2 лiстапада 2024, Субота, 16:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ падоўжыў санкцыі супраць беларускага дыктатара

48
ЕЗ падоўжыў санкцыі супраць беларускага дыктатара

Савет міністраў ЕЗ падоўжыў санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і яго атачэння да 31 кастрычніка 2013 года.

Адпаведнае рашэнне прынята 15 кастрычніка на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕЗ у Люксембургу, піша БелаПАН.

Тэкст рашэння размешчаны на афіцыйным сайце Савета Еўразвяза.

У дакуменце адзначаецца, што савет зноў паўтарае свой заклік неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў у Беларусі. Савет расцэньвае вызваленне віцебскага актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленкі «як пазітыўны сігнал, але шкадуе, што гэта было выклікана просьбай да Лукашэнкі за памілаваннем». Акрамя таго, савет выказвае занепакоенасць з нагоды інфармацыі аб дадатковых турэмных тэрмінах і паведамленняў аб неналежным абыходжанні з палітвязнямі.

Савет зноў заклікае ўлады Беларусі спыніць пераслед грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі і незалежных СМІ, а таксама заклікае Менск супрацоўнічаць з нядаўна прызначаным спецдакладчыкам Савета ААН па правах чалавека па сітуацыі ў Беларусі.

«Так як не ўсе палітвязні былі вызваленыя, а вызваленыя вязні не былі рэабілітаваныя, а таксама з прычыны адсутнасці паляпшэнняў у сферы павагі да праў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў савет прыняў рашэнне падоўжыць дзеянне абмежавальных мер да 31 кастрычніка 2013 года», - гаворыцца ў рашэнні .

Савет ЕЗ заклікае Беларусь у поўнай меры паважаць міжнародна прызнаныя дыпламатычныя прывілеі і імунітэт дыппрадстаўніцтваў краін ЕЗ і іх супрацоўнікаў у Беларусі, у тым ліку дазваляючы ім паўнавартасна выконваць свае функцыі.

Савет Еўразвяза зноў заяўляе аб прыхільнасці развіваць адносіны з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю, у тым ліку праз ініцыятыву «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі».

Акрамя таго, Еўразвяз гатовы пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і пагадненні аб рэадміссіі, што дазволіць актывізаваць кантакты паміж людзьмі і пойдзе на карысць беларускім грамадзянам. Савет выказвае шкадаванне, што беларускія ўлады да гэтага часу не адказалі на гэтую прапанову, агучаную Еўракамісіяй яшчэ ў чэрвені 2011 года.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках