27 лiстапада 2024, Серада, 3:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тацяну Равяка выклікаюць на допыт

3
Тацяну Равяка выклікаюць на допыт

Дэпартамент фінансавых расследаванняў цікавіць, ці супрацоўнічала юрыстка з арыштаваным Алесем Бяляцкім і якое яна мае дачыненне да Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Допыт Тацяны Равяка адбудзецца заўтра ў 15 гадзін, сёння ж праваабаронца мае намер заключыць пагадненне з адвакатам. Юрыстка ўпэўненая: заўтрашні допыт - працяг следчых дзеянняў па справе Алеся Бяляцкага.

- Ляжала позва на 25 жніўня, але тады я не магла прыйсці, таму што я не ведала пра гэта. У пятніцу мне прыйшла яшчэ адна позва, але я патэлефанавала следчай Касынкінай, і мы дамовіліся на заўтра, на 15 гадзін. Сёння заключу дамову з адвакатам, так што следчыя дзеянні працягваюцца, - сказала Равяка «Радыё Рацыя».

Тым часам самі праваабаронцы на мінулым тыдні перадалі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў больш за 800 хадайніцтваў грамадзянаў аб вызваленні кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага. Па словах Тацяны Равяка, некаторым з паручальнікаў следчыя ўжо нават накіравалі афіцыйны адказ:

- Мы перадалі больш за 800 хадайніцтваў, адвакат іх далучыў да матэрыялаў справы. Людзі па-ранейшаму прыносяць хадайнiцтвы ці дасылаюць іх па пошце. Працэс працягваецца. Адказы прыходзяць індывідуальна, таму што ў паручальніцтве кожны піша свой хатні адрас. Яны рэгіструюцца ў ДФР следчай групай.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі быў затрыманы Дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі 4 жніўня. Бяляцкага абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў з грошай, накіраваных на дапамогу пацярпелым падчас міліцэйскіх рэпрэсій пасля 19 снежня. Ужо месяц вядомага праваабаронцу трымаюць у следчым ізалятары ў Менску.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках