Міліцыя вырашыла «замяць» выкраданне актывістак FEMEN
34- 19.01.2012, 12:15
Беларуская міліцыя скончыла «праверку» па інцыдэнце з актывісткамі ўкраінскай арганізацыі FEMEN.
Як паведамілі БелТА ў МУС Беларусі, праверка праводзілася Ельскім РАУС. Па яе выніках ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена. «Інфармацыя, якую распаўсюджвалі ўдзельнікі незарэгістраванай украінскай арганізацыі, не пацвердзілася», - растлумачылі ў міліцэйскім ведамстве.
Нагадаем, што актывістак FEMEN выкралі 19 снежня ў Менску, пасля іхняй акцыі ля КДБ. Яны знайшліся амаль праз суткі ў невялікай вёсцы на беларуска-ўкраінскай мяжы. Жанчыны былі збітыя. Актывісткі распавялі, што іх усю ноч вазілі на аўтобусе з завязанымі вачыма, а потым высадзілі ў лесе, дзе «аблілі алеем, прымушалі распранацца, пагражалі падпаліць, пагражалі нажом, якім пазней адрэзалі валасы». Потым украінак пакінулі ў лесе голымі, папярэдне забраўшы ў іх усе дакументы і грошы. Акрамя таго, дзяўчаты сцвярджаюць, што ўсе здзекі над імі здымаліся на відэакамеру і лічаць, што гэта справа рук спецслужбаў Беларусі.