінансаваць дыктатарскі рэжым

Еўразвяз павінен пашырыць санкцыі на ўсіх «кашалькоў» Лукашэнкі.

Дзяржавы-удзельнікі ЕЗ павінны падняцца над нацыянальнымі інтарэсамі для таго, каб ліквідаваць каналы, якія рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае для свайго фінансавання.

Пераслед актывістаў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці з'яўляецца характэрнай рысай паўсядзённага жыцця ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў снежні 2010 года. Дзесяткі людзей, чыім адзіным «злачынствам» былі заклікі да выканання дэмакратычных норм, былі кінутыя ў турмы. Многіх там катавалі з мэтай атрымання патрэбных паказанняў, піша член Камітэта па міжнародных справах Еўрапарламента Вернер Шульц у выданні Public Service Europe (пераклад - charter97.org).

Стратэгія Еўрапейскага Звяза зараз складаецца з двух напрамкаў: ціск на рэжым і падтрымка грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі. На апошняе былі накіраваны шматлікія ініцыятывы. Дапамога беларускай грамадзянскай супольнасці вырасла ў 4 разы - да € 19 мільёнаў, вядуцца дыскусіі аб спрашчэнні выдачы віз. Для ўзмацнення ціску на рэжым ЕЗ у пачатку 2011 і ў сакавіку 2012 гадоў увёў для шэрагу беларускіх чыноўнікаў забароны на ўезд і замарозіў іх актывы. У кастрычніку Савет ЕЗ падоўжыў санкцыі ў дачыненні да 243 асоб і 32 кампаній з Беларусі.

Але санкцыі ЕЗ не спынілі парушэнняў, фактычна яны праваліліся. Міністр унутраных спраў Беларусі ездзіў на канферэнцыю Інтэрпола ў Ліёне ў мінулым годзе. Сыны Лукашэнкі, унесеныя ў «чорны спіс», спакойна ездзяць па свеце ў якасці членаў Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Беларусі. Замарожванне рахункаў - асабліва ў некаторых краінах ЕЗ - таксама спрэчнае пытанне. Ніхто ў Еўрапейскай камісіі не ведае дакладна, якія менавіта сродкі былі заблакаваныя тым ці іншым банкам.

Акрамя таго, нягледзячы на палітычную ізаляцыю, гандаль паміж ЕЗ і Беларуссю квітнее. Беларускі экспарт у краіны Еўразвяза вырас на 221 адсотак у мінулым годзе. Толькі ў першым паўгоддзі гэтага года еўрапейскія краіны падарылі Лукашэнке $ 8 мільярдаў прыбытку ад знешняга гандлю з ЕЗ, аб'ёмы якога значна перавышаюць беларускі экспарт у Расею.

Бізнэс квітнее і ў іншых напрамках - напрыклад, у інвестыцыях ад брытанскіх і нямецкіх банкаў і кампаній.

Як правіла, добрыя паказчыкі гандлю з'яўляюцца ключом да эканамічнай стабільнасці і да росквіту краіны. Але з-за таго, што тавары і прыбытак сканцэнтраваны ў руках рэжыму, гандаль умацоўвае ў першую чаргу існуючую сістэму. З гандлёвым дэфіцытам у 4,5 мільярда ЕЗ быў галоўнай апорай Лукашэнкі ў 2011 годзе, што, у выніку, забяспечыла яго выжыванне.

Еўропа павінна прыняць больш мэтанакіраваныя дзеянні.

Фактычна алігархаў, якія забяспечваюць важны для рэжыму экспарт і прыток замежнага капіталу ў краіну, не так ужо і шмат. У многіх выпадках гэта былыя функцыянеры спэцслужбаў. Эканамічныя санкцыі супраць Лукашэнкі і яго «кашалькоў» могуць мець жаданы эфект. Беларускі рэжым не зможа іх абыйсці за кошт пашырэння адносінаў з Расеяй, таму што практычна ўвесь экспарт арыентаваны на Захад, у першую чаргу ў такіх важных галінах, як вытворчасць калійных угнаенняў і нафтаперапрацоўка.

Але дзяржавы-члены ЕЗ падзеленыя і эгаістычныя, калі справа даходзіць да ўнясення большай колькасці «кашалькоў» Лукашэнкі ў «чорны спіс». Латвія з'яўляецца асноўным імпарцёрам беларускіх нафтапрадуктаў і ў мінулым блакавала прыняцце санкцый, што дазволіла лукашэнкаўскім алігархам зарабляць грошы на канрабандзе нафтапрадуктаў. Санкцыі ЕЗ, якія былі прынятыя вясной, не распаўсюдзіліся на шэраг кампаній, якія належаць блізкаму да Лукашэнкі алігарху Юрыю Чыжу. Сярод іх «Трайплэнерга», «Белнафтагаз» і «Неанафта». Таксама ў спіс не патрапіла Mamas D, сумеснае прадпрыемства ў Латвіі, якое робіць «біядызель» шляхам змешвання рускага дызеля з біядабаўкамі. Славенія абараніла іншую кампанію Чыжа, якая мела кантракты ў славенскай будаўнічай галіне.

Еўрапейскія краіны павінны пераадолець свае нацыянальныя інтарэсы і перакрыць каналы, якія рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае для свайго фінансавання. Гэта тое, чаго хочуць у беларускай апазіцыі. І для Еўропы такія крокі будуць паслядоўным прасоўваннем фундаментальных каштоўнасцей - такіх, як правы чалавека і дэмакратыя.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках