27 лiстапада 2024, Серада, 9:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацбанк угаворвае бізнес не набываць валюту

79
Нацбанк угаворвае бізнес не набываць валюту

Пробныя таргі напярэдадні адкрыцця дадсесіі на валютна-фондавай біржы павінныя адбыцца сёння.

Па іх выніках, а таксама пасля ўзгаднення з вышэйшым кіраўніцтвам краіны ўсіх дакументаў, будзе вызначаны дакладны тэрмін пачатку працы дадсесіі. У якасці найбольш верагоднай даты называецца 15 верасня. Між тым Нацбанк не губляе часу і прадпрымае спробы збіць першапачатковы ажыятажны попыт на валюту.

Як стала вядома «Беларускім навінам», 6 верасня ў Нацбанку прайшла нарада з удзелам камерцыйных банкаў, на якой як раз абмяркоўвалася тэма дадатковай біржавай сесіі. У час нарады банкам было рэкамендавана зарыентаваць кліентаў на тое, каб у першыя дні працы дадсесіі прадпрыемствы не куплялі шмат валюты. Па ўсёй бачнасці, Нацбанк разлічвае рэгуляваннем попыту паўплываць на стартавы курс рубля.

Эксперты жа лічаць, што Нацбанк займаецца глупствам і сумняюцца, што такія меры могуць апынуцца эфектыўнымі.

«Як можна жадаць вызначыць рынкавы курс і пры гэтым адначасова ў ручным рэжыме рэгуляваць попыт? Гэта сведчанне таго, што фінансавыя ўлады баяцца ўбачыць праўду, гэта значыць памер стартавага курсу», - лічыць эканаміст Сяргей Чалы.

Па прагнозах экспертаў, рэальнасць і сапраўды можа быць шакавальнай. Аналітыкі на поўным сур'ёзе мяркуюць, што ў першы дзень таргоў курс можа скласціся на ўзроўні 15-20 тысяч рублёў за даляр. Гэта будзе сур'ёзным ударам і па іміджы самога рубля, і тым больш па іміджы ўлады. Лагічна, што Нацбанк усяляк імкнецца не дапусціць такога рэзкага ўзлёту курсу.

Нацбанку не трэба прадпрымаць нейкіх крокаў, якія б стрымлівалі рост курсу, а наадварот - дазволіць гэтаму ўзлёту здарыцца, перакананы Сяргей Чалы.

«Калі курс ўзляціць, напрыклад, да 15 тысяч, то маса імпарцёраў проста адмовіцца ўдзельнічаць у гэтай гонцы. У выніку мы атрымаем дысбаланс попыту і прапановы ў бок прапановы. Сам рост кошту прыцягне прадаўцоў, і потым курс аўтаматычна будзе зніжацца. Нешта падобнае было ў 20 чыслах мая, калі курс узляцеў да 10 тысяч і потым апусціўся да 6 тысяч», - адзначае аналітык.

У любым выпадку, па ягоных словах, гэта будуць кароткатэрміновыя ваганні. Свае патрэбы задаволяць тыя, каму патрэбная валюта наўпрост зараз, і потым сітуацыя стабілізуецца ў лічаныя дні.

Аднак, мабыць, у Нацбанку не вераць, што курс ураўнаважыўся досыць хутка. Таму можна сцвярджаць, што рэгулятар свядома пойдзе на яго зніжэнне шляхам ажыццяўлення кропкавых інтэрвенцый.

Праўда, тут Нацбанк, на ягоны ўласны жаль, асабліва не разгуляецца.

За жнівень золатавалютныя рэзервы хоць і павялічыліся на 426 млн. даляраў, ці на 10,2% (на 1 верасня - 4 млрд. 604,3 млн. даляраў), але ў параўнанні з пачаткам года ЗВР скараціліся на 8,5%. Пры гэтым рэзервныя актывы непасрэдна ў замежнай валюце складаюць усяго 1 млрд. 796 млн. даляраў. Для паўнавартасных інтэрвенцый на падтрыманне курсу гэта, як лічаць аналітыкі, не так ужо і шмат.

Хіба што інтэрвенцыі будуць ажыццяўляцца не толькі з рэзерваў, на што, дарэчы, намякнула на днях кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова, паведаміўшы аб загадкавых крыніцах валюты. «Іх я пакуль назваць не магу. Яны ляжаць у нас на рахунках і не толькі ў рэзервах. Будуць і новыя крыніцы паступаць. У гэтым плане ўсё ў нас пралічана», - запэўніла яна.

Але гэтым пералік крокаў, прадпрымаемых Нацбанкам, можа не абмежавацца. Рэгулятар ужо заявіў, што аперацыі на міжбанкаўскім валютным рынку будуць практычна цалкам спыненыя. Мяркуецца, што пасля пачатак працы дадсесіі ўсю валюту юрасобам прыйдзецца купляць на біржы. Па словах банкіраў, на пазабіржавым рынку юрыдычныя асобы змогуць купіць не больш за 1000 умоўных адзінак.

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках