27 лiстапада 2024, Серада, 5:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Францыя ўважліва сочыць за Лукашэнкам

36
Францыя ўважліва сочыць за Лукашэнкам

Новы ўрад Французскай Рэспублікі сур'езна зацікавіўся сітуацыяй у Беларусі.

З 14 па 20 кастрычніка па запрашэнні Міністэрства замежных спраў Францыі праходзіў візіт у Парыж галоўнага рэдактара сайта charter97.org Наталлі Радзінай. У рамках візіту журналістка сустрэлася з саветнікам па міжнародных адносінах прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда Рамэнам Надалем, кіраўніком Камітэта па замежных справах Нацыянальнай Асамблеі Францыі Элізабэт Гігу, амбасадарам па правах чалавека Міністэрства замежных спраў Францыі Франсуа Зімерэ, кіраўніком Дэпартамента ЮНЕСКА па свабодзе слова і развіцця СМІ Сілві Кудрэй, кіраўнікамі фонду былога прэзідэнта Францыі Жака Шырака, кіраўніком групы беларуска-французскай дружбы Жэральдам Дарманінам, кіраўнікамі ўпраўленняў па пытаннях глабалізацыі, развіцця і партнёрства, перспектыўнага прагназавання, місіі па пытаннях дэмакратычнага кіравання МЗС Францыі, дэпутатамі Нацыянальнай Асамблеі.

«Тэму Беларусі Францыя нібы адкрывала зноўку. Падобна на тое, што з новым прэзыдэнтам Франсуа Аландам Французская Рэспубліка зацікавілася, што ж адбываецца на межах Еўразвяза. Галоўная задача была данесці да французскіх палітыкаў інфармацыю пра становішча палітвязняў, якіх сёння літаральна знішчаюць у турмах, пра атмасферу ў краіне, якая склалася пасля 19 снежня 2010 года, пра неабходнасць звярнуць увагу на дыктатуру ў Еўропе, якая нясе небяспеку не толькі сваім грамадзянам, з якімі бязлітасна распраўляецца за любое іншадумства, але і ўяўляе пагрозу міру, паколькі прадае зброю краінам-ізгоям і тэрарыстычным арганізацыям, а таксама будуе АЭС на мяжы з Еўразвязам, што дазволіць Лукашэнке мець яшчэ і радыелагічную зброю. Пакуль Захад дэманструе бяссілле перад Лукашэнкам, дыктатура аказвае негатыўны ўплыў на палітычны клімат у суседніх Украіне і Расеі, кіраўнікі якіх бяруць на ўзбраенне метады і маніпуляцыі Лукашэнкі. Беларусь сёння не толькі апошняя дыктатура, але і ганьба Еўропы», - адзначыла Наталля Радзіна.

Падчас сустрэч з французскімі палітыкамі, дыпламатамі і грамадскімі дзеячамі было заяўлена, што падаўжэнне Саветам Еўразвяза ўжо існуючых санкцый у дачыненні да беларускай дыктатуры недастаткова эфектыўна. Неабходна ўвядзенне новых абмежавальных мер, паколькі толькі візавыя санкцыі не аказваюць належнага ціску на беларускіх чыноўнікаў, да таго ж некаторым з іх, як кіраўніку МУС Беларусі Ігару Шуневічу, старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай і новаму міністру замежных спраў Уладзіміру Макею атрымалася наведаць у апошні час Ліён, Вену і Нью-Йорк. Санкцыі ж толькі супраць траіх алігархаў Лукашэнкі таксама недастатковыя. Пад іх не патрапілі найбольш прыбытковыя іх прадпрыемствы, да таго ж алігархі пачынаюць абыходзіць уведзеныя санкцыі. Спіс бізнесменаў, якія спансуюць рэжым Лукашэнкі, значна больш вялікі, і неабходна ўвядзенне санкцый супраць іх усіх.

На думку Радзінай, таксама неабходна ўвядзенне мэтавых эканамічных санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму, у прыватнасці, увядзенне эмбарга на пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. Нафтапрадукты і калій з'яўляюцца асноўнымі артыкуламі беларускага экспарту ў Еўропу, пры гэтым кантралюецца гэты бізнэс выключна сям'ёй Аляксандра Лукашэнкі, яго алігархамі, чыноўнікамі і спецслужбамі. Купляючы беларускія нафтапрадукты і калій, Захад спансіруе дыктатарскі рэжым і яго рэпрэсіўны апарат разам з Расеяй.

Дарадца прэзідэнта Францыі па міжнародных адносінах Рамэн Надаль на сустрэчы з Наталляй Радзінай прадэманстраваў глыбокае разуменне сітуацыі ў Беларусі. Палітык адзначыў, што новы ўрад рэспублікі ўсведамляе неабходнасць санкцый і «жорсткай размовы» з рэжымам Лукашэнкі. Пры гэтым, паводле яго слоў, Францыя мае намер самым актыўным чынам падтрымліваць змагароў за свабоду Беларусі.

На сустрэчы з амбасадарам па правах чалавека МЗС Францыі Франсуа Зімерэ падрабязна абмяркоўваліся сітуацыя з палітычнымі зняволенымі і катаванні ў дачыненні да вязняў сумлення. Амбасадар па правах чалавека заявіў пра намер наведаць беларускія турмы і сустрэцца з палітвязнямі і іх сем'ямі. Адпаведны запыт ён ужо накіраваў у амбасаду Беларусі. Таксама Франсуа Зімерэ, у мінулым вядомы адвакат, пагадзіўся ўдзельнічаць у выпрацоўцы міжнароднага механізму прыцягнення да крымінальнай адказнасці асоб, якія маюць дачыненне да палітычных рэпрэсій у Беларусі.

Пытанне неабходнасці жорсткіх санкцый, а таксама адмены правядзення ў Менску Чэмпіянату свету па хакеі абмяркоўвалася з кіраўніком Камітэта па міжнародных справах Нацыянальнай Асамблеі Элізабэт Гігу. Наталля Радзіна адзначыла, што супраць правядзення гэтага чэмпіянату ў дыктатарскай Беларусі ўжо выступілі Еўрапарламент, Кангрэс ЗША, бундэстаг Германіі і неабходна, каб з такой жа ініцыятывай выступіў французскі парламент.

На сустрэчах з дэпутатамі Нацыянальнай Асамблеі Францыі журналістка пералічыла рэпрэсіўныя законы, прынятыя беларускім нелегітымным «парламентам» (аб масавых мерапрыемствах, аб незарэгістраваных арганізацыях, аб замежнай дапамозе, аб тэрарызме і экстрэмізме, аб дзейнасці КДБ, аб паклёпе і абразе прэзідэнта РБ і т. д .), а таксама распавяла аб забойстве віцэ-спікераў апошняга законнага парламенту Беларусі - Вярхоўнага Савета - Генадзя Карпенкі і Віктара Ганчара, заклікаўшы французскіх парламентарыяў не супрацоўнічаць з беларускімі прызначэнцамі ад улады.

Акрамя ўзмацнення ціску на рэжым Лукашэнкі, рэдактар charter97.org заклікала французскіх палітыкаў увесці бясплатныя візы беларускім грамадзянам. Гэты крок, на яе думку, можа істотна змяніць настроі ў беларускім грамадстве, паколькі большасць беларусаў да гэтага часу не разу не наведалі Еўразвяз.

Таксама журналістка звярнула ўвагу французскіх палітыкаў на неабходнасць кантраляваць расходаванне сродкаў на падтрымку беларускай апазіцыі. Пры тым, што Еўразвяз заяўляе аб павелічэнні фінансавання апазіцыі, дапамога арганізацыям, якія змагаюцца за правы чалавека і незалежныя СМІ, яўна недастатковая. Большасць сродкаў ЕЗ расходуецца на мерапрыемствы далёка не першай неабходнасці: розныя культурныя праекты, адукацыйныя праграмы, семінары і канферэнцыі, у той час як у дыктатарскай краіне, у першую чаргу, павінны падтрымлівацца менавіта арганізацыі, якія змагаюцца за захаванне праў чалавека.

Тэма палітычных рэпрэсій і катаванняў у турмах абмяркоўвалася падрабязна таксама падчас сустрэч з прэзідэнтам Міжнароднай Федэрацыі праў чалавека Суэр Белхасен, кіраўнікамі Асацыяцыі хрысціян па прадухіленні катаванняў (ACAT), арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», палітолагамі, рэдактарамі і журналістамі агенцтва AFP, газет «Le Mond» і «Le Figaro».

МЗС Францыі таксама арганізаваў паездку Наталлі Радзінай у Брусэль, каб тэма санкцый, бясплатнага візавага рэжыму і падтрымка дэмакратычнай Беларусі таксама прагучала падчас сустрэч у Еўрапарламенце і Савеце Еўразвяза.

З дарадцам па міжнародных адносінах прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда Рамэнам Надалем.

C амбасадарам па правах чалавека Міністэрства замежных спраў Францыі Франсуа Зімерэ.

З кіраўніком групы беларуска-французскай дружбы Жеральдам Дарманінам.

C кіраўніком Камітэта па замежных справах Нацыянальнай Асамблеі Францыі Элізабэт Гігу.

C прэзідэнтам Міжнароднай Федэрацыі праў чалавека Суэр Белхасен каля мэрыі Парыжа. Праваабаронца Алесь Бяляцкі нядаўна стаў ганаровым грамадзянінам сталіцы Францыі.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках