27 лiстапада 2024, Серада, 7:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянцін Стэфановіч: Еўразвяз чакае крокаў у адказ ад Лукашэнкі

4
Валянцін Стэфановіч: Еўразвяз чакае крокаў у адказ ад Лукашэнкі

Савет міністраў ЕЗ не ўвёў новыя санкцыі, чакаючы вызвалення палітвязняў, лічыць праваабаронца.

«Я думаю, яны не захацелі ўводзіць новыя санкцыі, спадзеючыся на новыя крокі ўлады Беларусі, спадзеючыся на вызваленне палітвязняў. Еўразвяз прадэманстраваў, што чакае крокаў у адказ», - распавёў у інтэрв'ю сайту charter97.org намеснік кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Еўразвяз адзначыў і пазітыўныя дзеянні рэжыму, лічыць Валянцін Стэфановіч. «Паколькі не было выканана галоўнае патрабаванне Еўразвяза - вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў, ЕЗ падоўжыў санкцыі на год. Савет міністраў ЕЗ адзначыў пазітыўныя моманты, такія як вызваленне Сяргея Каваленкі і Паўла Сырамалотава. Але міністры Еўразвяза назвалі непрымальным тое, што палітвязняў пад ціскам прымушаюць пісаць прашэнне аб памілаванні. Гэта тое, пра што мы ўвесь час кажам. Мы патрабуем безумоўнага і неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў».

Па словах праваабаронцы, ці зробіць Лукашэнка крокі ў адказ, залежыць ад таго, як будуць развівацца адносіны яго з Расеяй. «Пагаршэнне адносін Беларусі з Расеяй з-за растваральнікавай кантрабанды, на маю думку, штурхае Лукашэнку ў накірунку да Захаду. Можа быць, улады будуць нешта рабіць для паляпшэння адносін з ЕЗ. Але сітуацыя не дойдзе да ўзроўню лібералізацыі 2008 года. Лукашэнка баіцца такой адлігі, ён баіцца страціць кантроль. А яму вельмі хочацца адчуваць, што ён можа ўсё кантраляваць».

Валянцін Стэфановіч спадзяецца на лепшае: «Я спадзяюся, што ўсе палітвязні будуць вызваленыя, можа быць, нават да Новага года».

Нагадаем, 15 кастрычніка на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕЗ у Люксембургу былі падоўжаныя санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і яго атачэння да 31 кастрычніка 2013 года.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках