Арыштаваны праваабаронца Алег Волчак
123- 27.01.2012, 16:24
Па апошняй інфармацыі, Волчака абвінавачваюць у дробным хуліганстве. Суд адбудзецца ў панядзелак.
Недзе ў 15:35 на вуліцы быў затрыманы праваабаронца Алег Волчак.
Знаёмыя Волчака паведамілі ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук, што да яго падышоў міліцыянт, каб праверыць дакументы. Праваабаронца паспеў паведаміць, што цяпер ён знаходзіцца ў Маскоўскім РУУС. Тэлефанаванні ён скідае, піша «Наша Ніва».
Ёсць верагоднасць, што зараз у яго дома будзе праведзены ператрус. Алег Волчак - былы афганец, пасля працаваў у пракуратуры.
Пасля сыходу з дзяржаўных органаў займаўся гучнымі справамі. Прычым не толькі палітвязнямі, але звязанымі з арыштаванымі сілавікамі.
Ён актыўна дапамагаў Аляксандру Казуліну, а пасля Мікалая Аўтуховічу, з якім яго аб'ядноўвае афганскі досвед.
Дзейнасць Волчака не раз выклікала зласлівую рэакцыю лукашэнкаўскіх СМІ. У ягонай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» рэгістрацыю забралі яшчэ ў 2003 годзе. Цяпер справа аб ліквідацыі «Прававой дапамогі» знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека.