27 лiстапада 2024, Серада, 3:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна ў «Гарачым каментары»

29

Рэдактарка сайту charter97.org разважае пра мажлівасць вызвалення кандыдата на пасаду кіраўніка Беларусі Андрэя Саннікава, у прэзідэнцкай кампаніі якога яна брала ўдзел.

Сама Наталля Радзіна мусіла збегчы з краіны: яна атрымала палітычны прытулак у Літве, паведамляе Белсат. І хоць крымінальную справу ў дачыненні яе закрылі, журналістка пакуль не бачыць магчымасці вярнуцца ў Беларусь: «Мне ніхто не растлумачыў, чаму 1,5 месяца я правяла за кратамі, чаму мяне выслалі са сталіцы, чаму ў Кобрыне я была пад наглядам міліцыі і КДБ, чаму падчас падзеяў на Плошчы мяне моцна збілі, хоць я выконвала прафесійныя абвязкі, і чаму не аддаюць 20 канфіскаваных у сайту камп'ютараў».

Справу ж Андрэя Саннікава яна называе расправаю над найбольш моцным супернікам Лукашэнкі: «Гэта асабістая помста дыктатара чалавеку, які мог зрабіцца прэзідэнтам». Пры гэтым яна падкрэслівае, што палітвязні пры Лукашэнку будуць заўсёды: гэта ягоны жывы тавар, таму Захаду не варта расслабляцца.

Рэдактарка сайту зазначае, што Захад заўсёды ставіў жорсткія ўмовы ўладам, але потым мусіў мірыцца з тым, што Беларусь іх не выконвае: «Цяпер, калі Захад патрабуе правядзення свабодных выбараў, пачынаем высвятляць – якіх. Аказваецца, парламенцкіх. То бок Захад зноў дае Лукашэнку пяць гадоў. Гэты чалавек ужо 17 гадоў абводзіць вакол пальца і Захад, Расею. Ён жыве на гэтых супярэчнасцях: ён Захад пужае тым, што пойдзе ў Расею, а Расею – тым, што пойдзе на Захад. Трэба ім разумець, што Лукашэнка – маньяк, мэта якога – улада, і ён ніколі не пойдзе ні ў адзін ні ў другі бок».

Версію пра тое, што Лукашэнка можа вызваліць Саннікава ў абмен на абяцанне апошняга пакінуць краіну і жыць у Балгарыі, Радзіна называе недарэчнаю: «Ён [Саннікаў] ніколі на гэта не пойдзе. [...] Ён з турмы заяўляў пра тое, што адзінаю тэмаю перамоваў апазіцыі з уладаю можа быць толькі адстаўка Лукашэнкі».

Пры гэтым сама Наталля Радзіна ўпэўненая, што Аляксандр Лукашэнка не пратрымаецца на сваёй пасадзе пяць гадоў. Яна абяцае вярнуцца ў Беларусь, як толькі адбудуцца змены і на свабоду выпусцяць Андрэя Саннікава. Гэта, паводле журналісткі, можа здарыцца праз 1–1,5 года.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках