Васьковіч паўгода атрымлівае лісты толькі ад сваякоў
- 22.10.2012, 12:10
У лісце да галоўнага рэдактара «Бобруйского курьера» Анатоля Санаценкі палітвязень паскардзіўся, што з сярэдзіны сакавіка ён атрымліваў карэспандэнцыю толькі ад сваіх сваякоў.
Паводле інфармацыі прэс-службы БАЖ, галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка атрымаў ліст ад журналіста яго газеты Яўгена Васьковіча, які зараз знаходзіцца ў турме № 4 г. Магілёва. Гэта першы ліст ад палітвязня за тыя амаль два гады, якія ён правёў у СІЗА, калоніі і турме.
Між тым, Анатоль Санаценка неаднаразова пісаў Васьковічу, віншаваў яго з Новым годам і Днём народзінаў. Але яго карэспандэнцыя да адрасата не даходзіла.
Гэта ў сваім лісце пацвярджае і сам Васьковіч. Скардзіцца на тое, што, напрыклад, з сярэдзіны сакавіка гэтага года і да апошняга часу ён атрымліваў карэспандэнцыю толькі ад сваіх сваякоў.
Сітуацыя трохі змянілася ў верасні, калі адміністрацыя турмы перадала яму лісты ад маладога паэта Яна Грыба, а таксама ад Насты Палажанка.
Палітвязень дзякуе ўсіх, хто яму дапамагае, падтрымлівае яго. І - перадае ўсім «шчырае прывітанне і самыя цёплыя пажаданні».
У жніўні 2012 года Анатоль Санаценка звярнуўся з заявай да старшыні абласной грамадскай назіральнай камісіі Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама Віктара Сідарэнкі з просьбай аднавіць грамадзянскія правы палітвязня, журналіста Яўгена Васьковіча.
Кіраўнік «БК» паскардзіўся на тое, што Васьковіч абмежаваны ў правах на атрыманне і адпраўку карэспандэнцыі.
14 верасня Сідарэнка сустрэўся і пагутарыў з Яўгенам Васьковічам.
А праз некалькі дзён, каб «праверыць сувязь», Анатоль Санаценка паслаў Васьковічу свой новы ліст. Паабяцаўшы ў выпадку адмоўнага выніку пісаць палітвязню кожны тыдзень, вывешваючы лісты ў інтэрнэце.