2 лiстапада 2024, Субота, 1:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Волчак: «На Акрэсціна галадаюць расейцы»

31
Алег Волчак: «На Акрэсціна галадаюць расейцы»

Праваабаронца паведаміў, што ў турме на Акрэсціна шмат нелегалаў, двое грамадзянаў Расеі трымаюць галадоўку.

Алег Волчак, які выйшаў сёння на волю пасля 4 сутак арышту, паведаміў, што ўмовы, у якіх яму давялося адбываць арышт, можна параўнаць з катаваннямі.

«Самае цяжкае выпрабаванне - гэта холад. У камеры было не больш за 16 градусаў цяпла. Увесь час з крана цякла вада і таму было вельмі праблематычна спаць. Холад і гэты бясконцы гук...», - сказаў праваабаронца.

Па словах кіраўніка цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву», у цяперашні час міліцыя праводзіць аперацыю «Нелегал». Справы некаторых затрыманых цягнуцца вельмі доўга. Так, расейцы, якія абвясцілі галадоўку, сядзяць на Акрэсціна больш за 40 дзён.

Алег Волчак распавёў, што ў камеры, дзе ён знаходзіўся да адпраўкі ў суд, ён праводзіў «палітінфармацыі». «Мяне вельмі здзівіла, наколькі ў нас палітызаванае грамадства. Калі я сказаў бамжам, што я палітычны, то яны ў мяне адразу запыталіся: «А вы з АГП ці сацыял-дэмакрат?». Людзі вельмі дрэнна ставяцца да ўладаў, прычым, незалежна ад іхняга статусу».

Праваабаронца заявіў, што камеры ў ізалятары на вуліцы Акрэсціна трэба тэрмінова рамантаваць. «На сценах камеры назапашваецца бруд. Гэта антысанітарыя. Пабітыя вокны, скразняк... Чаму нельга паставіць шклопакеты? У нас жа плануецца чэмпіянат па хакеі. У камеры ж могуць патрапіць нейкія заўзятары на падпітку. Рознае ж бывае. І вось тады яны ўбачаць, у якіх нечалавечых умовах трымаюць людзей. Гэта ж свінства. Спаць на падлозе без матрацаў - гэта наогул дзікунства. Там ва ўсіх адна задача - выжыць і выйсці на волю. Трэба з гэтым нешта рабіць», - сказаў ён у інтэрв'ю газеце «Народная воля».

Алег Волчак прычынай свайго арышту назваў «палітызацыю праваабаронцаў». «Мне падаецца, што ў апошні час праваабаронцы сталі занадта палітызаванымі і гэта прыцягнула да іх увагу з боку сілавых структур», - растлумачыў Алег Воўчак.

30 студзеня Цэнтральны суд Менску арыштаваў Алега Волчака на 4 сутак. Яго прызналі вінаватым у дробным хуліганстве.

Алега Волчака затрымалі 27 студзеня на вуліцы і адвезлі ў міліцыю Цэнтральнага раёна. Там склалі пратакол аб дробным хуліганстве - нібыта ён мацюкаўся на вуліцы.

Да інцыдэнту праваабаронца быў на пошце, адпраўляў адтуль газету «Народная воля» для праваабаронца Івана Крука з Астраўца.

Алег Волчак пасля вяртання з Афганістана працаваў у органах пракуратуры, быў следчым па асабліва важных справах. У канцы 1990-х гадоў кіраваў Цэнтрам прававой дапамогі насельніцтву, які страціў рэгістрацыю пасля актыўнай абароны ахвяр трагедыі на Нямізе ў 1999 годзе.

Пад час прэзідэнцкіх выбараў 2006 года Алег Волчак быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, асуджанага на 5 з паловай гадоў пазбаўлення волі. Пасля актыўна дапамагаў асуджанаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу. Актыўны ўдзельнік шматлікіх кампаній за вызваленне палітвязняў, у тым ліку вязняў Плошчы.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках