27 лiстапада 2024, Серада, 7:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Le Figaro аб сталінскім рэжыме ў цэнтры Еўропы

28
Le Figaro аб сталінскім рэжыме ў цэнтры Еўропы

Французская газета напісала пра адчайнае становішча ў Беларусі.

Беларусь - невялікая краіна з насельніцтвам у 9 з паловай мільёнаў чалавек - застаецца анахранізмам ў цэнтры Еўропы. Журналістка Наталля Радзіна пераканалася ў гэтым на ўласным вопыце. 19 снежня 2010 года падчас асвятлення дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў міліцыянты і супрацоўнікі спецслужбаў збівалі яе нагамі перад тым, як кінуць у турму. Тады былі арыштаваныя больш за 700 чалавек, піша французскае выданне Le Figaro (пераклад - charter97.org).

У турме Наталля правяла паўтара месяца, там яна часта чула крыкі іншых затрыманых, якіх катавалі.

Зараз журналістка знаходзіцца ў Парыжы па запрашэнні Міністэрства замежных спраў Францыі. Яна распавядае пра адчайнае становішча грамадзянскіх актывістаў у Беларусі. У студзені 2011 года яе выпусцілі з турмы і пасадзілі пад хатні арышт у невялікім мястэчку Кобрын. Праз два месяцы пасля гэтага з дапамогай сяброў ёй удалося бегчы, знайсці прытулак у Расеі, а затым перабрацца ў Літву.

Зараз Наталля Радзіна працягвае рэдагаваць інфармацыйны сайт charter97.org. Сайт з аўдыторыяй больш за 100 тысяч унікальных наведвальнікаў працуе з Варшавы. У верасні 2010 года яго заснавальнік, журналіст Алег Бябенін быў знойдзены павешаным у сваім доме пад Менскам. Міліцыя паведаміла пра самагубства. Варта адзначыць, што Алег Бябенін стаяў на каленях.

У Беларусі фізічнае знікненне і выкрадання апанентаў рэжыму з'яўляюцца звычайнай практыкай для падтрымання тэрору. «Лукашэнка здушыў любыя формы пратэсту, - кажа Наталля. - Яго апаненты альбо ў турме, альбо пад хатнім арыштам, прэса ў намордніку, а незалежныя НАА забараняюцца». Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», найбуйнейшай арганізацыі па абароне праў чалавека ў Беларусі, цяпер знаходзіцца ў турме па абвінавачванні ва «ухіленні ад выплаты падаткаў».

У пачатку кастрычніка НАА «Платформа», якая расследавала факты самагубстваў зняволеных, была вымушана спыніць сваю дзейнасць пасля абвінавачванняў у «падатковых злачынствах». «Палітычныя вязні ўяўляюць сабой прадмет гандлю для Лукашэнкі, - кажа Наталля. - Ён выкарыстоўвае зняволеных для таго, каб дамагчыся саступак ад Еўрапейскага Звяза ў абмен на іх вызваленне». Многія з іх выходзяць на свабоду са здароўем, падарваным умовамі ўтрымання, якія не змяніліся з часоў сталінскай эпохі. Акрамя псіхалагічнага і фізічнага ціску палітвязні падвяргаліся пагрозам згвалтавання. Таксама іх прымушалі доўга знаходзіцца пры мінусовай тэмпературы.

Наталля не хавае пачуцці разгубленасці і абурэння тым, што ЕЗ трывае дыктатуру каля сваіх межаў, жорстка асуджаючы пры гэтым дэспатаў у арабскіх краінах.

У панядзелак у Брусэлі вырашылі падоўжыць на адзін год санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якія складаюцца ў замарожванні актываў і забароне на ўезд у ЕЗ у дачыненні да 243 чыноўнікаў і алігархаў. Гэтага недастаткова, лічыць Наталля. Неабходна мэтавае замарожванне эканамічных кантактаў. Нягледзячы на санкцыі, па яе словах, «гандаль паміж ЕЗ і Беларуссю павялічыўся дзякуючы перапродажу нафтапрадуктаў». Нафта з'яўляецца асновай беларускай эканомікі. Яе купляюць у Расеі па льготных расцэнках, перапрацоўваюць і прадаюць на Захад. Менавіта грошы, атрыманыя ад гэтага перапродажу, ідуць на падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

Наталля таксама кажа пра неабходнасць дапамогі беларускай апазіцыі з боку ЕЗ. Пры гэтым яна перасцерагае ад таго, што гэтая дапамога можа патрапіць у рукі псэўдадэмакратычных структур, якія кантралююцца ўладамі.

А для таго, каб адкрыць для беларусаў дэмакратычныя каштоўнасці, дастаткова, па словах журналісткі, даць ім магчымасць атрымання бясплатных шэнгенскіх віз.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках